Главный садовод Островетчины отметил 70-летний юбилей

14:23 / 11.01.2017
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Хуткі, жвавы і імклівы, ён, як тарнада, захоплівае не толькі людзей, але, здаецца, і ўсю прастору вакол сябе жыццядайнай энергетыкай. Ён ніколі не спыняецца на дасягнутым і не апускае рукі: вучыцца, эксперыментуе, шукае, адчыняе закрытыя дзверы. Сёння пра такіх кажуць “зрабіў сябе сам” – гэта значыць без дапамогі багатых бацькоў ці “шырокіх плячэй” зарабіў сваім мазалём кожную капейчыну. Яго можна лічыць мэтрам садаводства Астравеччыны і мецэнатам, які дапамог не адной школе нашага раёна ўзрасціць квітнеючыя сады… Усё гэта – пра Часлава Станіслававіча Лабачэўскага.

Мы сустрэліся з юбілярам напярэдадні яго “круглабокай” даты з дня нараджэння – 70-годдзя і  пагутарылі пра дасягненні, расчараванні, справу жыцця, сям’ю і мары.

Пра дарогу да прызвання і прызнання


Вашы яблыні растуць ва ўсіх куточках Беларусі, а да вас, як да прафесійнага садавода, звяртаюцца за парадамі і кансультацыямі... Адкуль пачынаюцца вытокі такой любові да зямлі і раслін?  Як вы сталі фермерам?

– Усё пачыналася са школы, дзе нам прывівалі любоў да працы: мы дапамагалі калгасам сеяць кукурузу, убіраць кручку і кармавыя буракі. Зразумела, што і бацькі прывучалі да работы. У дзяцінстве я даіў карову, карміў свіней.

Пасля школы адвучыўся на інжынерным факультэце Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута і пайшоў у сельгастэхніку. Працаваў інжынерам па ўкараненні новай тэхнікі, начальнікам будаўніча-мантажнага ўчастка...

Магчыма, гэты досвед даў штуршок рабіць усё самому, тварыць і вынаходзіць. У той час сельгастэхніка была больш прамысловым, а не аграрным прадпрыемствам.

Затым перайшоў у калгас “Шлях Леніна” – мне хацелася быць бліжэй да зямлі.... Пачалася перабудова, і я вырашыў кінуць выклік самому сабе: ці змагу, ці атрымаецца? Як зараз помню, 21 кастрычніка 1991 года я адным з першых у раёне атрымаў зямлю. З чаго пачынаць? Займаўся жывёлагадоўляй, вырошчваннем збожжавых і бульбы. Унутраны голас шаптаў: “Не маё, не тое”... Неяк на вочы трапіўся даведнік садавода – і я прапаў. Перачытаў усе кнігі па гэтай галіне – а іх у нашай хатняй бібліятэцы было шмат – і зразумеў: гэтага недастаткова, трэба вучыцца.

Лёс мяне звёў з самым да-сведчаным і вопытным на той час садаводам у Беларусі Міхаілам Іосіфавічам Сухоцкім – яго лічу сваім галоўным настаўнікам, які адкрыў мне азы і прамудрасці садаводства. А далей – самаадукацыя. Я пастаянна ездзіў за мяжу, пераймаў вопыт у садаводаў Польшчы, Італіі, Галандыі – чалавеку не хопіць адной тэорыі, патрэбна і практыка... Пасля вызначыў накірунак фермерскай гаспадаркі і пачаў развіваць пладаводства, а потым пераарыентаваўся – абраў вытворчасць пасадачнага матэрыялу. Гэта работа патрабуе не толькі працаздольнасці, ведаў, цярпення, але і кемлівасці.

За гэты час больш чым мільён саджанцаў “разляцелася” і пусціла свае карані па ўсёй Беларусі. А колькі яблыкаў атрымалі людзі! Сады астравецкай “гадоўлі” растуць на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Брэсчыне. А калі ў варнянскай гаспадарцы закладвалі сад, то набылі толькі каля 6 тысяч саджанцаў.

Не страшна вам было ў 45 гадоў пачынаць усё з нуля? Тут, як кажуць, ці пан – ці прапаў.

