Сяргей Віктаравіч Шэін: "У жыцці заўсёды ёсць месца творчасці"

16:18 / 10.11.2010
2

Тыя, хто памятае, як у савецкія часы адзначалі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, пэўна, не забыў і свята, якое ішло літаральна ўслед за ім – 10 лістапада, Дзень савецкай міліцыі. Які большасці з радавых грамадзян, што не мелі дачынення да ахоўнікаў правапарадку, запомніўся дзякуючы шыкоўным канцэртам, якія ў гэты дзень традыцыйна паказвалі па тэлебачанні.
Беларуская міліцыя даўно ўжо сваё прафесійнае свята адзначае ў іншы дзень – 4 сакавіка. А вось для міліцыянераў старой, савецкай “закваскі” 10 лістапада па-ранейшаму застаецца асаблівым днём. І, напэўна, нездарма было прынята рашэнне ў гэты дзень ушаноўваць ветэранаў органаў унутраных спраў.
Лагічным нам падалося пагутарыць пра “былое і думы” з адным з тых, хто ўжо лічыцца ветэранам міліцыі. Хоць, кажучы па шчырасці, на ветэрана заўсёды энергічны, ініцыятыўны, поўны планаў і задум начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, падпалкоўнік міліцыі ў запасе Сяргей Віктаравіч Шэін ніяк “не цягне”. І тым не менш…





—Сяргей Віктаравіч, дык які з гэтых дзён – 4 сакавіка ці 10 лістапада – вы лічыце сваім прафесійным святам? А можа, з улікам камсамольскага мінулага, вам бліжэй дзень нараджэння камсамола? Ці, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня, вы ўжо лічыце сваім прафесійным святам Дзень фізкультурніка?
—Так, усе гэтыя дні я лічу сваімі прафесійнымі святамі. А яшчэ – дзень прафсаюзаў, Дзень пагранічніка – я ж яшчэ з’яўляюся старшынёй райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў, начальнікам раённага штаба добраахвотных пагранічных дружын. Так што мне пашанцавала ў жыцці – прафесійных свят у мяне многа, і гэта, я лічу, добра. Увогуле, чым больш свят, тым лепш – ці не так?
Хоць Дзень міліцыі сярод іх займае, вядома, асаблівае месца – усё ж гэтай справе аддадзены вялікі кавалак жыцця, 23 гады. Дзень беларускай міліцыі — свята, канешне, добрае, правільнае, і для сённяшніх супрацоўнікаў органаў яно, вядома, галоўнае. Для нас жа, старой гвардыі, якая давала клятву і прысягала на вернасць савецкай міліцыі, усё ж 10 лістапада, Дзень савецкай міліцыі, быў і застанецца галоўным прафесійным святам. Для мяне – у тым ліку. І вельмі добра, што прынята рашэнне зрабіць яго днём ветэранаў міліцыі – гэта правільна і лагічна.
—Вы мне даруйце, Сяргей Віктаравіч, але ў маім разуменні вы дрэнна асацыіруецеся з супрацоўнікам міліцыі. Наколькі я ведаю, вы – чалавек творчы, як сёння любяць гаварыць, крэатыўны, а міліцыя – гэта найперш закон, парадак, загады, строгае падпарадкаванне вышэйстаячаму… Як гэта вас “торкнула”, што вы пайшлі на службу?
—Ды я і сам гэтага часам не разумею: дзе Шэін, а дзе міліцыя?
Хоць я не проста прыйшоў у міліцыю: у той час – ішоў 1983 год – быў так званы партыйны прызыў людзей актыўных, ініцыятыўных, творчых на пасады намеснікаў начальнікаў аддзелаў па палітычнай рабоце, так званых зампалітаў. Мне неаднойчы прапаноўвалі пайсці на гэтую пасаду ў аддзел унутраных сапраў, і ўвесь час адмаўляўся. А потым так усё збеглася… Аўтарытэт партыі быў тады высокім, а тут першы сакратар райкама Лідзія Аркадзьеўна Белабокая вельмі настойліва рэкамендуе... Ціхан Іванавіч Місуна, на той час другі сакратар Віцебскага абкама партыі – чалавек, якога я вельмі паважаў і да думкі якога прыслухоўваўся — настойліва пераконвае, што работа гэта цікавая і творчая. Сябры з Гродна, які ўжо служылі ў міліцыі, таксама пра тое ж… Ну і апошнюю кропку паставіла “цяжкая артылерыя” – да справы падключылі жонку. Чарговую прапанову пайсці на работу ў міліцыю я прыняў.
—Не шкадавалі потым?
