Лыжы да Аўстрыі давялі

15:21 / 26.03.2010
Імя Наталлі Духновіч я, ды, думаю, і большасць нашых чытачоў, хто цікавіцца спартыўным жыццём раёна, чулі не раз. Яно рэгулярна “мільгае” на старонках нашай газеты: то Наталля ў спаборніцтвах па армрэстлінгу дакажа, што яна – зусім не «слабы пол», то на лыжах прабяжыць хутчэй за ўсіх, то ў настольным тэнісе сапернікаў “абскача”. А калі прыйшла навіна, што Наталля Духновіч прымала ўдзел у еўрапейскіх лясных лыжных гонках, які праходзілі ў Аўстрыі, стала зразумела: час знаёміцца бліжэй. Пры бліжэйшым знаёмстве Наташа аказалася мілай, сімпатычнай, абаяльнай дзяўчынай з гарэзлівымі ямачкамі на шчоках. Нашай, астравецкай “гадоўлі”: вырасла і закончыла школу ў Рытані, паступіла ў Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж. Пасля яго заканчэння стала працаваць бухгалтарам у Міхалішкаўскім лясніцтве – і гэта быў лёсавызначальны крок і ў лёсе дзяўчыны, і ў развіцці яе спартыўных здольнасцей, якія праявіліся яшчэ ў школе і каледжы. Бо ўсім вядома, што лясгас – адна з самых “спартыўных” арганізацый у раёне: тут умеюць не толькі добра працаваць, але і цікава, карысна, актыўна адпачываць – пра гэта сведчыць удзел арганізацыі практычна ва ўсіх раённых і абласных спаборніцтвах, з якіх астравецкія леснікі, як правіла, вяртаюцца з узнагародамі. —Мне вельмі падабаецца мая работа, — гаворыць Наталля. – Цяпер я працую бухгалтарам у дрэваапрацоўчым цэху лясгаса. Работа – цікавая, калектыў — выдатны, кіраўніцтва – цудоўнае. Гэта якраз той выпадак, калі работа – ў радасць. А для душы, для дадатковай самарэалізацыі ў Наталлі ёсць спорт. Яна – актыўная ўдзельніца ўсіх спартыўных спаборніцтваў, у якіх удзельнічае каманда лясгаса, у розных відах. Але асаблівую перавагу аддае лыжам. —Першыя мае сур’ёзныя спаборніцтвы адбыліся ў 2004 годзе. Тады я заняла ў вобласці, здаецца, шостае месца і трапіла на рэспубліканскія лыжныя гонкі, дзе ўвайшла ў дзесятку лепшых. Гэта быў поспех. Але хацелася большага. Вось тады і паставіла перад сабой мэту: трэба ўдасканальвацца, дабівацца сур’ёзных вынікаў – і ўвайсці ў лік прызёраў. Даўно і не намі заўважана: калі чалавек нечага моцна захоча – ён гэтага даб’ецца. Так было і з Наталляй. Тры гады запар яна перамагала на абласных лыжных спаборніцтвах і ўваходзіла ў тройку лепшых у рэспубліцы. Летась яе нават уключылі ў склад беларускай зборнай для ўдзелу ў еўрапейскіх лясных гонках, але паехаць у Славенію не ўдалося: узніклі праблемы з дакументамі. Затое ўжо сёлета свой шанс Наталля Духновіч не ўпусціла: першае месца ў вобласці, чацвёртае ў рэспубліцы — і доўгачаканы ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. —Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву лясгаса – Рыгору Мечыслававічу Доўгаму, Пятру Зянонавічу Крупеньчыку — за дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў, — гаворыць Наталля. – Мне купілі новыя сучасныя лыжы, спартыўны касцюм, аплацілі камандзіроўку. Без гэтай падтрымкі, вядома, удзельнічаць у спаборніцтвах і разлічваць на прыстойны вынік было б цяжка. Разлічваць на вынікі было б цяжка і без рэгулярных трэніровак. Пагэтаму Наталля з сяброўкамі – а спартсменаў у лясгасе, як мы ўжо казалі, нямала – кожны вечар станавілася на лыжы – дзякуй богу, зіма сёлета такую немагчымую ў мінулыя гады раскошу дазваляла. Еўрапейскія лясныя гонкі – спаборніцтвы традыцыйныя і сур’ёзныя. Сёлета, да прыкладу, у Аўстрыю прыехала 50 каманд з 22 краін свету – усяго каля тысячы ўдзельнікаў. Беларусь прадстаўлялі 22 лыжнікі, якія працуюць у сістэме лясной гаспадаркі. З Гродзенскай вобласці сярод іх было трое. У тым ліку — і наша Наталля Духновіч. Спаборніцтвы складаліся з двух відаў — лыжныя гонкі са стральбой – своеасаблівы біятлон – і эстафета. Наталля прымала ўдзел у першым. І выступіла вельмі ўдала: стала трынаццатай, што для спаборніцтваў такога ўзроўню і нашай дэбютанткі – больш чым прыстойна. А яшчэ былі экскурсіі па Аўстрыі, знаёмствы з тамтэйшым укладам жыцця, пражыванне і адпачынак у курортным пасёлку. Словам, дамоў Наталля вярнулася з незабыўнымі ўражаннямі. Яны, спадзяёмся, прымножацца пасля іншых спаборніцтваў, у якіх яшчэ прыме ўдзел наша зямлячка і з якіх прывязе новыя перамогі.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.