Профсоюзным лидером аграриев переизбран Юрий Адуло

12:29 / 08.11.2019

Як прафсаюз падтрымлівае працаўнікоў вёскі, якія праблемы наспелі ў гаспадарках раёна – пра гэта і многае іншае ішла размова падчас справаздачна-выбарчай канферэнцыі Астравецкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу.

7.jpg

Прафсаюз аграрыяў – адно з найбуйнейшых працоўных аб’яднанняў у Беларусі і на Астравеччыне, якое штодзённа вырашае шмат пытанняў: ахова працы работнікаў, яе аплата, асабліва ў ненарміраваны дзень, складаныя ўмовы работы, забяспечанасць працаўнікоў спецыяльным адзеннем і абуткам і іншыя.

Штогод прафсаюз аграрыяў ладзіць працоўныя спаборніцтвы падчас галоўных сельскагаспадарчых кампаній: вясенне-палявых работ, жніва, корманарыхтоўкі. Падчас зімне-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы ў межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» узнагароджваюцца лепшыя працаўнікі гэтай галіны – пра гэта і многае іншае расказваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула.

– Нездарма дэвіз нашага галіновага прафсаюза – «Любіць людзей, працаваць для людзей!». Уся наша ўвага, увесь клопат накіраваны на чалавека працы, – адзначыў Юрый Аляксандравіч. – Зразумела, што некаторыя гаспадаркі знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, але варта не забываць і пра такія распаўсюджаныя нематэрыяльныя прызнанні працоўных заслуг работніка, як занясенне яго фотаздымка на Дошку гонару прадпрыемства, пісьмовыя падзякі, агучванне прозвішчаў лепшых працаўнікоў на агульным сходзе работнікаў. Людзі павінны ведаць, што іх бачаць і цэняць.

1.jpg

Юрый Аляксандравіч таксама звярнуў увагу на тое, што на прадпрыемствах трэба больш пільна клапаціцца пра прытрымліванне работнікамі правілаў бяспекі працы. Пра гэта гаворыць і статыстыка: так, у 2015 і 2016 гадах на сельгаспрадпрыемствах раёна адбылося па два няшчасныя выпадкі, у 2019-м – таксама два.

За апошнія пяць гадоў прафсаюзная сям’я аграрыяў пабольшала: да пярвічак сельскіх гаспадарак дадаліся пярвічкі прадстаўнікоў прыватнага бізнесу: ААТ «ВіслаБуд», райагразаба, ААТ «Лошабуд», ПУП «Аквасілінг».

І прыватнік, і кіраўнік дзяржпрадпрыемства павінен стымуляваць работніка працаваць лепш – упэўнены Юрый Аляксандравіч:

– Матывацыя работніка працаваць лепш шмат у чым залежыць ад умоў. У КСУП «Гудагай» у апошнія гады зроблены рамонт бытавых памяшканняў на фермах і механічных майстэрнях – там работнікі могуць пераапрануцца, памыцца, паабедаць. Пытанне пра спецвопратку і абутак там увогуле не стаіць – да такой арганізацыі павінны імкнуцца і іншыя гаспадаркі.

Вопытам работы прафсаюзных пярвічак падзяліліся іх лідары з КСУП «Гудагай», «Варняны» і «Міхалішкі».

Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Леанід Адамоніс, справаздачна-выбарчыя кампаніі прайшлі ва ўсіх галіновых прафсаюзах, з якіх самы прадстаўлены – аграпрамысловы, і Астравецкі райкам добра спраўляецца з пастаўленымі задачамі.

Пасля справаздачнай часткі канферэнцыі яе ўдзельнікі вызначылі лідара на наступную пяцігодку: адзінагалосна старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК на новы тэрмін быў абраны Юрый Адула.

2.jpg

Не абышлося і без узнагарод. Юрый Аляксандравіч атрымаў Падзячныя пісьмы ад Савета дэпутатаў і савета ветэранаў.

3.jpg

Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК ўзнагароджана лідар прафсаюзнай пярвічкі КСУП «Варняны» Таццяна Лісоўская, а Падзякай – старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ «ВіслаБуд» Алеся Савостава.

За лепшы калектыўны дагавор адзначаны дырэктар селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі Надзея Сасноўская і прафсаюзны лідар гэтай арганізацыі Святлана Бразевіч. За шматгадовую плённую працу ў аграпрамысловым комплексе раёна Падзяку атрымала былы старшыня райкама работнікаў АПК Раіса Куц. Атрымалі Падзякі і лідары прафсаюзных пярвічак Марына Яновіч, Алена Урбановіч, Ганна Налівайка, Рэната Яфімава, Ірына Мацкела, Алена Лаўрыновіч, Марына Івашка, Людміла Казлоўская і Наталля Назарава.


ЛІЧБЫ І ФАКТЫ ЗА 2014-2019 ГАДЫ

* 2 310 чалавек уваходзіць у раённы прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу – гэта 12 пярвічак.

* Больш за 3 мільёны рублёў для выканання ўмоў калектыўнага дагавора выдзелена наймальнікамі. Найлепшага паказчыка з разліку на аднаго чалавека дасягнулі селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, КСУП «Гудагай» і «Гервяты».

* 150 чалавек звярнулася ў райкам за дапамогай.

* 1 000 членаў прафсаюза адзначаны Ганаровымі граматамі, Падзякамі, Падзячнымі пісьмамі, падарункамі і грашовымі прэміямі.

* 160 работнікаў малочна-таварных комплексаў і фермаў раёна атрымалі падарункі і Падзякі ў межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод».

* У мінулым годзе аператар машыннага даення МТК «Германішкі» КСУП «Гудагай» Ірына Свіла заняла 3 месца ў абласным прафсаюзным галіновым конкурсе.

* На 55 тысяч рублёў аказана дапамога членам прафсаюза аб утрыманні сродкаў з наймальніка.

* Ветэранам працы аказваецца дапамога ў набыцці бульбы, збожжа, выдзяленні транспарту для нарыхтоўкі дроў.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич