У гасцёўні "Астравецкай праўды" ўрач-кардыёлаг Святлана Радзько

09:08 / 09.03.2011

У гасцёўні “Астравецкай праўды” не проста цудоўная жанчына з поглядам феі, а “сардэчны” чалавек у прамым і пераносным сэнсе –  загадчыца паліклінікі Астравецкай раённай бальніцы, урач-кардыёлаг Святлана Уладзіміраўна Радзько.


– Святлана Уладзіміраўна, ці лёгка быць урачом, загадчыкам паліклінікі і жанчынай адначасова?
– Жанчынай – прыемна, урачом – хоць і няпроста, але цікава і патрэбна людзям. А вось загадчыкам паліклінікі – вельмі складана: калектыў у асноўным жаночы, і каб кіраваць жанчыне такім калектывам, трэба добра пастарацца. Часам патрэбна праявіць рашучасць і цвёрдасць, а вось ці заўсёды гэта атрымліваецца – іншае пытанне. Я лічу, што мужчыну на пасадзе кіраўніка значна прасцей.
– Ад вас зыходзіць пазітыўная зараджальная энергетыка.  На вашу думку, хворым, якіх вы лечыце, што дапамагае больш: лякарствы ці ваш уласны энергетычны пазітыў?
– Я не ведаю, якая ад мяне ідзе энергія, але лічу, што псіхалагічны момант у лячэнні пацыентаў іграе не апошнюю ролю. Зразумела, што пры хваробе без медыкаментаў не абысціся, але ж хворым не менш патрэбна добрае слова  і шчырыя добразычлівыя адносіны. Бываюць у кожнага нейкія жыццёвыя праблемы, але прыносіць іх на працу, а тым больш выліваць на сваіх пацыентаў ці падначаленых ні ў якім разе нельга.
– Давайце ўявім сітуацыю: вы прастудзіліся. Да каго звернецеся па дапамогу? Ці зоймецеся “самалячэннем”?
– Скажу па сакрэту – прастуда мяне баіцца. Я кожны год рэгулярна раблю прышчэпкі ад грыпу, нягледзячы на розныя меркаванні наконт карысці, і лічу: дапамагае. Але калі ўсё ж такі здарылася, што хвароба зачапіла і мяне, то ўсё ж займуся “самалячэннем”, я “здагадваюся”, як трэба лячыцца пры прастудзе. А звяртацца да ўрача буду ў тым выпадку, калі спатрэбіцца бальнічны ліст.
– У цяперашні час вельмі многа розных метадаў лячэння,  традыцыйных і нетрадыцыйных. На ваш погляд, бабка-знахарка – гэта сур’ёзная дапамога для хворага альбо наадварот – ускладненне сітуацыі?
– Усё залежыць ад хваробы і яе цяжкасці. Калі гэта неўроз – калі ласка, а калі анкалогія – то ні ў якім разе. І то, на мой погляд, пры лячэнні любой хваробы на першым месцы павінна быць урачэбная дапамога, а знахарства, калі ўжо так хочацца, як дадатковая.
– Урач – адказна, урач-кардыёлаг – вельмі адказна. Ці можа здарыцца так, што празмерная адданасць сваёй рабоце можа адбіцца на ўласным здароўі?
– Не вельмі зразумела, як можна празмерна аддавацца рабоце. Я лічу, што ўрач сваёй працы ці аддаецца, ці не аддаецца –але тады ён ужо па сваёй сутнасці не зусім урач. Пацыенты таксама бываюць розныя – не ўсе разумеюць, што ў некаторых выпадках вылечыцца вельмі цяжка, а ў іншых – і немагчыма, трэба змірыцца і жыць далей.
Што датычыцца ўласнага здароўя ўрачоў, то яны такія ж людзі, гэтак жа хварэюць  тымі самымі хваробамі. Доктар, які імкнецца працаваць добра, не можа не перажываць.
– Як вы думаеце: ці існуюць сапраўдныя мужчыны, і ў чым заключаецца іх сапраўднасць?
– Так, і адзін з іх – мой муж Сяргей, з якім жывем крыху больш за 20 год. Хоць гэтае пытанне даволі філасофскае і дастаткова рытарычнае, але магу сказаць адно: у мужчыны прыгажосць знешняя і сіла фізічная – не галоўныя фактары годнасці, мужчына не павінен быць баязліўцам, нягоднікам, махляром і, пажадана, каб паважаў жанчын і любіў дзяцей. Што тычыцца заробку, то не ўсе ж мужчыны могуць быць біламі гейтсамі – але ў любым выпадку яны павінны імкнуцца да таго, каб сям’я была забяспечана неабходным, а не толькі марыць, лежачы на канапе, пра вясёлае і бестурботнае жыццё.
– Ваш кабінет і кабінет мужа размяшчаюцца побач, дзверы ў дзверы. Дзе часцей вы з ім сустракаецеся – на працы ці дома?
– На працы мы з мужам перасякаемся часта, нават даводзіцца замяняць адзін аднаго. Дома я Сяргея таксама бачу, але гэта адбываецца часцей у буднія дні, у выхадныя ён звычайна  на рыбалцы ці  на паляванні.
– Ваш старэйшы сын – будучы ўрач. Каму з малодшых вы б не  параілі падацца ў медыцыну?
– Не вельмі хацелі, каб і старэйшы сын стаў урачом. Але збег абставін і рука лёсу распарадзіліся менавіта так, каб ён паступіў у медыцынскі інстытут. Што датычыцца малодшых Сашы і Ані, то ў іх ёсць уласнае права выбару, і ніхто з бацькоў ні на чым настойваць не будзе.
– На вашу думку, для жанчыны  што павінна быць на першым месцы: сям’я, работа, рэлігія, захапленні ці што-небудзь іншае?
– У кожнай жанчыны свой погляд на такія рэчы. Але, як мне здаецца, для прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва галоўнае – сям’я, на другім месцы – работа, а пасля – ўсё астатняе. Вера ў Бога – гэта таксама вельмі важна, яна павінна быць і ў сям’і, і на працы – галоўнае, каб была ад душы, для душы і шчырай.
– З вашага пункту гледжання, якая асноўная праблема сучаснай жанчыны?
– У кожнай жанчыны – свае праблемы. Але адна агульная для ўсіх, а, дакладней, для многіх – нізкая самаацэнка, вынік якой – закамплексаванасць і адсутнасць упэўненасці.
– Як уплывае алкаголь на сардэчна-сасудзістую сістэму жанчыны ў святочныя дні?
– Алкаголь у вялікіх колькасцях адмоўна ўплывае на арганізм не толькі жанчын, але і мужчын, і не толькі ў святочныя дні! А вось 30-50 грамаў для нармальнай жыццядзейнасці ўсіх сістэм арганізма фізічна і псіхічна здароваму чалавеку не пашкодзіць, а нават наадварот. Даказана.
– Што пажадаеце жанчынам у свята 8 Сакавіка?
– Здароўя, любіць і быць любімымі, упэўненасці ў сваіх сілах, і каб дзеці заўсёды радавалі.


Андрэй ПАМЕЦЬКА.


p style="text-align: left;"