Моцныя духам: Алег Кардзіс

11:06 / 02.02.2011

Алегу Кардзісу, які жыве са сваімі бацькамі ў Альхоўцы, яшчэ толькі адзінаццаць. Але за свой кароткі век ён паспеў ужо зведаць многае – боль і палёгку, страх і радасць, не раз быў на парозе смерці. Але кожны раз яго нешта ці нехта  спыняў – і ён жыве. Жыве і верыць, што ўсё ў яго жыцці будзе добра.


Алег – трэцяе дзіця ў сям’і Аляксандра Генадзьевіча і Святланы Фёдараўны Кардзісаў. Старэйшыя дзеці Ігар і Інга з нецярплівасцю чакалі нараджэння браціка. І ён прыйшоў на гэты свет у самую цудоўную пару. Лета… Навокал хараство і спакой. І Алежка таксама быў такім – прыгожым, спакойным хлопчыкам, любімцам бацькоў і старэйшых дзяцей.
А потым у дзверы дома пастукала бяда – Алег захварэў. Такое здараецца часта – хочацца нам ці не,  дзеці ў дзяцінстве хварэюць. А праз нейкі час ён разам з мамай трапіў у Бараўляны, дзе яму і паставілі дыягназ. Урач кожныя паўгадзіны яго  ўдакладняў: лёгкая… сярэдняя… цяжкая форма гемафіліі. Напэўна, каб падрыхтаваць бацькоў і нейкім чынам аблегчыць іх боль… Але…
…На шчасце, у роспач бацькі не кінуліся, разумелі, што будзе цяжка і складана. Але жыццё працягвалася – і яны жылі, працавалі і ўвесь вольны час прысвячалі малодшаму сыну. Бывалі моманты, калі здавалася, што Алег здасца. Але хлопчык з недзіцячай упартасцю змагаўся за жыццё і чапляўся за яго, як за выратавальную  нітачку...
…У 2005-ым Алегу споўнілася шэсць гадоў – і настаў час вучыцца. У школу па паказаннях урачоў хлопчык пайсці не мог, таму яму было прызначана надомнае навучанне. Вось тады ў іх доме і з’явілася яго першая настаўніца Раіса Чаславаўна Мароз. Вучоба Алегу давалася лёгка. Праўда, вучыцца пісаць ён пачынаў некалькі разоў – кожны раз перашкаджала хвароба, а вось чытаць амаль адразу ж пачаў не па складах, а цэлымі словамі. І пакрысе яго хатні пакой, у якім хлопчык праводзіў увесь час,  пры дапамозе таты і настаўніцы ператварыўся ў кабінет – там з’явіліся школьная дошка, неабходныя кнігі, прылады і крэйда. І калі мама і тата адпраўляліся на работу, Алег вучыўся. Сказаць, што было складана – нічога не сказаць. Часта ўрокі праходзілі незвычайна – Алег ляжаў у ложку або сядзеў,  апусціўшы ножкі ў халодную ваду. Іншым часам проста на вачах у яго пачыналі сінець пальцы на руках, і тады настаўніца бегла па снег ці ваду, каб на нейкі час, пакуль прыйдуць бацькі, аблегчыць яго пакуты. Але хлопчык ніколі і выгляду не падаў, што яму балюча і цяжка.
Калі Алег вучыўся ў трэцім класе, хвароба абвастрылася. Тры ўнутраныя кровазліцці… Цэлае лета Алег і яго мама Святлана Фёдараўна правялі ў гематалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Жыццё хлопчыка вісела літаральна на валаску. І ўрачы, згубіўшы надзею, сказалі маці, якая ўвесь час знаходзілася побач са сваім сынам, што трэба рыхтавацца да горшага. А назаўтра адчыніліся дзверы палаты – і зайшоў тата з велізарнай сумкай у руках. А ў сумцы – даўняя мара Алежкі: камп’ютар. Святлана Фёдараўна  недаўменна пазірала на мужа… Хлопчык нечакана для ўсіх расплюшчыў вочы і спытаў: “Тата, гэта камп’ютар?”.
З таго дня Алег пайшоў на папраўку і праз нейкі час вярнуўся дамоў. Пасля гэтага выпадку Святлана Фёдараўна вырашыла пакінуць работу і ўвесь час праводзіць з сынам.
А  камп’ютар на нейкі час стаў яго сябрам, з якім ён гуляў і вучыўся. Здараліся моманты, калі Алег не мог пісаць правай рукой, тады  тэксты ён набіраў левай на камп’ютары, на ім жа рашаў прыклады і задачы, выконваў прапанаваныя настаўніцай заданні. Ды і ўвогуле Алег  заўсёды вызначаўся стараннасцю і працавітасцю, а ўсе заданні і тады, і цяпер таксама выконваў акуратна. Ды так, што настаўнікі ставяць яго ў прыклад здаровым дзецям, якім іншым часам не хапае старання і цярпення давесці пачатую справу да канца.
За жыццём сваіх аднавяскоўцаў  хлопчык мог  назіраць толькі  праз акенца свайго пакоя – а яму так хацелася прайсціся па вуліцы, паглядзець на людзей і родную вёску, палюбавацца альхоўскімі краявідамі.
