Уроженец деревни Бобровники Артур Комар чуть ли не каждый месяц становится победителем соревнований по армрестлингу

11:18 / 20.07.2017

Артур Комар – хлопец з Бабраўнікаў, са школьных часоў актыўна выступаў на спаборніцтвах па бегу на доўгія дыстанцыі за Варнянскую школу ды Астравецкі раён. Стаўшы студэнтам, Артур не спыніў сваё фізічнае ўдасканаленне і падаўся ў новы для сябе від спорту – армрэстлінг. Варта адзначыць – вельмі паспяхова. Ужо праз год актыўных трэніровак ён стаў кандыдатам у майстры спорту, прызёрам Кубка Рэспублікі Беларусь па армрэстлінгу.

arm1.jpg

А 2017 год ледзь не штомесяц прыносіць хлопцу перамогі. У лютым Артур выйграў адкрыты Чэмпіянат Мінска па армрэстлінгу ў вагавай катэгорыі 65 кг. У  сакавіку ён стаў чацвёртым на Чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, які сабраў больш за 130 спартсменаў. У пачатку красавіка Артур заняў 1 месца ў першынстве Рэспублікі Беларусь па армрэстлінгу сярод юніёраў. А напрыканцы красавіка стаў першым у вагавай катэгорыі 65 кг на Рэспубліканскай універсіядзе па армрэстлінгу, дзе перамог у схватках і на левую, і на правую руку. Відаць, усё ж нездарма  хлопцаў з Бабраўнікаў за сілу называлі бабраўніцкімі рэнджарамі!

Мы вырашылі задаць новаяўленаму чэмпіёну некалькі пытанняў.

– Артур, як ты прыйшоў у армрэстлінг?

– Гэта барацьба мне заўсёды падабалася, але я нават уявіць не мог, наколькі гэта папулярны від спорту ў Беларусі і свеце. У школе ўсё зводзілася да барацьбы за партай, са сваімі правіламі і акалічнасцямі. Але тады для нас гэта была забава.

На трэцім курсе ўніверсітэта я вырашыў паспрабаваць сябе ў армрэстлінгу. Але ў мяне былі сумненні: ці змагу паказаць станоўчы вынік на спаборніцтвах, пачаўшы заняткі адносна позна? Аднак пасля некалькіх месяцаў інтэнсіўных трэніровак я ўжо выступаў на ўзроўні кандыдата ў майстры спорту.

– Ёсць меркаванне, што гэты спорт вельмі лёгкі і не трэба мець спецыяльных навыкаў і ведаў для барацьбы за сталом. Гэта так?

– Гэта зусім не так. Арм­рэстлінг вельмі цікавы спорт з адмысловай тэхнікай барацьбы за сталом, і вельмі важна ўмець прымяніць пэўную тэхніку з пэўным сапернікам. Тут трэба думаць, аналізаваць. На першых спаборніцтвах я прайграў, што называецца, без шансаў. І не таму, што быў слабейшы – проста не ведаў сваіх моцных бакоў, было недастаткова ведаў і вопыту прымянення той ці іншай тэхнікі.

– А якія бываюць тэхнікі, і ў якой працуеш ты?

– Існуе тры тэхнікі барацьбы:  «верхам»,  «бокам» і «ў крук». Барацьба «верхам» патрабуе моцнай плеча-прамянёвай мышцы і кісці, барацьба «ў крук» –  моцнага біцэпса. Барацьба «бо­кам» пераходная паміж гэ­тымі тэхнікамі. Я люблю працаваць у тэхніцы  «ў крук», бо ў мяне даволі моцныя мышцы. Гэта тэхніка, дарэчы, лічыцца самай траўманебяспечнай.

– Якія траўмы найчасцей бываюць у рукаборцаў?

– Увогуле, самыя частыя і тыповыя траўмы ў армрэстлераў – разрыў і расцяжэнне звязак. Аднак жа, згадзіцеся, любы спорт у пэўнай ступені траўманебяспечны. Я перакананы, што траўмаў можна пазбегнуць, калі граматна трэніравацца і правільна дужацца за сталом.

– Ствараецца ўражанне, што ў армрэстлераў працуюць толькі рукі. Тады які сэнс у гэтым відзе спорту?

– Гэта памылковае ўражанне, бо, каб быць добрым армрэстлерам, трэба быць агульна фізічна развітым. Абавязкова трэба мець моцныя грудныя мышцы, плечы, прэс. І нават моцныя ногі дапамагаюць трымаць правільную стойку на старце. І хоць мы шмат трэніруем кісці рук, перадплеччы, біцэпс, хват, пра ўсё астатняе таксама не забываем.

– Як часта ты трэніруешся?

– Чатыры трэніроўкі на ты­дзень у зале. Калі цёпла і ёсць вольны час, займаюся на турніках. Дзве трэніроўкі ідуць непасрэдна на развіццё сілы рук, адна – на агульную фізічную падрыхтоўку. І яшчэ адна – барацьба за сталом. Яна вельмі важная для адпрацоўкі розных тэхнік барацьбы, а таксама старта, бо ў армрэстлінгу шмат вырашае ўменне рэагаваць на каманду «go».

– Ці можаш узгадаць якія-небудзь цікавыя выпадкі, якія адбываліся з табой на спаборніцтвах?

– На Чэмпіянаце Рэспублікі суддзя з Брэста ўбачыў на мне майку з выявай Кастуся Каліноўскага, і мы пачалі  размаўляць па-беларуску. Пазней, сустрэўшыся на ўніверсіядзе ў Гомелі, ён расказваў мне цікавыя хуткамоўкі.

– Што патрэбна для таго, каб паспяхова займацца армрэстлінгам?

– Мне здаецца, каб дасягнуць поспеху, трэба мець задаткі ад прыроды. Шмат вырашаюць звязкі рук. Ёсць спартсмены, якія трэніруюца шмат гадоў, накачваюць біцэпс, але добрага выніку не паказваюць. А ёсць тыя, хто, пазаймаўшыся некалькі гадоў, дасягаюць узроўня майстра спорту і нават больш.

Важна мець партнёра, які мацнейшы за цябе. Па-першае, гэта стымул, па-другое ёсць магчымасць адтачыць навыкі барацьбы за сталом. Увогуле я ў дзяцінстве шмат працаваў фізічна. Мяне зразумеюць вясковыя – праца на зямлі, нарыхтоўка сена, догляд жывёлы – усё гэта развівае фізічна, загартоўвае, нават калі ты пра гэта не задумваешся. Для мяне гэта і стала найлепшым падмуркам.

Некалькі фактаў пра армрэстлінг

Армрэстлінг – від барацьбы на руках паміж двума ўдзельнікамі.

Армрэстлінг не з'яўляецца алімпійскім відам спорту.

Спаборніцтвы прахо­дзяць на абедзвюх руках, што прадухіляе непрапарцыйнае пашырэнне мускулатуры і целаскладу.

Узнікненне гэтага віду барацьбы звязваюць з нека­торымі прафесійнымі гру­памі. Напрыклад, маракі, для якіх армрэстлінг быў забавай падчас доўгіх месяцаў знаходжання ў плаванні.

Гэты старажытны від спорту быў адроджаны ў 1960-я гады ў ЗША, а ў 1990-ых гадах ён атрымаў распаўсюджванне ў CCCР.

Нягледзячы на знешнюю прастату рухаў,  гэты від спорту траўманебяспечны з-за вялікіх нагрузак на локцевыя і плечавыя суставы, звязкі, косткі перадплечча і пляча.

Адэлька БАЙЦЭВІЧ.

Фота з уласнага архіва А. Комара.

Текст: Главный администратор