Знакомьтесь: начальник районной инспекции по налогам и сборам Александр Мороз

14:42 / 10.07.2012

За шмат гадоў знаёмства з Аляксандрам Марозам, начальнікам раённай інспекцыі па падатках і зборах, я ніколі не бачыла яго раззлаваным, не ў гуморы – заўсёды і на ўсё ён рэагуе з гумарам – такое ўражанне, што ён працуе, гуляючы… Хоць, напэўна, парушальнікі падатковага заканадаўства з такой маёй ацэнкай не пагодзяцца… І тое, што Астравецкая падатковая інспекцыя з традыцыйных аўтсайдараў, у якіх, здавалася, ёй быць да скону, пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча Мароза па ўсіх паказчыках выйшла ў лідары сярод падобных інспекцый вобласці, а сам начальнік сёлета да прафесійнага свята – Дня работнікаў падатковых органаў  адзначаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці Падзякай Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, – гэта зусім не жартачкі. А добрая нагода для таго, каб пазнаёміцца з Аляксандрам Марозам бліжэй – і пазнаёміць з ім нашых чытачоў.


– Як становяцца падатковымі інспектарамі? Тым больш, што ў часы вашай маладосці такой прафесіі, як і падатковай інспекцыі, здаецца, увогуле не было…
– Сапраўды – не было.
Нарадзіўся і вырас я ў Навагрудскім раёне. Закончыў школу, затым – тагачасны наргас, улікова-эканамічны факультэт, які мы называлі УЕФА. Па размеркаванні вярнуўся дахаты, стаў працаваць выкладчыкам у Навагрудскім гандлёва-эканамічным тэхнікуме.
Ну а пасля партыя загадала “Трэба!”, а камсамол адказаў: “Ёсць!” Накіравалі працаваць у райкам камсамола: з галоўнай “кіруючай сілай” таго часу спрачацца было – сабе даражэй. Працаваў спачатку загадчыкам арганізацыйнага адзела, затым абралі другім сакратаром.
Недзе ў 1990 годзе вырашыў усё ж паспрачацца і пакінуць высокі і перспектыўны па тым часе пост, хоць мне ўжо прапаноўвалі пасаду ў райкаме партыі. Такое “вальнадумства” азначала толькі адно: месца ў раёне табе не будзе. Сябар на той час пераехаў у Ашмяны, працаваў там архітэктарам – ну і я падаўся па праторанай ім сцежцы. Тады якраз ствараліся раённыя падатковыя інспекцыя, я папрацаваў там пару месяцаў інструктарам, а ў снежні быў прызначаны начальнікам.
Узначальваў я Ашмянскую падатковую інспекцыю да 2000 года, пакуль не змянілася кіраўніцтва раёна. Не стану ўдавацца ў падрабязнасці, скажу толькі, што адносіны ў нас не склаліся.
“Палітычную ссылку” адбываў у Смаргоні – працаваў там тры гады. Затым былі прапановы ўзначаліць падатковую інспекцыю ў Шчучыне, у Іўі. Я выбраў Астравец. Аргументацыя вельмі простая – бліжэй да дому: да таго часу ў мяне ў Ашмянах ужо быў свой дом – свая крэпасць. І вось ужо дзясяты год я тут…
– Не пабаяліся ехаць у “свету канец”? Тагачасная ж раённая інспекцыя мала нагадвала сённяшнюю…
– Самае смешнае, што да таго я ў Астравецкай раённай падатковай інспекцыі не быў ні разу. А калі прыехаў, мяне ахапіў лёгкі жах. Нядоімка па падатках – каля мільярда рублёў – і гэта тагачасны мільярд, не сённяшні. Увогуле, плаціць падаткі ў Астраўцы тады было не модна. Некаторыя кіраўнікі гаспадарак і прадпрыемстваў лічылі, што гэта ўвогуле нечая асабістая прыхамаць: маўляў, вось яшчэ глупства гэты Мароз выдумаў – падаткі! Хто ён увогуле такі, каб забіраць нашы грошы?…
Асобная размова – тыя ўмовы, у якіх працавалі людзі. Многія, напэўна, памятаюць, колішні страшны, змрочны будынак, абгароджаны плотам з абрэзкаў дошак, у якім стаяла дзевяць печак, а ў двары ляжала куча брыкетнага попелу і іншага смецця ды стаяла збітае з дошак, прадзімаемае скразнякамі навылёт збудаванне тыпу “М.Ж.”. І гэта ў трэцім тысячагоддзі – ішоў 2003 год. У галаве не ўкладвалася, як гэта магчыма.
