Гонар раёна. Людміла Гібадуліна: “Вучыцца трэба ўсё жыццё”

09:54 / 15.12.2011

Людміла Генадзьеўна Гібадуліна –інжынер станцыённага ўчастка раённага прадпрыемства электрасувязі. У 1975 годзе закончыла Астравецкую сярэднюю школу. У 1981 годзе – факультэт металарэжучых станкоў і інструментаў Уфімскага авіяцыйнага інстытута імя Сярго Арджанікідзе па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання”. Працавала ў канструктарскім бюро Пермскага НДІ авіяцыйнага будаўніцтва, у канструктарскім бюро Уфімскага НДІ “СПТ “Нафта”. У 1987 годзе вярнулася ў Астравец. Стала працаваць у раённым прадпрыемстве электрычнай сувязі на пасадзе інжынера, пазней –маркетолагам, а сёлета вярнулася на пасаду інжынера. Яе адзіная дачка Іна закончыла Пермскую фармацэўтычную акадэмію, працуе загадчыцай кругласутачнай аптэкі ў Уфе.



Бліц-апытанне

Любімы занятак: выпечка пірагоў (з рыбай, капустай, яблыкамі, бульбай, ягадамі, тварагом…), піражкоў, булачак, беляшоў…
Любімы від адпачынку: наведанне гарадской лазні з венічкам уласнай вытворчасці, у склад якога, акрамя традыцыйнай бярозы, уваходзяць мята, палын, ліпа, рабіна…
Любімыя віды спорту: язда на веласіпедзе, плаванне, настольны тэніс.
Кніга, да якой вяртаецца зноў і зноў: “Аэрапорт” Артура Хейлі.
Самая яркая рыса характару: цудоўнае пачуццё гумару.
Жыццёвае крэда: ні ў адной справе не варта прыкладаць празмерныя намаганні – усё самае лепшае прыходзіць у наша жыццё само.


– Людміла Генадзьеўна, калі і ад каго вы даведаліся, што ваша фатаграфія змешчана на раённай Дошцы гонару? І прызнайцеся нам, простым смяротным: што адчувае чалавек, калі, праходзячы побач са стэндам, натыкаецца на ўласны позірк?
–Даведалася ад калег па працы – жанчыны забеглі да мяне ў кабінет з крыкам: “Люда, ты вісіш!”. Прызнацца, падобная заява спачатку мяне нават напалохала – дзе вішу? Хто павесіў? За што?.. Збегала, паглядзела – “вішу” ў цалкам прыемным суседстве! Потым быў хвалюючы момант уручэння дыпломаў ля помніка ў лесапарку… Прызнаюся: асаблівага пачуцця гонару няма. Ёсць вялікая ўдзячнасць за тое, што заўважылі і адзначылі, і велізарны кавалак адказнасці – жадання адпавядаць. Ды што там! Хочацца станавіцца лепшай.
А наконт партрэта, дык чамусьці кожны раз, калі я яго бачу, мне падаецца, што сустракаю саму сябе рэальную. Вельмі жывая фатаграфія. Можа, таму што фатаграфавалі ў 30-градусную спёку – пот каціўся градам, і засяродзіцца на “звышразумным” выразе твару не ўдалося.
– Разумею. Тады давайце вернемся, так бы мовіць, да вытокаў. Чаму выпускніца Астравецкай сярэдняй школы Людміла Уласава раптам вырашае вучыцца ў немагчыма далёкай Уфе? Прычым у авіяцыйным інстытуце?
– Таму што мая мама Праскоўя Мікалаеўна Уласава-Барысава родам з Башкірыі. А на радзіме (з гадамі кожны чалавек адчувае гэта ўсё мацней) і паветра больш салодкае, і зямля больш мяккая, і людзі больш родныя – усё жыццё мама марыла вярнуцца ў роднае сяло Шаран. Яна і вучыцца мяне пасылала з такім разлікам, што крыху пазней сама пераедзе ў Башкірыю. Тым больш, што там да гэтага часу жыве ўся маміна радня.
А авіяцыйны інстытут я выбрала па той простай прычыне, што гэта наша патомная навучальная ўстанова – ледзь не ўсе мае стрыечныя браты і сёстры прайшлі праз гэты інстытут.
– А якім чынам ваша мама з аднаго канца зямлі трапіла на супрацьлеглы?