Пра інвалідную каляску і Алег, і бацькі марылі  даўно, але нідзе не маглі  знайсці хлопчыкавы памер. І вось аднойчы на свята Восьмага сакавіка ў дзверы пазванілі. Бацькі нікога не чакалі. Мама адчыніла дзверы, і ўбачыла на парозе чалавека, а побач з ім –  дзіцячае інваліднае крэсла. Як потым даведаліся, гэта быў падарунак тагачаснага пробашча Міхалішкаўскага касцёла ксяндза Леанарда. З таго дня жыццё Алега стала больш цікавым: ён змог бываць на вуліцы, наведваць мерапрыемствы ў школе, выязджаць з бацькамі на прыроду, любавацца рэчкай і лесам. Цяпер нават урокі, калі дазваляла здароўе,  Алег з настаўніцай праводзілі на свежым паветры.
Для хворага чалавека час ідзе марудна. Але для Алега чатыры гады праляцелі даволі хутка – ён закончыў пачатковую школу і перайшоў у пяты клас. Цяпер у яго павінны былі з’явіцца новыя прадметы і настаўнікі.
– Сваіх будучых настаўнікаў я ведаў, пра кожнага з іх мне расказвала Раіса Чаславаўна, многіх бачыў праз акно. Але было крыху не па сабе: увесь час думаў, як складуцца нашы ўзаемаадносіны,  як я буду вучыцца.
Але час паказаў, што ўсё ў хлопчыка атрымліваецца калі не на выдатна, то на вельмі добра. Сёлета першага верасня Алег разам з мамай  быў на школьнай лінейцы – вельмі спадабалася і захацелася  пайсці ў школу разам са сваімі аднакласнікамі, а не вучыцца дома. Пакуль што нельга… Але Алег не губляе надзею – старанна вывучае школьныя прадметы і марыць…
– З усіх школьных прадметаў мне больш за ўсё падабаецца матэматыка. Калі я вырасту, то стану праграмістам – і разам з сястрой і братам буду жыць у Мінску, працаваць на якой-небудзь фірме  ці на заводзе альбо фабрыцы. Я люблю Мінск, мне там падабаецца. Калі мы з бацькамі едзем да Інгі (сястры – аўт.), то яна заўсёды куды-небудзь мяне вядзе: у парк Горкага, у батанічны сад, у цырк. Здорава!
А ў вольны час Алег спрабуе іграць на “Ямасе”. Калісьці гэты музычны інструмент асвоіла яго сястра, а цяпер на ім займаецца Алег – з  дапамогай настаўніцы Таццяны Уладзіміраўны Ярмак ён навучыўся іграць амаль усе дзіцячыя песенькі – і працягвае музыцыраваць.
Ёсць у Алега і сябры – Коля, Лёша і Дзіма. З’явіліся яны не так  даўно, але за гэты час пасябравалі і ведаюць, што Алегу можна рабіць, а што – нельга. Прыходзяць да Алега і аднакласнікі, праўда, у Алегавым класе  толькі дзяўчынкі, і яму гуляць з імі не так весела і цікава, як з хлопцамі.
Яшчэ ён бавіць вольны час з  хатнімі любімцамі – катом Сімбам і сабакам Роккі. З Сімбам атрымалася незвычайная гісторыя. Аднойчы мама з Алегам позняй восенню гулялі па вуліцы і пачулі жаласлівае мяўканне – Алег быў гатовы падняцца з крэсла і бегчы глядзець, дзе і хто просіць дапамогі. Давялося маме дапамагаць сыну і  шукаць кацянятка. Побач быў английский бульдог. А яно было такое страшненькае, бруднае, і ўзяць яго ў дом Святлане Фёдараўне было боязна: кацяня магло падрапаць хлопчыка, а гэта – дадатковыя праблемы. Але Алег так глядзеў то на маму, то на  кацянятка, што адмовіць яму ў гэтай маленькай радасці яна не змагла. З першага дня Алег і Сімба сталі лепшымі сябрамі, а вельмі хутка брыдкае кацяня ператварылася ў вялікага прыгожага ката і любімца сям’і.
А ўсе святы дружная сям’я Кардзісаў адзначае разам. І рыхтуюцца да іх таксама ўсе.  З першага класа Алег з настаўніцай на дні нараджэння  бацькоў і брата з сястрой заўсёды рыхтавалі падарункі сваімі рукамі, мама з сынам упрыгожвалі дом, рыхтаваліся да сустрэчы гасцей. І гэтая традыцыя працягваецца і цяпер.
Напярэдадні Ражаства і Новага года сям’я Кардзісаў таксама ўзялася за работу –  прыбралі дом, навыразалі выцінанак і сняжынак, а тата для Алега падрыхтаваў сюрпрыз – зрабіў незвычайную ёлачку:  на падстаўцы з падсветкай. Да таго ж ёлка, калі яе ўключаеш у разетку, круціцца! На святы  пакой Алега і ўвогуле ўвесь дом унутры і на вуліцы, быў святочна ўпрыгожаны.
Урокі, сябры, дом, святы і будні, любімыя гульні,  хатнія жывёлы і цёплая сямейная абстаноўка – так працякаюць дні хлопчыка. Каляску сёлета прыбралі на гарышча –  няхай яна там і застаецца! Так хочацца верыць, што Алегу яна больш ніколі не спатрэбіцца, што ў яго атрымаецца пераадолець хваробу і ўсе яго мары абавязкова збудуцца!


