Для чаго і для каго створана ў Астраўцы аддзяленне дзённага знаходжання маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі

11:11 / 06.12.2011








Аддзяленне дзённага знаходжання маладых інвалідаў, якое працуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзейнічае без малога два гады: рашэнне аб яго стварэнні раённы выканаўчы камітэт прыняў 30 снежня 2009 года. Але далёка не ўсе ведаюць, для чаго і для каго яно створана, чым там займаюцца і ўвогуле – навошта яно патрэбна. Гэта заканамерна: як сыты галоднаму не спагадае, так і здаровы не заўсёды заўважае, што побач жывуць людзі хворыя, з абмежаванымі магчымасцямі. І зусім не таму, што здаровыя – дрэнныя, чэрствыя і бяздушныя — проста яны часта заняты безліччу сваіх спраў, і ім элементарна не хапае часу, каб прыпыніцца, азірнуцца, зразумець і адчуць сэрцам чужы боль…






У гэтым аддзяленні існуюць побач і ўзаемасуадносяцца, пераплятаюцца вельмі цесна: здаровая радасная ўсмешка – і грымасы пякучага болю, вытанчаныя рысы твару, дасканалая фігура – і пакручаныя хваробай пальцы, высокі інтэлект – і няўменне звязаць некалькі слоў. Уласна кажучы, для гэтага яно і стваралася – каб навучыць маладых інвалідаў існаваць у свеце здаровых людзей, а тых, у сваю чаргу, прывучыць да думкі, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі – не недзе там, на іншай планеце, а тут, побач з табой, што шчасце і гора, здароўе і хвароба, усмешка і слёзы ідуць па жыцці крок у крок — і трэба ўмець заўважаць гэта і па меры магчымасці дапамагаць тым, каму горш і цяжэй, чым табе.
Два гады назад аддзяленне ўяўляла сабой невялікі пакой у будынку тэрытарыяльнага цэнтра, у якім стаялі стол і два крэслы і працаваў адзін чалавек — яго загадчыца Ірына Ігараўна Стэх. Якая тым не менш лічыла, што цяжкасці гэтыя – часовыя, і была перапоўнена планамі і крэатыўнымі ідэямі аб тым, як зрабіць жыццё маладых людзей, што маюць пэўныя фізічныя ці псіхічныя недахопы развіцця, цікавым, насычаным, карысным.
Што змянілася за гэты час? Адказ на гэтае пытанне будзе залежаць ад таго, хто яго дасць – аптыміст, у якога шклянка звычайна напалову поўная, ці песіміст, у якога яна напалову пустая. Так, Ірына Ігараўна па-ранейшаму працуе ў аддзяленні адна, і ёй вельмі не хапае кваліфікаваных спецыялістаў для работы з такім спецыфічным кантынгентам, як маладыя інваліды. Так, аддзяленне ўсё гэтак жа месціцца ў адным пакоі. Але гэта ўжо зусім не той пакой, што быў два гады назад! Дзякуючы дапамозе шчырых сардэчных людзей яно набыло ўтульны выгляд: мяккі дыван, зручныя модулі, секцыя з неабходным посудам, вялікі сучасны тэлевізар, камп’ютар, зручная лавачка, цацкі, гульні, прыбор для выпальвання па дрэве, швейная машынка… Усё гэта – падарункі ад райвыканкама, раённага аддзялення Фонду міру, прыватных прадпрымальнікаў і проста неабыякавых людзей.
А самае галоўнае, дзеля чаго ўсё гэта і стваралася, – у аддзяленні цяпер заўсёды людна.
—Для абслугоўвання ў нашым аддзяленні залічана 14 маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — расказвае Ірына Ігараўна. – На жаль, не ўсе яны па медыцынскіх паказаннях могуць прыходзіць да нас. Да таго ж мы знаходзімся вельмі далёка ад цэнтра і жылых мікрараёнаў. Тых, каму дабрацца цяжка, наведваем дома – яны знаходзяцца пад пастаянным нашым патранатам. Але частка нашых выхаванцаў у цэнтры бывае рэгулярна.