– Я ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў. Зараз садаводствам займаюцца ў асноўным маладыя людзі, узрост дае ім неверагодную магчымасць тварыць цуды ў гэтай галіне. Я пачаў крыху пазнавата, – але ні аб чым не шкадую. Дваццаць пяць гадоў работы – гэта перыяд станаўлення мяне як спецыяліста-садавода, арганізатара, эканаміста, бухгалтара і ўрэшце – чалавека. Першыя дзесяць гадоў мой вопыт пераймалі ўсе айчынныя фермеры-садаводы. Я быў у значным адрыве ад іх. Зараз гэтыя людзі сталі буйнымі вытворцамі – і гэта мяне не можа не радаваць.

Прыемна ўзгадаць, што ў маёй гаспадарцы пачынаў сваю працоўную дзейнасць Аляксандр Блажэвіч, які зараз працуе ў буйной беларуска-польска-галандскай кампаніі, – ён стаў добрым садаводам. Як кажуць, яблык ад яблыні...

– Што змянілася ў садаводстве за чвэрць стагоддзя?

– Калі параўнаць той перыяд, у які я пачынаў займацца садаводствам, і развіццё галіны зараз – гэта неба і зямля. Прывяду просты прыклад: вытворчасць яблыкаў у нашай краіне вырасла з 50 да 250 тысячы тон – гэта цудоўны паказчык. Змяніліся тэхналагічныя працэсы ў садаводстве: выка-рыстоўваюцца розныя сортападвойныя камбінацыі, робіцца стаўка на хуткаспелыя сарты. Калі раней лічылася, што сад павінен жыць 30-50 гадоў, то сёння гэтае меркаванне – утопія. Карлікавы сад эксплуатуецца максімум 12 гадоў, а затым яго трэба мяняць. Калі раней фермеры-садаводы абмяжоўваліся айчыннымі сартамі “Алеся”, “Антэй”, “Дарунак”, то сёння мы выйшлі на еўрапейскія, амерыканскія і азіяцкія сарты – яны адрозніваюцца па смакавых якасцях.

Якая садавіна на стале ў галоўнага садавода Астравеччыны?

– Яблычак – гэта святое... Паважаю грушу і ягады годжы, падабаюцца вішні і суніцы. Увогуле, люблю ўсе пладовыя і ягадныя культуры – пачынаючы ад парэчак і заканчваючы абляпіхай.

Ваша фермерская гаспадарка адзіная ў краіне спецыялізуецца на вытворчасці абляпіхі. Чым падкупіла вас гэтая расліна?

– Абляпіха – унікальная расліна. Усе яе часткі валодаюць гаючымі і аздараўляльнымі здольнасцямі. І я, чалавек цікаўны і адкрыты да ўсяго новага, вядома, захапіўся. (Усміхаецца). Зараз сур’ёзна займаюся  саджанцамі абляпіхі.

Безумоўна, не забываю і пра яблыні. Асноўная задача, якую стаўлю перад сабой, – атрымліваць асалоду ад працы, даць людзям работу і магчымасць зарабіць.

%d0%bb%d0%be%d0%b1%d0%b0%d1%87%d0%b5%d0%b2%d1%81%d0%ba%d0%b8%d0%b9-%d0%be%d1%82%d0%bc%d0%b5%d1%87%d0%b0%d0%b5%d1%82-70-%d0%bb%d0%b5%d1%821 Давайце ўявім, што можна павярнуць назад час. Вы пайшлі б тым жа шляхам?

– У садаводства я б прыйшоў раней, у 1989 годзе – тады гэта было значна прасцей зрабіць.

Я ніколі не сустракаў перашкод з боку ўлады, у мяне заўсёды ўсталёўваліся добрыя кантакты з кіраўнікамі арганізацый – і знаходзіліся рашэнні... Многія зараз наракаюць на высокія падаткі, невялікія заробкі і іншыя праблемы... Але трэба памятаць: калі мы не будзем плаціць падаткі, хто ж тады будзе вучыць нашых дзяцей, лячыць бацькоў і нас саміх? Пытанні і цяжкасці былі ва ўсе часы. Трэба не чакаць манны нябеснай, а, закасаўшы рукавы, працаваць.

Кім вы сябе лічыце ў большай ступені: фермерам, садаводам ці прадпрымальнікам?