—Ведаеце, не. Хоць калі б сёння ўзнікла такая прапанова, я б зноў сумняваўся…
Але гады службы ў міліцыі былі цудоўным часам. І працаваць было цікава, і з людзьмі неардынарнымі лёс зводзіў. Да прыкладу, тагачасныя начальнікі аддзела – Яраслаў Мікалаевіч Халецкі, Уладзімір Уладзіміравіч Кабрынец – у іх многаму можна было павучыцца. Ды і іншыя супрацоўнікі – той жа начальнік аддзялення ДАІ Пётр Іванавіч Азевіч, гэта ж асоба! А начальнік следства Мікалай Іосіфавіч Макей – мала хто ведае, якія цудоўныя вершы ён піша. Ён быў нязменным рэдактарам нашай насценгазеты – прычым без прымусу, з ініцыятывай, і газета была – зачытаешся. Сёння мы сустракаемся ў міліцэйскім савеце ветэранаў з той жа Леанардай Браніславаўнай Стэх, Анатолем Іванавічам Дудко – нам ёсць што ўспомніць і пра што пагаварыць.
Справы мы цікавыя арганізоўвалі. Распрацоўвалі новыя методыкі работы. Да прыкладу, у 90-я гады – я тады ўжо з’яўляўся начальнікам штаба – вялізнай праблемай у раёне была траса Вільнюс-Полацк. Адно, што даволі аддаленая ад райцэнтра, а другое, што ад нас яна ідзе на тэрыторыю дзвюх іншых абласцей –Мінскай і Віцебскай. А там у міліцыянераў іншае тэхнічнае аснашчэнне, іншыя планы і задачы, і каб нам працаваць на іх тэрыторыі, патрэбен дазвол Міністэрства ўнутраных спраў. Ці ж будуць злачынцы, якія, да прыкладу, угналі на нашай тэрыторыі машыну ці абрабавалі некага, чакаць, пакуль мы той дазвол атрымаем? І вось мы выступілі з ініцыятывай і наладзілі сумесныя вучэнні аддзелаў унутраных спраў памежных раёнаў трох абласцей. Такіх вучэнняў было некалькі, мы адладзілі пытанні сувязі, распрацавалі аператыўныя мерапрыемствы, узгаднілі ўсе дэталі. Пасля таго на трасе пацішэла – і, наколькі я ведаю, і сёння яна не дастаўляе ахоўнікам правапарадку ранейшых клопатаў.
З кадрамі трэба было шмат працаваць. Калі я прыйшоў у аддзел, штат яго налічваў 45 чалавек. А потым у сувязі з усталяваннем дзяржаўнай граніцы ён павялічваўся да ста супрацоўнікаў. Астравецкі раён заўсёды адчуваў пэўны кадравы голад, і знайсці талковага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй на афіцэрскую пасаду для службы ў міліцыі было зусім няпроста. Але ж знаходзілі!
А адпачывалі як! Наш мужчынскі ансамбль “Прымакі” якіх толькі ўзнагарод не прывозіў – ні з аднаго конкурсу мы не вярталіся з пустымі рукамі. Аднойчы нават сталі лаўрэатамі ІІ Усесаюзнага агляду-конкурсу. На ўсіх раённых канцэртах “Прымакоў” прымалі на “біс”.





Нягледзячы на ўсе цяжкасці і праблемы, якіх і тады хапала, мы працавалі творча, плённа. І дабіваліся добрых вынікаў. Астравец тады быў далёка не такі, як сёння, з якім ужо ўсе лічацца і ўсе паважаюць, а так, «свету канец», як любілі жартаваць. І ўсё ж у міліцэйскіх колах вобласці і рэспублікі Астравецкі РАУС вельмі паважалі. Наш аддзел неаднаразова прызнаваўся лепшым ці ўваходзіў у тройку прызёраў па паказчыках сваёй дзейнасці ў вобласці, лічыўся адным з лепшых у рэспубліцы.
Так што з тых гадоў ёсць што ўспомніць, і ўспаміны гэтыя пераважна прыемныя. Таму я ні аб чым я не шкадую – месца для творчасці, як аказалася, ёсць усюды, у тым ліку і ў міліцыі…
—Наколькі я ведаю, ёсць у вашай міліцэйскай біяграфіі і такая старонка, як удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Што, не было магчымасці “адкасіць” ад гэтага небяспечнага задання? Ці жадання? І ўвогуле – чым вы там займаліся?
