Вераніка Дашына: на сцэне і ў жыцці

14:21 / 26.04.2012
5707
2

Упершыню я ўбачыла яе на сцэне гады тры назад. Спачатку юная спявачка з Кямелішак зацікавіла незвычайным і рэдкім прозвішчам. Калі яна заспявала, стала зразумела, што прозвішча – не самае цікавае ў дзяўчынкі. Асабіста мне – чалавеку, які разбіраецца ў музыцы на ўзроўні аматара, было незразумела – адкуль у гэтай маленькай, усмешлівай і жвавай дзяўчынкі такі моцны, гучны, звонкі і прыгожы голас. У залежнасці ад пажаданняў сваёй гаспадыні ён змяняўся і здзіўляў – быў то нізкі, то высокі, вібрыраваў і пераліваўся ўсімі нотамі – як колерамі вясёлкі. І пры гэтым, здавалася, што ўсё гэта не выклікала ў дзяўчынкі ніякіх намаганняў. Яна не спявала – яна пражывала на працягу песні невялікае і асобнае жыццё на сцэне.
Праз некаторы час я зноў і зноў чула яе прозвішча сярод удзельнікаў і прызёраў-пераможцаў розных конкурсаў. За гэты час дзяўчынка падрасла – і не толькі па гадах, але і па светаўспрыманню, творчасці. А значыць, надышоў час даведацца пра яе больш падрабязна.
Такім чынам, знаёмцеся – Вераніка Дашына.



КАРОТКАЕ ДАСЬЕ:

СТАТУС: дзевяцікласніца Кямелішкаўскай школы.
ЗНАК ЗАДЫЯКА: Шалі.
ЛЮБІМАЯ СТРАВА: што-небудзь салодзенькае.
ЛЮБІМАЯ КНІГА: “Анёл з нябёсаў”.
ФІЛЬМ: “Тры метры над небам”.
АДНА З ЦЫТАТ: “Без упартасці і працы нічога не дасягнеш”.
ЛЮБІМАЕ МЕСЦА: пакуль у сне ці ва ўяўленні – прыгожы пейзаж: ручаёк, кветкі, спакой і ўтульнасць.
ВІД АДПАЧЫНКУ: стасункі з сябрамі.