– З чаго пачыналі?
– Са стварэння нармальных умоў для работы супрацоўнікаў. Даведаўся, што літаральна ў шасці метрах праходзіць газаправод. Разбурылі печкі, пабудавалі газавую кацельню… Хаця таксама скептыкаў хапала: ах, як жа мы будзем без сваіх печак, мы ж так да іх прывыклі, і ўвогуле – зімой павымерзнем. Зрабілі нармальны, цывілізаваны санвузел – а колішняя “шпакоўня” засталася стаяць за плотам як напамінак аб тым, што было. Я ўзначаліў інспекцыю напрыканцы красавіка, а да лістапада рамонт у будынку быў закончаны.
Затым выйшлі на вуліцу, сталі паціху займацца добраўпарадкаваннем. Усё рабілі сваімі сіламі: самі сабе і дызайнеры, і выканаўцы. Нашы работнікі па 15-16 суботнікаў у год праводзілі, пакуль прывялі тэрыторыю ў такі выгляд, у якім яна знаходзіцца зараз. І сёння мы па добраўпарадкаванасці традыцыйна займаем прызавыя месцы ў рэспубліцы. Сёлета, напрыклад, атрымалі за другое месца новы сучасны трэнажор – іх ужо некалькі ў нашай спартыўнай зале, якую мы абсталявалі ў адрамантаваным колішнім хляве, дзе захоўвалася паліва.
– А ў асноўнай дзейнасці – збіранні падаткаў, выкананні заканадаўства – што было самым складаным?
– Таксама паступова прывучалі ўсе суб’екты гаспадарання, што падаткі плаціць трэба, падабаецца табе гэта ці не. Спачатку прывучылі плаціць бягучыя плацяжы – каго пераконвалі, дзе дзейнічалі хітрасцю, здаралася, што і так званымі непапулярнымі, карнымі мерамі. А потым і за нядоімку ўзяліся. Вядома, не адразу, не кавалерыйскім наскокам – так можна было б і прадпрыемствы загубіць, і падаткаў не атрымаць. Склалі графік яе пагашэння – паэтапны, разлічаны на год. І патрабавалі яго безумоўнага выканання…
Хоць напачатку нават нашы супрацоўнікі не верылі, што ад нядоімкі можна пазбавіцца. Мне гаварылі: “У Астраўцы нядоімка была, ёсць і будзе!”. А я адказваў: “Аднойчы прыйдзе дзень, калі вы зойдзеце да мяне з усмешкай і скажаце: “Нядоімкі ў нас больш няма”. Так урэшце і сталася, адзін у адзін.
Розныя былі моманты. Чаго каштавалі хоць бы нашы “войны” з “бензінавымі каралямі”, якія таксама лічылі, што незаконны гандаль бензінам – гэта іх “бізнес”, у які Марозу няма чаго сунуцца… І такіх навучылі, што бізнес можа і павінен быць толькі законным.
Паступова, з цягам часу і ў вобласці адносіны да Астравецкай падатковай інспекцыі памяняліся. У 2006 годзе мы занялі першае месца сярод усіх раённых падатковых інспекцый Гродзеншчыны – і з таго часу заўсёды ў ліку прызёраў. Хоць падтрымліваць узровень намнога больш складна, чым яго дасягнуць. “Выскачыць” з нізоў можа кожны – калі паставіць сабе такую мэту і настойліва папрацаваць над яе дасягненнем. А вось падтрымліваць увесь час планку – гэта больш складана. Над гэтым увесь час трэба працаваць, спынішся хоць бы на дзень, расслабішся – усё, ты далёка ззаду. Гэта як з тым жа добраўпарадкаваннем: не падстрыжы своечасова газон, не прапалі кветнік – і ўся ранейшая работа пойдзе на сметнік…
Хоць, з іншага боку, для падтрымання дасягнутага ўзроўню патрабуецца ўжо не так шмат намаганняў, як для яго дасягнення. У нас ужо няма неабходнасці рабіць па 15 суботнікаў у год, каб на тэрыторыі заўсёды быў парадак – за кожным аддзелам замацаваны свой участак, і людзі пастаянна, штодзённа сочаць за парадкам. Тое ж і ў асноўнай працы: людзі паступова прывучыліся, што падаткі плаціць трэба, што інакш – “не пракаціць”, даражэй атрымаецца…
– Будзем шчырымі: падатковы інспектар – не самая любімая ў народзе прафесія. Вам даводзілася сутыкацца з гэтай нелюбоўю?
– Вы маеце рацыю: падатковы інспектар нічога ж не дае – толькі забірае, за што ж яго любіць? А начальніку падатковай інспекцыі даводзіцца яшчэ і выносіць пастановы, гэта значыць – штрафаваць. Зразумела, што ніхто не адчувае ўдзячнасці, развітваючыся са сваімі грашыма…
Але ж у кожным выпадку можна – і трэба! – падыходзіць да парушальніка падатковага заканадаўства індывідуальна, бачыць, хто перад табой – чалавек, які выпадкова, упершыню нешта парушыў, магчыма, па няведанні ці з-за няўважлівасці – ці робіць гэта неаднаразова, свядома і мэтанакіравана. Для гэтага і існуе пэўная “вілка” тых жа штрафаў – да прыкладу, ад дзвюх да дваццаці базавых велічынь. І калі ты падыходзіш да таго ж парушальніка па-чалавечы, з улікам усіх абставін, то ён, як правіла, усё разумее – і калі не дзякуе, то і не абураецца. Ва ўсякім выпадку, сур’ёзных скаргаў на нашу інспекцыю, дзякую богу, не паступала. Можна ж быць незадаволеным, але разумець пры гэтым, што падатковы інспектар мае рацыю і дзейнічае ў адпаведнасці з законам.
А ўвогуле апошнім часам мы асноўную ўвагу ўдзяляем прафілактыцы парушэнняў падатковага заканадаўства. Я разумею нашых гаспадарнікаў: заканадаўства мяняецца так часта і кардынальна, што прасачыць за ўсім складана. Таму часта арганізоўваем навучаючыя семінары. Я заўсёды прапаную фіксаваць тых, хто іх наведвае. І калі парушальнік заломвае затым рукі “Ах, мы ж гэтага не ведалі!”, то ўзнікае заканамернае пытанне: а чаму не ведалі? Мы ж расказвалі. А вы чамусьці праігнаравалі – выходзіць, не захацелі даведацца…
Але, па праўдзе кажучы, народ у Астраўцы дастаткова законапаслухмяны – нашмат больш, чым нават у суседніх Ашмянах ці Смаргоні, я магу аб гэтым гаварыць з веданнем справы.
– Дык падатковага інспектара павінны паважаць – ці баяцца?
– Вядома, паважаць! І баяцца…
– А кіраўніка? Якія метады кіраўніцтва вам бліжэй?
– І бізун, і пернік. А інакш нельга…
Так ужо сталася, што, дзе б я ні быў, мне заўсёды даводзілася працаваць пераважна ў жаночых калектывах. У тэхнікуме выкладчыкамі былі адны жанчыны, у райкаме камсамола працавалі пераважна жанчыны, у падатковых інспекцыях – таксама. А з вашай “сястрой”, не ў крыўду асабіста вам будзе сказана, мець справу непараўнальна больш складана, чым з мужчынамі. З тымі можна і кулаком па стале, і слоўца моцнае, больш “даходлівае”, ужыць – а з жанчынамі ўсё гэта нельга…
Але нічога – неяк жа спраўляюся… Даюць свой эфект гады ўпартых трэніровак…
А ўвогуле, якія якасці ў падначаленых вы лічыце прыярытэтнымі – прафесіяналізм ці дысцыпліну?
– Вядома, выканаўчую дысцыпліну! Без яе прафесіяналізм не іграе ніякай ролі. Скажам, калі нават самы выдатны прафесіянал парушыў тэрміны справаздачнасці, несвоечасова ці няправільна склаў пратакол, то ўся работа – і, магчыма, не яго аднаго – пойдзе прахам. Якая тады карысць ад такога прафесіянала?
– У вашым узросце пакуль рана падводзіць вынікі. І ўсё ж – якія са сваіх дасягненняў у працы, асабістым жыціі вы лічыце галоўнымі?
– У працы – стварэнне калектыву…
– Я правільна зразумела: не тое, што наша падатковая інспекцыя з традыцыйна апошняга месца ў вобласці выйшла на такія ж традыцыйна першыя, не ліквідацыю мільярднай нядоімкі, не стварэнне сапраўднага аазіса на падведамаснай вам тэрыторыі – а менавіта стварэнне калектыву?
– Так, канешне. Бо ўсё тое, пра што вы гаварылі, рабіў не я адзін, а наш калектыў, і без падтрымкі аднадумцаў я б нічога не змог. Я нешта падкажу ці прапаную – і, як правіла, знаходжу падтрымку. Дарэчы, наш калектыў, па вялікаму рахунку, моцна не мяняўся з таго часу, як я ўзначаліў інспекцыю. Нікога я не звальняў, нейкіх “рэвалюцый” не рабіў – так, правёў некаторую ўнутраную ратацыю кадраў. І людзі працуюць так, што я не магу прад’явіць да іх асаблівых прэтэнзій.
Але самым вялікім сваім дасягненнем я лічу сваю сям’ю. Каханая жонка, дзве любімыя дачкі, а цяпер і ўнук Арсеній – гэта галоўнае, што ёсць у мяне ў жыцці. Ну, яшчэ свой дом, сад, якія ствараўся і даглядаецца з вялікай любоўю – у ім больш за 50 дрэваў, у тым ліку і рэдкіх: 6 кустоў арэха-фундуку, персікі, абрыкосы…
– А што вы лічыце галоўным дасягненнем у сваім галоўным захапленні? Бадай што ўсе ведаюць, што вы – апантаны паляўнічы-прафесіянал…
– Так, паляванне – гэта мая аддушына. Гэта ў мяне ад бацькі, ён быў слынны паляўнічы, і я з дзяцінства – побач з ім…
– І якія паляўнічыя трафеі для вас самыя памятныя і каштоўныя?
– Скажу адразу: я не займаюся паляваннем на зайчыкаў, качак, мне падабаецца змагацца з дастойным сапернікам – магутным, разумным, хітрым зверам, які можа “даць здачы”. Больш за ўсё люблю паляванне на кабана. Дарэчы сказаць, здаралася рознае – было і такое, што мяне звер па зямлі качаў, і хто каго, вырашалі секунды…
Трафеі? Так, скажу без залішняй сціпласці: мне ёсць чым пахваліцца. Дома, у лазні, ёсць спецыяльны “трафейны пакой” – там ёсць што паглядзець і чаму пазайздросціць і паляўнічым-прафесіяналам. Не ўпэўнены, што у некага з калег ёсць больш багатая калекцыя… Там ёсць трафеі і з Расіі – у Ніжнім Ноўгарадзе ў мяне жыве сябар, у якога асабістая паляўнічая гаспадарка, я часам езджу да яго на паляванне. Там, дарэчы, я і здабыў свайго першага мядзведзя. Другога, дарэчы, – таксама там…
А ўвогуле паляванне – гэта нават не трафеі. Галоўнае ў ім – ні з чым непараўнальны адпачынак. Калі навокал цудоўная прырода, сяброўская кампанія, дзе ўсе роўныя, няма ні начальнікаў, ні падначаленых, калі ты чуеш, як працуюць сабакі ці ідзе звер – тады ад усяго адключаешся, такі азарт апаноўвае… Гэта, мусіць, у кожным мужчыне закладзена ў генах, з тых старажытных часоў, калі яму трэба было здабыць маманта, каб накарміць сям’ю. У некаторых, праўда, гэты ген аслаблены – а ў мяне, напэўна, ён развіты асабліва, такі своеасаблівы “покліч продкаў”.
– У адным вядомым фільме, калі прысутныя даведаліся пра ўсё, чаго дасягнула ў жыцці галоўная гераіня, у яе спыталі: а аб чым вы яшчэ марыце? Тое ж хацелася б даведацца і ў вас.
– Па вялікаму рахунку ў мяне ўсё ёсць. Нейкага далейшага кар’ернага росту я не прагну, хоць і паступалі прапановы, і вельмі заманлівыя. Але кідаць свой дом, некуды ехаць, зноў усё пачынаць спачатку – не, не хачу.
На рабоце мы ўжо дасягнулі пэўнага ўзроўню, даказалі і ў воласці, і ў рэспубліцы, што Астравецкая падатковая інспекцыя – гэта калектыў прафесіяналаў, які здольны вырашаць любыя задачы і дасягаць любых вышынь. Зараз трэба толькі падтрымліваць яго, не апускаць планку.
Аб чым мару – дык гэта аб тым, каб унукаў мець больш. Ніколі не думаў, што буду такім прыкладным дзядулем! Пакуль гэтага не зведаеш на сабе, здаецца: ну падумаеш – унукі… Але калі яны прыходзяць у тваё жыццё, разумееш, што гэта такая радасць, такое шчасце – яго не бывае шмат…
– Ну што ж, таго вам і жадаем – здзяйснення ўсіх мар і задум.
– Дзякуй.


Гутарыла Ніна РЫБІК.