—У зводны міліцэйскі атрад, які ахоўваў парадак у зоне адсялення, я прасіўся некалькі разоў, пачынаючы з 1986 года. І ўсё не атрымлівалася, не адпускалі мяне, знаходзіліся нейкія неадкладныя справы тут, на месцы. Нарэшце ў 1988 годзе гэтую просьбу задаволілі. Я быў камісарам зводнага рэспубліканскага атрада, камандзірам яго з”яўляўся тады яшчэ маёр, а зараз палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Анатолій Фёдаравіч Нікалаевіч, які застаўся маім сябрам на ўсё жыццё.
Чым мы займаліся? Аховай парадку ў зоне адсялення. Павінны былі не дапускаць паўторнага засялення выселеных тэрыторый. Гэта было асабліва цяжка: прыязджаеш у вёску, а там — невядома адкуль узялася!— ужо жыве бабулька: кароўку сваю прывяла, скарб хатні неяк прывалакла. Плача, просіцца: “Дзеткі, я ў сваёй хатцы хачу памерці. Ну што ўжо мне, старой, тая радыяцыя? Не магу я прыжыцца на новым месцы”. А трэба яе назад адвезці – з той кароўкай, са скарбам… Цяжка, шкада гэтых людзей – да слёз. Але ж трэба выконваць загад. І потым, ты ж разумееш, што жыць тут сапраўды небяспечна. Неяк нас папрасіў парторг мясцовага калгаса дапамагчы ўбраць сена ў пойме Прыпяці. Ну што там нам, маладым? Лёгка! А потым прыехаў дазіметрыст, памераў фон сваім прыборам і схапіўся за галаву: адно з самых брудных месцаў у раёне.
Былі і іншыя”візіцёры”, ад якіх нам трэба было ахоўваць зону адсялення: тыя, хто прыязджаў сюды марадзёрстваваць: шыфер з дахаў здымалі, рэчы забіралі.. А некаторыя хацелі проста “злавіць экстрым”: пастраляць, на машынах пагойсаць у бязлюдных мясцінах. З такімі разборкі былі строгімі.
Там, у Нараўлянскім раёне, мы жылі непасрэдна ў зоне адсялення. Ці не баяліся ўздзеяння радыяцыі? Ну можа першы дзень рабілі ўсё, як прадпісвала інструкцыя: хадзілі ў ботах з бахіламі па спецыяльна абмежаваных чырвонымі сцяжкамі дарожках, дзе фон бяспечны. А потым… Чэрвень месяц, цяплынь – ну хто будзе ўсе гэтыя правілы захоўваць? І басанож хадзілі, і грыбы збіралі, і рыбу лавілі… Я разумею людзей, якія сцвярджаюць, што немагчыма ўвесь час жыць у страху – гэта і сапраўды так.
Там, у Чарнобыльскай зоне, я многаму навучыўся, многае даведаўся – усё ж сапраўдныя чалавечыя якасці правяраюцца менавіта ў такіх экстрэмальных сітуацыях. Ну і мы шмат чаго карыснага там рабілі, жыццё ў нас было цікавае. газету сваю выпускалі, наладзілі адносіны з мясцовай рэдакцыяй. Я рады, што і гэтая старонка, і такі вопыт былі ў маім жыцці.
—Калі параўноўваць сённяшнюю міліцыю і тую, у якой вы некалі служылі… Што з таго, што зараз маюць супрацоўнікі міліцыі, вы хацелі б мець у тагачаснай сваёй рабоце? І чаму хочацца навучыць, што параіць сённяшнім ахоўнікам правапарадку?
—Чаму сёння ветэраны могуць па-добраму пазайздросціць, дык гэта ўмовам працы, матэрыяльна-тэхнічнай базе. Зрэшты, што тут дзівіцца: мы ўсе сталі жыць лепш – і міліцыя не выключэнне. Мы ў свой час пра сённяшні будынак толькі пачыналі марыць – і працаваць на гэтую мару: першую праектна-каштарысную дакументацыю, адвод участка для сённяшняга будынка РАУС рабілі яшчэ з маім удзелам. Тэхнічным сродкам, якія значна аблягчаюць працу міліцыянера, можна парадавацца, сродкам сувязі – гэта нельга нават параўноўваць з тым, з чым даводзілася працаваць нам.
А параіць, навучыць… Ведаеце, сёння прагматызм, практыцызм, які ўласцівы большай частцы нашай моладзі, многія лічаць станоўчай рысай: маўляў, маладыя ведаюць, чаго хочуць і як гэтага дасягнуць. Можа, гэта і добра. Але мне ўсё ж шкада, што ў сённяшніх міліцыянераў няма той рамантыкі, якая клікала ў свой час на службу ў органы большасць з нашых сённяшніх ветэранаў. І з тых, хто ішоў служыць менавіта за ідэю, каб змагацца са злом, са злачыннасцю, адстойваць справядлівасць, праўду – менавіта з іх выходзілі лепшыя супрацоўнікі. Так, і ў наш час былі такія, каго цікавілі найперш грошы ці магчымасць мець уладу над іншымі. Але нічога добрага з іх не атрымлівалася. А лепшыя міліцыянеры служылі менавіта найперш за ідэю. Шкада, што зараз гэта сыходзіць.