– У цябе вельмі цікавае і рэдкае прозвішча. Не ведаеш, адкуль яно пайшло?
– Сапраўды, наша прозвішча, калі не памыляюся, нават адзінае ў Гродзенскай вобласці. А вось адкуль, як і калі яно з’явілася, шчыра кажучы, не ведаю. Даўно хацела вывучыць сваю радаслоўную, але ўсё неяк часу не хапае. Спадзяюся, што хутка гэтую сітуацыю выпраўлю. Самой цікава, адкуль жа мы такія ўзяліся?!!
– Вераніку Дашыну ў раёне ведаюць як артыстычную дзяўчынку са звонкім голасам. Сама не раз чула, як ён раскатваўся па зале і гатовы быў вырвацца за яе межы. Часам нават здавалася, што табе і мікрафон не патрэбен. Дарэчы, да якога тыпу адносіцца твой голас і наогул, як усё пачыналася?
– Я – сапрана. (Сціпла ўсміхаецца) А пачыналася ўсё банальна. Як, напэўна, і ўсе дзеці, любіла спяваць. У дзіцячым садку мы заўсёды развучвалі розныя песенькі. Ну вось аднойчы нехта заўважыў, што голас у мяне звонкі і пявучы. Сталі займацца больш прафесіянальна. Пасля пайшла ў школу. У трэцім класе запісалася ў музычную школу па класе фартэпіяна. Акрамя гэтага, там былі і харавыя спевы, вакал. За час вучобы ў музычнай школе прыйшлося змяніць некалькі настаўнікаў. Спачатку са мной займаўся С.В. Дзям’янчык – дарэчы, ён найперш і навучыў эстрадным спевам. Пасля была А.Я. Баршэвіч. А ўжо давучвала мяне дырэктар музычнай школы А.Б. Кулевіч. Кожны з іх даў нешта новае і карыснае. Дарэчы, я і зараз наведваю гурток Сяргея Віктаравіча – раз у тыдзень ён прыязджае ў Кямелішкі і праводзіць з намі заняткі.
– Адкуль у цябе прыгожы голас? Спадчына? Выпадковасць? Моцнае жаданне спяваць? Ці плён стараннай працы і заняткаў музыкай?
– Напэўна, гэта найперш спадчына. Бо ў нашай сям’і прафесійна займаюцца музыкай і спяваюць мае цётка і дзядзька, якія жывуць у Гродне – Ірына і Аляксей Зубені.
Наогул, я лічу, што, як бы чалавек ні хацеў нечага, але не ўсё ў яго ўладзе. І некаторых вышынь нельга дасягнуць, нягледзячы на самую старанную працу. Напрыклад, музычны слых ці голас можна развіваць і ўдасканальваць. Але абавязкова павінен быць задатак, з якога і трэба пачынаць. А з пустаты, як бы чалавек над ёй ні біўся, колькі б сіл ні ўкладваў, думаю, нічога не атрымаецца. Яна ў выніку так і застанецца пустатой.
З іншага боку, часам чалавек упарта, але безвынікова хоча дасягнуць нечага, пры гэтым не заўважаючы іншых сваіх здольнасцей і трацячы час марна. Думаю, у кожнага свой шлях – але важна правільна яго выбраць. А гэта складана.
– А ты ўжо выбрала свой шлях?
– Спадзяюся, што так. У гэтым годзе заканчваю дзевяць класаў і хачу паступаць у музычны каледж.
– Спевы – гэта для цябе што: захапленне, рацыянальны выбар, мара?
– Гэта нешта большае. Магчыма, гучыць пафасна, але можна сказаць, што гэта маё жыццё. Гэта захапленне, узнёсласць, стан душы – тое, што нават не магу апісаць. Я неаднойчы марыла і ўяўляла сябе ў розных прафесіях. Аднак так і не ўбачыла сябе ў іншых сферах, не звязаных з музыкай.
– З голасам усё зразумела. А хто дапамагае выбіраць і рыхтаваць касцюмы, падказвае і паказвае, як трымацца на сцэне?
– Выбіраць адзенне для выступлення ў асноўным мне дапамагае мама. Спачатку яна ўважліва слухае песню, якую я буду выконваць, і ўжо пасля дапамагае стварыць адпаведны вобраз. Разам мы нешта выбіраем, змяняем, дапаўняем. Наогул, з самага дзяцінства мае бацькі зразумелі, што музыка – гэта маё. З таго ж часу яны мне толькі дапамагаюць і падтрымліваюць. Карысныя парады наконт сцэнічнага вобразу таксама даюць і настаўнікі.
А вось што тычыцца паводзін на сцэне… (Задумваецца) Канешне, мне падказвалі і раілі, але неяк адразу так склалася, што я ніколі асабліва не задумвалася, як паводзіць сябе на сцэне. Выходзіш, пачынаеш спяваць, раствараешся ў вобразе – і неяк усё само атрымліваецца. Ды, нарэшце, дома заўсёды ёсць люстэрка, якое моўчкі трывае ўсе мае рэпетыцыі і імправізацыі – і ў той жа час падказвае мае памылкі і недахопы.
– Ці азначае гэта, што зараз удзел у розных прывычных конкурсах не выклікае асаблівых эмоцый?
– Ой, не! Я заўсёды перажываю і хвалююся перад выступленнем. Чаму? Ды па розных прычынах. Баюся забыцца словы, баюся, што падвядзе апаратура, што нешта пераблытаецца, хвалююся, каб данесці песню да гледачоў і каб яна ім спадабалася.
– Ці былі нейкія асаблівыя выпадкі на сцэне, якія запомніліся?
– Неяк я выконвала песню “Модніца”. Сэнс такі, што маленькая дзяўчынка, калі мамы не было дома, пачала прымяраць яе адзенне, абутак, карыстацца касметыкай – і ў самы непадыходзячы момант мама вяртаецца. Дык вось, прымяраць на сцэне туфлі на дзесяціметровых шпільках, пераапранацца, малявацца і пры гэтым адначасова спяваць і іграць эмацыянальна – гэта было і цікава, і складана, і хвалююча, і запамінальна.
– Хто табе падабаецца з сучаснай эстрады – не толькі беларускай ці расійскай, але і замежнай?
– Кожны артыст па-свойму цікавы. Галоўнае, каб яго песня адпавядала стану душы. Не магу сказаць, каб хтосьці асабліва падабаўся і я “фанацела” ад яго творчасці. Паўтаруся: на мой погляд, кожны з іх па-свойму цікавы для адпаведнай аўдыторыі. І ад кожнага нешта можна ўзяць – манеру трымацца на сцэне, рухі, артыстызм…
– А якую музыку слухаеш?
– Напэўна, як і большасць маіх равеснікаў, зараз слухаю рэп. Праўда, у апошні час сяброўкі “прывучаюць” да лёгкага року, раяць паслухаць нешта. Некаторыя рэчы таксама вельмі падабаюцца.
– У якіх конкурсах ты ўдзельнічала і якія асабліва запомніліся?
– У большасці я выступаю на раённых конкурсах. Сярод найбольш значных – “Масты надзеі”, “Адна зямля” – у апошнім я заняла першае месца і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.
– Калі пафантазіраваць, падумаць і памарыць – дзе б яшчэ хацелася паўдзельнічаць? Дарэчы, псіхолагі сцвярджаюць, што думка – матэрыяльная…
– Ну калі пафантазіраваць… Хто ж не марыць паўдзельнічаць у такіх вядомых і маштабных конкурсах, як “Славянскі базар”, “Новая хваля”, “Еўрабачанне”?!! А пра матэрыяльнасць думкі, лічу, думаць пакуль ранавата (смяецца).
– Сустрэчнае пытанне: уяві, што табе прапаноўваюць удзел у вельмі вядомым і прэстыжным міжнародным музычным конкурсе – або бясплатнае падарожжа для тваіх родных туды, куды яны пажадаюць. Твой выбар?
– Супермегапрэстыжнае шоу – гэта, канешне, крута! Нават марыць аб такім боязна. Але, лічу, што самыя блізкія людзі заўсёды павінны заставацца на першым месцы. Таму выбіраю другі варыянт.
– Хопіць пра музыку і сцэну. Раскажы, чым ты яшчэ захапляешся?
– Люблю маляваць. Раблю гэта, канешне, на аматарскім узроўні, для сябе. Убачу, напрыклад, прыгожы пейзаж – і спрабую перанесці свае пачуцці на паперу. Малюю алоўкамі – простым ці каляровымі.
Яшчэ падабаецца спорт – валейбол, баскетбол. У школе заняткі па фізкультуры люблю. Аднойчы нават уявіла сябе выкладчыкам лячэбнай фізкультуры.
– З кім больш падабаецца сябраваць – з хлопчыкамі ці з дзяўчынкамі?
– З хлопчыкамі, безумоўна, сябраваць цікава! З імі можна ў футбол паганяць, мячык пашпурляць. Але ўсё роўна ім не раскажаш усяго таго, чым я дзялюся са сваімі сяброўкамі. Таму дзяўчынкі ўсё ж бліжэй.
– Апішы сябе. Якая ты ў паўсядзённым жыцці?
– Ой, пра сябе гаварыць складана. Якая я? (Задумваецца) Напэўна, у меру вясёлая, больш халерык, люблю зносіны з рознымі людзьмі.
– Як падабаецца праводзіць вольны час?
– Актыўна і весела з сябрамі. Летам адпачываю ў летніку “Ластаўка”. Таксама збіраем з сябрамі ягады, здаём іх і зарабляем грошы. А зараз можна і проста прагуляцца – вясна, усё прыгажэе на вачах.
– Ці любіш падарожнічаць і дзе хацелася б пабываць?
– Я ўжо ездзіла ў Польшчу. Вельмі хачу – у Італію. Мне здаецца, там вельмі цікава і прыгожа.
– Чаго ніколі не даруеш нават блізкаму чалавеку?
– Па натуры я не злапамятная. Таму, лічу, што нават самае дрэннае і страшнае можна дараваць. Можа, толькі не адразу. Пакідаючы ў душы злосць, ты сам трапляеш да яе ў палоне. І каму ад гэтага будзе горш? Я стараюся злосць не трымаць.
– Ты сказала, што збіраешся паступаць, паедзеш у горад. Не баішся зменаў у сваім жыцці?
– Заставацца на адным месцы немагчыма. Чалавек павінен нешта мяняць, спрабаваць, пазнаваць. Зменаў я не баюся. Спадзяюся, што ў новым жыцці не вельмі змянюся і я сама.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.

Комментарии
0
Гость
Вероничка, от души поздравляем тебя с твоими успехами и признанием! Творческих высот и душевной гармонии!
Имя Цитировать 0
0
Гость
Милая девочка с потрясающим, сильным голосом!Иди вперед, перед твоим талантом откроются все двери,главное-желание!Удачи в поступлении:)
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений