Валянцін Тачоны – персона года

14:34 / 28.01.2011

Па выніках галасавання, аб’яўленага на сайце газеты “Медыцынскі веснік”, галоўны ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы аб’яўлены “Персонай года”.


Гэтае прафесійнае перыядычнае выданне напрыканцы года вырашыла аб’явіць на сайце галасаванне, каб вызначыць папулярнасць  герояў сваіх нарысаў, у тым ліку – і Валянціна Ігнатавіча Тачонага. І хоць у галасаванні ўдзельнічала шмат вядомых у краіне і рэгіёнах, аўтарытэтных урачоў, Валянцін Ігнатавіч перамог у галасаванні з вялізным адрывам і быў названы “Медыцынскім веснікам” “Персонай года”: ён набраў амаль тысячу галасоў – 976, а ў педыятра са Старых Дарог, які апынуўся на другім месцы, – 533.
Галасы за нашага галоўнага ўрача аддавалі як наведвальнікі сайта, так і звычайныя чытачы газеты, якія, не маючы камп’ютара ці доступу ў інтэрнэт, дасылалі ў газету свае пісьмы. Галасавалі калегі, пацыенты бальніцы ці іх родныя і нават землякі з-за межаў краіны...
Віншуем Валянціна Ігнатавіча Тачонага з такім высокім народным прызнаннем, якое каштуе, напэўна, нават даражэй, чым афіцыйнае.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.