І яшчэ мяне вельмі засмучае, калі я бачу нейкую абыякавасць у вачах маладых міліцыянераў. Маўляў, што старацца, нічога ад мяне не залежыць, я ўсяго толькі “вінцік” у вялікай сістэме, які павінен круціцца ў зададзеным рытме і напрамку, выконваць загады… Ды няпраўда гэта: усё можна змяніць, калі захацець — хай сабе спачатку ўсяго толькі ў аддзяленні, у сваім маленькім калектыве. А потым – і ва ўсім аддзеле. Глядзіш, і стане астравецкая міліцыя такой, як была некалі, на якую раўняліся і якую ставілі ў прыклад.
—І ўсё ж давайце вернемся да таго, з чаго пачыналі: са шматлікіх не тое што спраў – сфер дзейнасці, у якіх вы паспелі папрацаваць за свой век, якая вам бліжэй за ўсё? Педагогіка, камсамольская работа, міліцэйскія справы, сённяшнія абавязкі начальніка аддзела па фізкультуры, спорту і турызму? Ці можа, тое, у чым сябе яшчэ не паспелі паспрабаваць – журналістыка, да прыкладу?
—Ну, калі гаварыць пра журналістыку, то я б не сказаў, што гэта для мяне такая ўжо нязведаная справа: у свой час я шмат супрацоўнічаў з газетамі як пазаштатны аўтар, і падчас службы ў Германіі нават нядрэнна зарабляў на аўтарскіх ганарарах.
Але ведаеце, да якой высновы я прыйшоў, паспрабаваўшы ў жыцці многія сферы дзейнасці? У кожнай справе ёсць нешта цікавае. Перафразаваўшы вядомы афарызм, можна сказаць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца творчасці — галоўнае, каб Гасподзь надзяліў творчымі адносінамі да жыцця. Мне ён, здаецца, гэтага скарбу не пашкадаваў. І таму да кожнай справы, якой мне даводзілася займацца, я стараўся адносіцца з творчым падыходам.
Хоць і мяне кожная справа нечаму навучыла, нешта прыўнесла ў мой характар. Камсамолу, да прыкладу, я на ўсё жыццё застаўся ўдзячны за тое, што ён дапамог паверыць у сябе, у свае сілы, за тое, што ён дорыць тыя самыя крылы, з якім ты можаш скарыць любую вышыню. І яшчэ з камсамольскага юнацтва ў мяне засталося шырокае кола стасункаў, сяброў па жыцці – гэта дарагога варта.
Міліцыя таксама шмат прыўнесла ў мой характар, разуменне жыцця. Я прыйшоў туды такім крыху летуценнікам, фантазёрам, вальнадумцам… А мяне прызямлілі, паказалі, што жыццё – гэта не толькі белыя аблокі ў блакітным небе, і не ўсё ў ім ружовае і пахучае. Давялося сутыкнуцца і з людской бядой, і з брудам…
А яшчэ работа ў міліцыі, асабліва ў штабе, навучыла арганізаванасці. Я зразумеў, што калі хочаш нешта зрабіць хутка і добра, то не абавязкова бегчы стрымгалоў выконваць заданне – трэба перш за ўсё сесці, падумаць, усё дакладна спланаваць – і тады ўсё будзе зроблена лепш і эфектыўней.
Так што за ўсё, што адбывалася ў маім жыцці, у тым ліку і за рэзкія павароты, я ўдзячны лёсу – усе яны мяне многаму навучылі, многае дапамаглі зразумець. І работа ў органах унутраных спраў – таксама.
І ўсё ж справа, якой я займаюся сёння, развіццё фізкультуры, спорту, турызму ў раёне — гэта для мяне цяпер самае цікавае. Тут такая няўзнятая цаліна, столькі непачатай работы і такі прастор для творчасці, што дай Бог сіл і часу ўсе задумы ажыццявіць.
—Ну што ж, таго вам і пажадаем, віншуючы з адным з вашых шматлікіх прафесійных свят – Днём савецкай міліцыі. А яшчэ – каб званне ветэрана да вас яшчэ доўга не мела ніякага дачынення.


Гутарыла Ніна РЫБІК.