– Комплексным чалавекам. Калі кіраўнік любога звяна не будзе прадпрымальным, то нічога не атрымаецца. Чалавек павінен умець лічыць свае грошы, паважаць чужую працу і ў першую чаргу быць гаспадаром.

Пра жыццёвыя прынцыпы і перакананні


Часлаў Лабачэўскі ў 45 гадоў і зараз – гэта адзін і той жа чалавек?

– Вось даць бы цяперашні жыццёвы вопыт мне 45-гадоваму –  многія рэчы я б рабіў па-іншаму. (Усміхаецца).

З узростам чалавек становіцца не толькі больш мудрым, але і асцярожным. Маладыя людзі не баяцца рызыкаваць, маюць вялікі запас энергіі, сіл – дзякуючы гэтаму і перамагаюць.

За гэты час змяніўся мой светапогляд, жыццёвыя каштоўнасці. На многія рэчы я стаў глядзець прасцей... І яшчэ вельмі важна цаніць і паважаць людзей, дапамагаць ім. Злы, агрэсіўны чалавек хутка старэе і траціць сваё здароўе. Навукай даказана, што развіваецца гіпертанія і іншыя хваробы. Кожны дзень трэба пачынаць з усмешкі і добрага слова.

Ваша жыццёвая філасофія сугучная з хрысціянскім запаветам – “любі бліжняга свайго”. Калі б’юць, трэба падстаўляць другую шчаку?

– Гледзячы ў якім сэнсе. Калі вы маеце на ўвазе працоўныя моманты, то на гэтае пытанне я адкажу словамі Рузвельта. Ён казаў, што прызначыць на кіруючую пасаду чалавека, які яго абгаворвае, крытыкуе, толькі калі ён таленавіты і дальнабачны.

Выкіньце назаўсёды са свайго жыцця крыўды – яны псуюць вас, а не вашага крыўдзіцеля. Вучыцеся радавацца, а не зайздросціць. Абыходзьце злых на думкі і справы людзей – яны забіраюць вашу энергію. І часцей усміхайцеся. Гэтыя простыя парады дапамогуць захаваць і фізічнае, і душэўнае здароўе.

Што вы лічыце галоўным падарункам лёсу?

– Працавітасць. Няма лепшага ў свеце шчасця, чым працаваць і атрымліваць асалоду ад любімай справы.

Ваша жыццялюбства, гумар і пазітыўны погляд на жыццё – якасці прыроджаныя ці ўсё ж выпрацаваныя з гадамі?

– Хто ведае, які ўва мне закладзены генетычны патэнцыял! Аднак трэба развіваць дабрыню, вучыцца дапамагаць людзям.

За апошнія дзесяцігоддзі мы сталі жыць значна лепш, але з’явілася шмат зайздрасці і злосці. А як людзі жылі пасля вайны: разам працавалі, дзяцей гадавалі, дзяліліся апошнім. Чалавека робіць чалавекам працавітасць.

Пра сям'ю


– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.

– Зараз шкадую, што не нарадзілі з жонкай пяцёра ці шасцёра дзяцей: адзін працаваў бы на зямлі, другі – вучыў бы дзяцей, трэці – лячыў… Жартую, вядома. Мая жонка ўсё жыццё адпрацавала ў гандлі. Цяпер яна на заслужаным адпачынку. Дачка Аляксандра і сын Віталь закончылі сельскагаспадарчыя ВНУ. Работа дачкі звязана з сельскагаспадарчай галіной, а сын займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Многія пытаюцца: чаму мае дзеці не працуюць са мной? Адказ просты: ніводзін занятак праз сілу любімым не будзе. Трэба займацца тым, да чаго ляжыць душа. Зразумела, яны дапамагаюць збіраць ураджай і рэалізоўваць прадукцыю – але пакуль, на жаль, ніхто з іх не выказаў жадання падхапіць з маіх рук сцяг, прадоўжыць маю справу.

Часлаў Станіслававіч, прызнайцеся: ці ёсць яшчэ нешта не здзейсненае?

– Канешне, ёсць! Адзначыць здаровым і бадзёрым 95-годдзе. А там – пабачым!


Текст: