Гордость Островецкого района - Алексей Мазырко: “Мой лёс – лес”

09:06 / 28.04.2017

sohranim_les.jpgКатлоўскае лясніцтва Астравецкага лясгаса ў пэўным сэнсе ўнікальнае: па-першае, яно адзінае вопытна-вытворчае ў раёне, па-другое, тут працуе цэлая сямейная дынастыя лесаводаў Мазырка: Аляксей Аляксеевіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, – ляснічым, яго жонка Анжаліка Уладзіміраўна – памочнікам ляснічага, сын Валянцін – майстрам лесу, а нявестка Таццяна – бухгалтарам.

…Жыццё ляснічага Аляксея Аляксеевіча Мазыркі непарыўна, вось ужо на працягу 30 гадоў звязана з лясной гаспадаркай. Ляснічы лічыць, што лес – гэта не толькі яго жыццё і прафесія, але  і хобі, аддушына, ды і што там казаць – сам лёс.

– Няма больш нічога цікавей ў свеце за  лес. Ён заўсёды розны і там усё цікава, – пачынаючы ад грыбоў і заканчваючы магутнымі дрэвамі. Гэта ўнікальнасць залежыць не толькі ад пары года, але і ад успрыяцця чалавека і яго адносін да лесу, – пачынае размову Аляксей Аляксеевіч. – Працаўнікі лясной гаспадаркі павінны быць не лесанарыхтоўшчыкамі, а лесаводамі. На жаль, з кожным годам ляснічаму ўсё радзей і радзей выпадае бываць у лесе: зараз шмат часу забіраюць вялікія аб’ёмы карэспандэнцыі, розныя паперы. Тым не менш, кожную вольную хвілінку імкнуся ў лес, – мужчына задумваецца. –   Для недасведчанага ў лесаводстве чалавека здаецца, што садзіць лес – проста. На самой справе гэта не так: прагадаеш са змяшэннем культур – і праз сем гадоў не будзе чаго пераводзіць у пакрытыя лесам плошчы...

Хоць па сваёй натуры галоўны ляснічы нешматслоўны, але пра лес можа расказваць бясконца. Напэўна, менавіта гэтая захопленасць і адданасць сваёй справе і парадзілі поспех у прафесіі. Да слова сказаць, ў лясную гаспадарку Аляксей Аляксеевіч прыйшоў выпадкова. А, магчыма, сам лёс прадвызначыў дарогу вясковага хлопчыка?

– Нарадзіўся я на Лідчыне ў простай сялянскай сям’і. Ніхто са сваякоў не быў звязаны з лясной гаспадаркай. Праўда, тата і дзядуля захапляліся паляваннем. Цяга да гэтага мужчынскага занятку перадалася і мне. Усе віды палявання па-свойму цікавыя: хочаш ногі пабіць – ідзі на зайца, пабегаць – на дзіка, – расказвае галоўны ляснічы Катлоўскага вопытна-вытворчала лясніцтва. – Хлопец з суседняй вёскі,  з якім сябравалі, пры сустрэчы параіў сумясціць прыемнае з карысным – так я стаў студэнтам Полацкага ляснога тэхнікума. Падчас вучобы адслужыў у арміі і вярнуўся давучвацца.

Менавіта ў Полацку Аляксей Аляксеевіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Анжалікай, якая таксама вучылася ў лясным тэхнікуме.

– Мяне размеркавалі на Гродзеншчыну, таму Анжаліцы давялося давучвацца завочна, – успамінае Аляксей Аляксеевіч. – Жылі мы ў чатырнаццаці кіламетрах ад Гродна на хутары. А пасля, калі пераехалі на Астравеччыну ў 1991 годзе, сябры прапанавалі купіць дом у Петраполі. Вакол лес, вада – благадаць! Жыві ды працуй у сваё задавальненне. Складана было толькі першыя два гады, пакуль не прызвычаіўся да калектыву, не ўнік ва ўсе нюансы... Самы напружаны для лесаводаў час – пажаранебяспечны перыяд, які наступае вясной; летам і восенню ў вялікіх аб’ёмах нарыхтоўваем драўніну, а зімой ужо больш спакойна…

Калектыў Катлоўскага вопытна-вытворчага лясніцтва дастаткова вялікі – тут працуюць 33 чалавекі. Аляксей Аляксеевіч лічыць, што толькі дзякуючы сваім падначаленым і калегам у адной асобе, яго партрэт летась занеслі на раённую Дошку гонару.

– Ды не пра мяне трэба пісаць, а пра ўвесь наш калектыў. Хлопцы, з якімі разам вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме, – Мікалай Аляксандравіч Уласен, Сяргей Міхайлавіч Місевіч, працуюць зараз разам са мной. Яны і астатнія работнікі – плацінавае ядро лясніцтва, – гаворыць Аляксей Аляксеевіч. – Ніводны ляснічы без  калектыву не выведзе лясніцтва наперад.  Лічу, што ўсе працаўнікі Катлоўскага лясніцтва – невялікая сям’я, дзе кожны перажывае за агульную справу і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу іншаму… Нам аб’яднаў адзін лёс – лес.

DSC.jpg

* Лясніцтвы Астравецкага лясгаса не падобны адно да аднаго –у кожнага сваё адметнае аблічча.

 * Да лесу, пакуль ён не дасягне сямігадовага ўзросту, трэба адносіцца, як да дзіцяці,  – у  гэты час ён патрабуе асаблівага клопату і догляду. У час не вызваліш яго ад малінніку, непатрэбнай расліннасці – і праз гады ён табе не аддзячыць грыбамі, зёлкамі, драўнінай.

* Ад палявання мяне адвярнуў адзін выпадак. Разам з жонкай мы выхадзілі маленькую казулю, якую моцна пашкодзілі сабакі. Два гады Красуля жыла ў нас, але дзікая жывёла, нягледзячы на клопат чалавека, – усё адно застаецца дзіцем прыроды. Як было ні балюча развітвацца з гадаванкай, але давялося выпусціць яе ў лес. На працягу некалькіх гадоў Краска прыходзіла да нас… не адна – а разам са сваімі маленькімі.
Текст:
Фото: М.Дубровіцы