Сямейная справа Жугалёвых

11:01 / 23.02.2012

На зямлі, дзе ад Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці яе жыхар, супрацьстаянне ворагу перадавалася нашчадкам на ўзроўні генаў – пакаленне за пакаленнем дзятва гуляла “ў вайну”. І прафесія ваеннага лічылася самай пачэснай – тысячы беларускіх хлопчыкаў марылі стаць абаронцамі Радзімы.






Андрэй Жугалёў аб прафесіі ваеннага не марыў. Напэўна, таму, што быў сынам ветэрана вайны. Ягоны бацька, Якаў Рыгоравіч Жугалёў, ведаў вайну не па кнігах і фільмах – з баямі прайшоў ён па страшных яе дарогах. У 1943-ім быў цяжка паранены, аклямаўся – зноў на фронт. У 1944-ым яго вынеслі з бою амаль нежывога. Эвакуіравалі на Урал, і перш чым стаць на ногі, яму паўтара года давялося блукаць па шпіталях…
Потым, у мірным жыцці, ён працаваў на розных кіруючых пасадах. І пра вайну расказваць не любіў. Але часам, калі трое ягоных сыноў-падлеткаў вярталася дадому пасля чарговых “ваенных дзеянняў”, Якаў Рыгоравіч не вытрымліваў:
– Вайна зусім іншая…, – казаў ён хлопцам. – Зусім. Няма ў ёй ні рамантыкі, ні захаплення. Вайна – гэта бруд, смурод, кроў і смерць. І не дай вам Бог, сыны, зведаць яе смак…
Якава Рыгоравіча ўжо даўно няма. А трое яго сыноў – на заслужаным адпачынку. Павел – капітан запасу, Міхаіл – падпалкоўнік, Андрэй – маёр.
– У бацькавых словах пра вайну не было ніякага пафасу, – гаворыць Андрэй Якаўлевіч. – І гераізму не было. У іх была праўда. У дзяцінстве я, напэўна, не разумеў да канца бацькавых слоў, але нейкая падспудная насцярожасць да прафесіі ваеннага існавала – мне не хацелася насіць пагоны. У тыя гады рана становіліся дарослымі. Вось і я ў старэйшых класах перавёўся на вячэрняе аддзяленне і пайшоў працаваць. Фотакарэспандэнтам Вілейскай раённай газеты. Работа мне моцна спадабалася, і свой далейшы лёс я вырашыў звязаць з журналістыкай.
Але пытанне паступлення на журфак прыйшлося адлажыць – прыйшоў час выканання пачэснага абавязку кожнага мужчыны. У 1964 годзе Андрэй Жугалёў быў прызваны ў армію. Служыў у Варонежы, у будаўнічых войсках. І неяк так само сабой склалася, што на трэцім годзе службы (а ў тыя часы тэрмін службы цягнуўся тры гады) ён падаў дакументы ў Маскоўскае вышэйшае каманднае вучылішча…
Год за годам… Падручнік за падручнікам… Адно вучэнне за другім… І вось ужо малодшы лейтэнант Жугалёў атрымлівае размеркаванне: Урал, Свярдлоўская вобласць.
– Па размеркаванні я трапіў у Верхнюю Салду, – расказвае Андрэй Якаўлевіч. – Гэта непадалёк ад Ніжняга Тагіла. У будаўнічыя войскі. Спачатку быў намеснікам камандзіра роты. Потым атрымаў чарговае званне “старшы лейтэнант” і стаў камандзірам роты. З часам быў прызначаны намеснікам камандзіра часці па палітычнай рабоце. Потым стаў камандзірам часці – з гэтай пасады ў званні маёра і выйшаў у адстаўку.
Іх часць будавала аб’екты ваенна-вытворчага прызначэння. А яшчэ – “ваявала”, як і ўсе астатнія часці Савецкай Арміі.
– Сама часць размяшчалася ў 35-ці кіламетрах ад горада, – працягвае Жугалёў. – І кожны дзень у шэсць гадзін раніцы мы, афіцэры, адбывалі ў яе размяшчэнне, каб вярнуцца дадому каля дванаццаці ночы. Штодня. Практычна без выхадных. Якім бясконцым было цярпенне нашых жонак – пры жывых мужах яны вымушаны былі практычна ў адзіночку гадаваць дзяцей, вырашаць бытавыя і іншыя праблемы. А мы… Мы служылі Радзіме.
– Дарэчы, у прафесіі ваеннага, як гэта ні парадаксальна гучыць, – працягвае Андрэй Якаўлевіч, – самае галоўнае – валодаць неабходным запасам цярпення. І ў ваенны, і ў мірны час. Што тычыцца мірнага, растлумачу… Уявіце: чарговы набор, перад табой стаяць 150 юнакоў, 150 характараў, аб’ядноўвае якія адно – “панты”. І нахабства гэтых учарашніх мамчыных сынкоў не мае межаў. Пройдзе час, яны стануць больш дарослымі, прывучацца да дысцыпліны, дарастуць да ўсведамлення адказнасці звання “салдат”… А пакуль камандзір павінен валодаць стойкім цярпеннем, каб не падысці і не даць “у тарэц” чарговаму “выпендрысту”. Лягчэй было працаваць з вясковымі хлопцамі – яны з маленства прывучаны да працы і да адказнасці, а вось з гарадскімі… Лідары ў гэтых адносінах масквічы – запытайся ў любога камандзіра. Вось піцерцы чамусьці заўсёды прыстойныя, чэсныя хлопцы, а масквічы – з дакладнасцю да наадварот.
Праз цярпенне, кожны раз праз пераадоленне самога сябе камандзір цягне гэтых 150 чалавек у іх даросленне, у іх мужчынскасць, у станаўленне салдатамі.
Дваццаць тры гады Андрэй Якаўлевіч, як ён сам гаворыць, аддаў Уралу. А калі прыйшоў час выходзіць у адстаўку, вырашыў ажыццявіць сваю даўнюю мару і вярнуцца на Радзіму – у Беларусь. Было гэта ў самым пачатку 90-ых. Калі “перабудова” набірала абароты ўласнай анархіі. Жугалёў прыехаў у Астравец – тут жылі бацькі і брат. У спадзяванні на абяцаную (на ўзроўні статута) кватэру прыехаў разам з жонкай.
– Кватэру нам не далі, – расказвае ён. – Я вырашыў будаваць дом. Распачаў вялікі – у адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі. З разлікам, што з часам “падцягнуцца” ў Астравец сын і дачка. Але паступова высветлілася, што маёй цягі да Беларусі ў дзяцей няма – яны нарадзіліся і выраслі ў Расіі і адчуваюць сябе грамадзянамі гэтай краіны. І ў кожнага з іх сваё жыццё. На нейкім этапе цяжар перманентнага будаўніцтва пачаў стамляць і жонку – яна вярнулася на Урал. А я вось так і жыву: беларус – у Беларусі.
У Андрэя Якаўлевіча разнастайныя інтарэсы. Ён шмат чытае. І побач з кнігамі ваеннай і мемуарнай тэматыкі (гэтыя два накірункі літаратуры асабліва папулярныя ў інтэлектуальных мужчын) у яго асабістай бібліятэцы шмат паэзіі: басні Эзопа, лірыка Фета, сакавітае слоўца Якуба Коласа…
Што тычыцца тэлебачання, то любімыя перадачы Андрэя Якаўлевіча – “Арсенал”, “Армейскі магазін” і іншыя армейскія. З цікавасцю глядзіць ён і фільмы пра вайну. Нават серыял “Салдаты”. Хаця…
– Наіграна ўсё атрымліваецца ў серыяле, – лічыць адстаўны ваенны. – Насамрэч у арміі ўсё нашмат больш сур’ёзна і адказна. У арміі ўсё – як у жыцці. І ўсё, што адбываецца ў грамадстве, абавязкова праецыруецца на армію – на адносіны і ўзаемаадносіны, на дабрабыт і сацыяльную абарону. Напэўна, таму што армія – частка, адзін з бакоў жыцця кожнай краіны.


Ганна ЧАКУР.