Мы пазнаёміліся з імі, калі наведалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Сімпатычныя маладыя людзі! Крышку, канешне, адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў – але толькі крышку.
Напрыклад, Насця Курыла – вясёлая і добразычлівая, прыгожа малюе – на сценах аддзялення змешчаны лепшыя яе работы, пляце з бісеру незвычайнай прыгажосці дрэўцы. А яшчэ Насця паспрабавала сябе сёлета ў ролі валанцёра і нават ездзіла ў Ліду на злёт, чытала там на вялікай сцэне вершы, “адрывалася” на валанцёрскай дыскатэцы, набыла шмат новых сяброў – і вярнулася поўная ўражанняў.
Вольга Віткоўская прыехала ў Астравец з Малых Якентан. У дзяўчыны няпросты лёс, які яна спрабуе ўладкаваць. А дзённае аддзяленне яна любіць наведваць, бо тут займаецца цікавымі і карыснымі справамі: вясной разам садзяць агарод, летам – даглядаюць яго, збіраюць ураджай, вучацца гатаваць – гэта толькі дарослым і здаровым людзям здаецца, што тут няма нічога складанага, а для многіх з выхаванцаў цэнтра самастойна парэзаць гародніну ці зварыць суп– своеасаблівы маленькі подзвіг.
Оля Рукойць – сірата, і верш пра маму, пра тое, як хочацца дзяўчыне сказаць добрыя пяшчотныя словы самаму роднаму ў свеце чалавеку, які, на жаль, ужо ніколі не зможа іх пачуць, у яе выкананні гучыць асабліва пранікнёна і шчымліва. А яшчэ Оля – вялікая артыстка: калі выхаванцы рыхтуюць навагоднія ранішнікі для дзяцей з прытулку, ёй у сцэнарыі заўсёды адводзяць галоўныя ролі.
Павел Боўша — самы сціплы хлопчык з усіх наведвальнікаў аддзялення. Яму цяжэй за ўсё: многае з таго, што іншыя робяць без асаблівага напружання, для Пашы – непасільная задача. Прыходзіць сюды юнак звычайна з бацькам. Канстанцін Іванавіч, які цяпер працуе ў сістэме “Аховы”, дзяжурыць начамі, а днём можа ўвесь час прысвячаць сыну. Пасля таго, як Паша закончыў Іўескую школу-інтэрнат і вярнуўся дахаты, — тата яго неразлучны сябар.
—Цяжка было выпраўляць яго туды, — з сумам успамінае Канстанцін Іванавіч. – Ён так перажываў… Калі пасля канікулаў трэба было зноў ехаць на заняткі, гэта заўсёды было для Паўліка стрэсам. Як толькі зразумее, што аўтобус паварочвае не да бабулі ў вёску, а ў бок Гудагая, — замыкаецца: маўчыць усю дарогу і толькі глядзіць у акно…
З таго часу ў Пашы засталася нелюбоў да новых рэчаў: яму здаецца, што абноўка азначае, што яго зноў некуды павязуць.



А вось бываць у аддзяленні разам з татам ён любіць! Тут цікава. Прыгожа, утульна, дзяўчынкі ўсміхаюцца… Паша складвае фігуркі з мазаікі, кідае ў іх бок цікаўныя позіркі — і таксама ўсміхаецца…
—Канешне, нам хацелася б, каб наша аддзяленне працавала на больш высокім узроўні, — дзеліцца планамі-марамі Ірына Ігараўна. – Добра было б, каб мы знаходзіліся пад адным дахам з карэкцыйным цэнтрам. Яго выхаванцы – школьнікі, якія вырастаюць, пакідаюць яго сцены — і затым паступаюць да нас. І зноў – новыя людзі, новая абстаноўка, працэс прывыкання, стрэс. А калі б мы з самага пачатку былі разам, побач, гэтых негатыўных з’яў можна было б пазбегнуць. Дзеці б прывыкалі адзін да аднаго, да супрацоўнікаў, мы разам маглі б патраніраваць сваіх падапечных, якія не могуць выходзіць з дому. Вялікая праблема і тое, што наша аддзяленне знаходзіцца на ўскраіне – не кожны здаровы чалавек зможа дайсці сюды нават па вялікай патрэбе, а тым больш – хворы. І памяшканне хацелася б мець больш прасторнае, і ўмовы лепшыя, і спецыялісты каб працавалі з нашымі падапечнымі самыя розныя, а не я адна. Але мы разумеем, што немагчыма ўсё вырашыць у адзін момант. Сёння мы рады, што аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў існуе і працуе. Для маладых людзей, якія па розных прычынах засталіся інвалідамі, гэта вялікая справа – магчымасць выйсці “ў свет”, мець стасункі са здаровымі людзьмі, адаптавацца ў грамадстве. У гэтым і заключаецца галоўная задача нашай дзейнасці.
І аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў з ёй спраўляецца – настолькі паспяхова, наколькі дазваляюць умовы. І тое, што тут падыходзяць да справы творча, з душой, што заўсёды знаходзяцца людзі, якія гатовы дапамагчы і аддзяленню, і яго падапечным, усяляе надзею, што ўсе планы і мары загадчыцы і яе падапечных ажыццявяцца.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.