– Звычайным: выйшла замуж за астравецкага хлопца Генадзія Фёдаравіча Уласава. Пазнаёмілася з ім на цаліне, куды паехала па камсамольскай пуцёўцы. Трэба сказаць, што дзяцінства ў мамы атрымалася кароткім – у 1938 годзе памёр яе бацька, а ў 1939-ым – маці. Гаспадыняй стала старэйшая сямнаццацігадовая сястра Маруся. Перад самай вайной яна выйшла замуж, і яе мужа забралі на фронт. Там мой дзядзька амаль адразу трапіў у палон, а пасля вызвалення яго рэпатрыявалі ўжо нашы – у Ніжні Тагіл. Сястра вырашыла пераехаць да мужа, а ўслед за ёй пацягнулася трое яе брацікаў і сястрычак. Мамін брат вывучыўся на машыніста электравоза, а мама – на рахункавода. Відаць, жылося галодна, таму што, як толькі з’явілася такая магчымасць, мама завербавалася на цаліну. А адтуль ужо разам з татам у 1957 годзе пераехала ў Астравец.
– Астравец узору 1957 года – незайздроснае месца…
– Справа нават не ў Астраўцы. Куды горш, што свякроўка не захацела прыняць маму – не той веры, не такога выгляду… Таму бацькі выехалі спачатку ў Маладзечна, потым вярнуліся на Астравеччыну, у Дубнікі. Мама ўладкавалася рахункаводам у псіханеўралагічны шпіталь. Я расла, лічы, на бальнічнай кухні – паварыхі давалі мне кулёчак кавалачкаў скуркі ад сала, і я цэлы дзень іх смактала. Потым захварэў тата – адкрытая форма туберкулёзу. У хворага павінен быць асобны пакой, таму нам выдзелілі кватэру ў Астраўцы – у доме насупраць кінатэатра. У 1964 годзе тата памёр. І мы засталіся ўдваіх з мамай. Сёння з вышыні пражытых гадоў я разумею: усё сваё жыццё мама прысвяціла мне.
– Ні родных, ні блізкіх – падтрымкі не было адкуль чакаць?
– Так. Цэлы год маме прыйшлося вяртаць грошы, пазычаныя на татава пахаванне… Але яна была добрай швачкай. Я б нават сказала, канструктарам адзення – мама ўмела бачыць канчатковы варыянт яшчэ ў тканіне. Яна шыла на заказ. І хаця за работу брала нядорага, нейкі прыработак усё ж быў. Вядома, і яна сама, і я апраналіся амаль выключна ў пашытае мамінымі рукамі. Нават у студэнцкія гады я бегала ў сукенках “мамінай вытворчасці”.
– Людміла Генадзьеўна, а цуда-пірагі… Смачнейшых спрабаваць не даводзілася… Гэта таксама ад мамы?
– Безумоўна. Любімым у мамы быў адкрыты чарнічны пірог. І плюшкі.. Ах, якія казачныя плюшкі атрымліваліся ў маёй мамачкі! Чамусьці яна выпякала іх заўсёды па вечарах. І сёння памятаю нецярпенне, з якім удыхаўся пах маміных пірагоў, што даспявалі ў чэраве пліты. Гарачая плюшка з кубкам халоднага малака – хіба існуе на свеце нешта больш смачнае?! Мама не прызнавала рацэптаў – якасць цеста яна адчувала рукамі. Я таксама заводжу яго “на вока” – з таго, што ёсць у халадзільніку. Плюшкі ў мяне не атрымліваюцца, а вось пірагі… У свой час мама казала, што мае смачнейшыя, чым яе. Але ж гэта мама – ёй хацелася паддаць мне ахвоты…
– Аднак Праскоўя Мікалаеўна ў Уфу так і не пераехала…
– На гэта патрэбны былі немалыя грошы – адкуль яны ў жанчыны, якая адна вучыць дачку-студэнтку?..
– Разумею. Але давайце вернемся да аднаго з краевугольных момантаў вашага жыцця. Мушу прызнацца: разглядваючы ваш сямейны фотаальбом, я атрымала невялікі шок, калі ўбачыла на вашым вясельным здымку, што замуж вы выходзіце за… Мусліма Магамаева…
(Смяецца). Удакладню: за Ігара Гібадуліна, які сапраўды быў крыху падобны да знакамітага спевака. Дарэчы, як ён сам пазней прызнаўся, з натоўпу дзяўчат Ігар выдзеліў мяне дзякуючы менавіта “маміным” сукенкам. Ён сам – з Уфы. Вучыўся ў нашым інстытуце, толькі на іншым факультэце. Мы сябравалі некалькі гадоў, а напярэдадні майго размеркавання ўсур’ёз пасварыліся. З накіраваннем на працу ў канструктарскае бюро Пермскага НДІ авіяцыйнага будаўніцтва я паехала дадому – у паслядыпломны адпачынак. І вось аднойчы, седзячы на веснічках дома, убачыла дзіўную фігуру – высокі мужчына нёс яўна нязручную рэч. Гэта быў Ігар. Ён прывёз вялікае насценнае люстэрка, якое я пакінула ў студэнцкім інтэрнаце. Першымі яго словамі былі: “Вось… Ты забылася…”
– Як раптоўнае з’яўленне патэнцыяльнага зяця ўспрыняла Праскоўя Мікалаеўна?
– Адмоўна. У яе разуменні жаніх павінен быў прыбыць у строгім касцюме, а гэты прыпёрся ў выцертых джынсах… Мама была бескампрамісным чалавекам – яна адразу прымусіла Ігара зняць джынсы і памыла іх.
– І калі вы пажаніліся? Дзе сталі жыць?
– 4 лютага 1982 года. Я вярнулася ў Уфу, уладкавалася ў канструктарскае бюро Уфімскага НДІ “СПТ “Нафта”. Жыць мы сталі разам з маці Ігара. І ў канцы года нарадзілася Іна. Між тым, Ігар атрымаў размеркаванне ў Кіеўскую ваенную акругу – у горад Растоў-на-Доне. Зіму мы з дачушкай перазімавалі ў Уфе, а вясной перабраліся ў Растоў. Жыць даводзілася на здымных кватэрах: ні мэблі, ні грошай… Хаця тады гэта і не падавалася нейкай асаблівай катастрофай, усё ж праз паўтара года мы вярнуліся ў Уфу.
– Вялікі горад. Цікавая праца. Утульная абстаўленая кватэра. Свякроўка-урач. Як здарылася, што вы прамянялі ўсё гэта на Астравец?
– Вялікі горад трэба любіць – унутры трэба мець нешта суадноснае яму, урбаністычнае. Там энергетыка цалкам іншая. А я – жыхар невялікіх населеных пунктаў. Хаця маё вяртанне дадому было хутчэй вымушанай мерай – узніклі праблемы з лёгкімі, і пасля аперацыі дактары заявілі, што мне не падыходзіць башкірскі клімат. Вось мы з Інкай і пераехалі ў Астравец. Ігар у гэты час ужо працаваў вахтавым метадам – якая розніца, куды лятаць пасля заканчэння вахты?.. Калі дачушцы споўнілася 10 гадоў, ён памёр ад сардэчнага прыступу.
– Паралелі з лёсам вашай маці занадта відавочныя, каб іх не заўважаць…
– Напэўна. Але я старалася (і стараюся) не звужаць свой свет выключна да клопатаў пра дачку. Больш таго, у дзявяты клас Іна пайшла ў Уфімскую школу – бабуля Зіна трапіла ў аварыю і папрасіла дапамогі. Потым быў Пермскі фармацэўтычны… Словам, мы з бабуляй Праскоўяй засталіся ўдваіх.
– З моманту вяртання на радзіму вы пачалі працаваць у прадпрыемстве электрасувязі…
– Прыйшла да Міхаіла Уладзіслававіча Хіневіча, ён пытаецца: “Схемы чытаць умееш?” “Навучуся”, – адказваю… Так з тых часоў і вучуся – прыступка за прыступкай, з адных курсаў на другія. Тэхніка ж развіваецца галавакружнымі тэмпамі – не паспела як след “раззнаёміцца” з камп’ютарам, як пачалася эра інтэрнэту, затым інтэрактыўнае тэлебачанне, byfly і г.д. – гэты працэс бясконцы. На наша пакаленне прыйшоўся проста ўзрыў тэхналогій. У дзяцінстве мы чыталі пра відэафон у фантастычнай літаратуры, а сёння – гэта аб’ектыўная рэальнасць. Не сёння-заўтра тэлевізар, камп’ютар і тэлефон будуць аб’яднаны ў адзін апарат. Хаця… Хаця я люблю радыё, звычайнага праваднога “сымона” – ён балбоча ў мяне на кухні няспынна. Гатую абед, пяку пірагі, а ён частуе мяне навінамі, радуе песнямі і тэатральнымі пастаноўкамі…
– Адзін з маіх любімых пісьменнікаў запісваў у спецыяльным сшытку ўсё, што ён зрабіў (даведаўся, паспрабаваў…) упершыню ў жыцці. Што вы маглі б запісаць у такі сшытак у 2011-ым?