– Алег – вельмі моцны духам хлопчык. Як бы цяжка яму ні было, ён ніколі не прызнаецца ў сваім болі, – расказвае настаўніца Раіса Чаславаўна Мароз. –  Святлана Фёдараўна даверыла мне самае дарагое, і для мяне сустрэча з іх сям’ёй – гэта школа жыцця. Калі чалавек здаровы, ён не цэніць гэтага, а Алегу дадзены Божы дар – ён у любым моманце заўсёды знаходзіць нешта  станоўчае і ніколі не апускае рукі. Я многаму навучылася ў Алега – стойкасці і аптымізму, веры, надзеі і любові. І мне так хочацца, каб здаровыя дзеці, у якіх ёсць усё, і галоўнае – здароўе,  павучыліся ў Алега працавітасці і акуратнасці, любові да людзей і дабрыні. А яшчэ, каб  у яго з’явілася шмат сапраўдных  сяброў з розных мясцін.


– Я вельмі ўдзячна ўсім урачам і медыцынскаму персаналу нашай раённай бальніцы, супрацоўнікам гематалагічнага цэнтра, якія адгукаюцца на першы наш  званок і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу, – гаворыць Святлана Фёдараўна. – Я ўдзячна Ганне Іосіфаўне Ціток за сустрэчы і сходы, калі мамы, у якіх ёсць хворыя дзеткі, збіраюцца разам. Не заўсёды ёсць магчымасць даехаць да Астраўца, тым не менш гэта здорава, што мы ёсць адзін у аднаго, і можам падзяліцца сваім болем і сваімі радасцямі, сваім вопытам і дасягненнямі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.