– Трапіла на раённую Дошку гонару. І пабывала на сапраўдным курорце. Гэта курорт “Краснаўсольскі” – там праходзяць рэабілітацыю касманаўты. З незамярзаючай серавадароднай крыніцай, з басейнамі, з прыгажосцю наваколля, ад якой захоплівае дух.
– Калі б была магчымасць выбіраць, у якой краіне вы хацелі б жыць?
– У гэтым сэнсе я – адналюб. Мне падабаецца мой гарадок і мой дом – мне тут камфортна і ўтульна. А вось пабываць хачу (і пабываю, я ведаю) у Аўстраліі. Хаця нядаўна даведалася (зноў жа расказаў “сымон”), што гэта краіна не толькі кенгуру, трусоў і лясных пажараў, але яшчэ і ядавітых павукоў. І я крыху прызадумалася…
– Вы любіце падарожнічаць?
– Вельмі. Кожны чарговы адпачынак правожу часцей за ўсё ў Башкірыі. Бываю там звычайна позняй восенню, пэўны час прывыкаю да таго, што ўсе людзі навокал маленькага росту, з чорнымі валасамі і вачыма, ходзяць у аднолькавых шапках. Вяртаюся ў Беларусь, а тут – Госпадзі! – блакітнавокія, светлавалосыя, высокарослыя і ў рознакаляровых шапках (смяецца)… А калі сур’ёзна, то падарожжам для мяне з’яўляецца і звычайная паездка на дачны ўчастак у Каменку. Таму што справа не ў адлегласці, а ва ўражаннях, якія ты атрымліваеш падчас вандроўкі. Можна пабываць у Іерусаліме і не прывезці адтуль нічога, акрамя сувеніраў, а можна насыціць душу эмоцыямі ў тым жа лесапарку. І потым, часам трэба ад’ехацца вельмі далёка, каб ацаніць тое, што ў цябе ёсць. Даўным-даўно на сцяне маёй кватэры вісіць невялічкая іконка, як я думала, Маці Божай Казанскай. Хаця яна і адрознівалася ад, так бы мовіць, першакрыніцы. Сёлета на курорце “Краснаўсольскі” я зайшла ў царкву і ўбачыла… маю ікону. Аказваецца, я маю копію цудатворнага абраза Маці Божай Табынскай. І каб даведацца аб гэтым, мне прыйшлося пражыць не адзін дзясятак гадоў і праехаць некалькі тысяч кіламетраў.
– Як ставіцеся да веры?
– З пачуццём вялікай павагі. Але сама яшчэ не дарасла да адпаведанага ўзроўню. Часам мне дастаткова запаліць свечку дома, каб адчуць яднанне з Богам, з блізкімі мне людзьмі – і з жывымі, і з тымі, што ўжо адышлі ў іншы свет.
– Людміла Генадзьеўна, як звычайнае існаванне ператварыць у цікавае жыццё?
– Думаю, трэба ўвесь час вучыцца, шукаць нешта новае. Падвучышся – і галава пачынае працаваць з патроенай энергіяй, а на прывычныя рэчы глядзіш з іншай кропкі. Дзе, як і чаму вучыцца – індывідуальная справа кожнага: на курсах, у інтэрнэце, у бібліятэцы, ад іншых людзей… У ідэале – з усіх крыніц адначасова. Дарэчы, у мяне ёсць знаёмая, якая набыла ноўтбук у 73 гады, – цяпер асвойвае інтэрнэт, шукае цікавыя камп’ютарныя праграмы. Так што, як гэта ні трывіяльна гучыць: вучыцца ніколі не позна.
– Мы жывём у канфліктны час – эканамічныя цяжкасці непазбежна суправаджаюцца адмоўнымі эмоцыямі людзей. Як вы пазбягаеце (калі, канешне, пазбягаеце) падобных сітуацый?
– Я не з пароды крыўдлівых – я проста не крыўджуся. Да любой сітуацыі стаўлюся з пазіцыі: адкуль жа мне ведаць, што чалавек меў на ўвазе, калі гаварыў гэтыя словы? Можа, нічога дрэннага ён і не думаў сказаць. Проста атрымалася так двухсэнсоўна. Лепш змаўчаць, паспрабаваць “перавесці стрэлкі” на іншую тэму.
– Класік казаў, што свет уратуе прыгажосць. Вы згодны з гэтым сцвярджэннем?
– Ну, з класікам цяжка спрачацца (смяецца). Хаця не ў меншай ступені свет здольна ўратаваць пачуццё гумару. Па-мойму, лепш ад душы пасмяяцца над сітуацыяй, чым хапацца за зброю.
– Дзякую за размову. Поспехаў у жыцці і ў працы.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.