Как это было: история отдела социальной защиты населения

16:38 / 16.01.2019
Органам сацыяльнай абароны насельніцтва 5 студзеня споўнілася 100 гадоў. З чаго пачалася гісторыя службы на Астравеччыне, хто ўзначальваў аддзел і якія змяненні адбыліся ў сістэме на працягу стагоддзя – аб гэтым у гістарычнай даведцы. 

Да вайны
Гісторыя службы сацыяльнага забеспячэння насельніцтва пачалася ў Астравецкім раёне да Вялікай Айчыннай вайны. Першым загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння быў Якаў Пляцкі, які да гэтага працаваў сакратаром Гервяцкага валаснога сялянскага камітэта. 

Пасляваенны час
Пасляваенны этап службы сацыяльнай абароны пачынаецца 5 жніўня 1944 года – менавіта тады быў створаны аддзел дзяржзабеспячэння, які размяшчаўся ў невялікім драўляным доме па вуліцы Набярэжнай. Яго загадчыкам стаў дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Вікенцій Падаліс, калектыў налічваў 8 чалавек. Аддзел займаўся сацыяльнымі праблемамі інвалідаў вайны, сем’яў загінуўшых воінаў і партызан – іх на той час у раёне пражывала каля 300 чалавек. Ім выплачваліся дзяржаўныя пенсіі і грашовыя дапамогі.
З 1946 года і да мая 1949-га аддзел дзяржзабеспячэння ўзначальваў Мікалай Смірноў. 

Затым яго змяніў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Смолін. Яго кандыдатура была выбрана невыпадкова: Аляксандр Мікалаевіч працаваў кіраўніком дамоў (упраўдомам), добра ведаў праблемы розных катэгорый грамадзян, дапамога якім і была асноўным абавязкам аддзела.

Пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі і ўмацаванне эканомікі краіны садзейнічалі і развіццю сацыяльнага забес­пя­чэння насельніцтва. 14 чэрвеня 1956 года Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб дзяр­жаў­ных пенсіях. Права на яе атрымалі ўсе рабочыя, служа­чыя і члены іх сем’яў. З пашы­рэннем функцый сістэмы дзярж­­­забеспячэння калектыў ад­дзела стаў папаўняцца квалі­фі­каванымі спецыялістамі. Са жніўня 1961 года і да ліквідацыі раёна ў лютым 1963-га аддзелам кіраваў былы партызан Кандрацій Алексяёнак. 

У 1964 годзе ўступіў у дзеянне закон, які тычыўся пенсійнага забеспячэння працаўнікоў кал­гасаў. Пасля прыняцця новага закона для іх  былі ўстаноўлены пенсіі, а для жанчын, акрамя гэтага,  водпускі і дапамогі па цяжарнасці і родах. 

Усе кіраўнікі савецкіх органаў, прадпрыемстваў і калгасаў аказ­валі аддзелу дзяржзабеспя­чэння дапамогу па налічэнні калгасных пенсій. Добрасумленнай працай у той час вызначыліся Ніна Яніна, Генуэфа Кавалеўская, Іна Дрэмкова, Яніна Шлыковіч, Лідзія Палубок, Тадэвуш Андралойць і іншыя.  
З красавіка 1969 да мая 1975 года аддзел узначальваў Леанід Клюня. 

У 1970 годзе служба дзяржзабеспячэння пераехала ў двухпавярховы будынак па вуліцы Кастрычніцкай. 
З 1975 па 1981 гады загадчыкамі аддзела былі Іосіф Катовіч і Леанід Гацкі. Акрамя налічэння, пераразліку, выплаты пенсій, работнікі займаліся пытаннямі сацыяльнага забеспячэння былых франтавікоў, членаў сем’яў воінаў і партызан, выдзяленнем ім пуцёвак у санаторыі, дапамагалі забяспечваць палівам, прысядзібнымі ўчаст­камі. 
На працягу амаль трыццаці га­доў, з 1982 па 2011 год, аддзел уз­на­чальвала Часлава Кандра­товіч

Дом-інтэрнат
Адну са старонак гісторыі сацыяльнай абароны Астравецкага раёна займае Варнянскі дом-інтэрнат для састарэлых (затым – Дом інвалідаў), які з’явіўся ў былым маёнтку Мінейкаў у вёсцы Дубнікі ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Тут за кошт калгасаў раёна пражывалі састарэлыя і непрацаздольныя работнікі гаспадарак. У 70-я гады ён быў перайменаваны ў Дом-інтэрнат псіханеўралагічнага профілю і ўзяты Астравецкім райвыканкамам на дзяржаўнае забеспячэнне. У розны час тут знаходзілася ад 100 да 150 чалавек. У 1996 годзе Дом-інтэрнат быў аднесены да камунальнай уласнасці абласнога ўзроўню, а ў 2000-м тут адкрылася спецаддзяленне для інвалідаў, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.  

Работа абслугоўваючага персанала Дома-інтэрната была складанай як фізічна, так і псіхалагічна. Выслухаць хворых, падбадзёрыць іх добрым словам, падарыць ім хоць крыху ўвагі і пяшчоты – на гэта здольны далёка не кожны чалавек. Таму асаблівай павагі і ўдзячнасці заслугоўвае праца ўрачоў, медперсаналу і работнікаў інтэрната Ніны Рудай, Валянціна Твёрдага, Марыі Багдановіч, Сафіі Рагоўскай, Галіны Осіпавай, Галіны Аўгуль, Таццяны Вішнеўскай, Тамары Трамбовіч, Марыі Фядук, Ніны Ігнатовіч, Марыі Ціхановіч, Францішкі Федаровіч, Дануты Лісоўскай і многіх іншых.    

Шырокае кола абавязкаў
За сто гадоў у сістэме сацыяльнай абароны адбылося шмат змяненняў: ускладнялася структура, множыліся і пашыраліся яе функцыі. Але пат­рабаванні да работнікаў за­ставаліся ранейшымі: быць спа­гадлівымі і гатовымі прыйсці на дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Цудоўным прыкладам добрасумленнасці і ад­данасці сваёй працы сталі Рэгіна Ляшнеўская, Ірына Язерская, Леакадзія Базюк, Ірына Іваніцкая, Валянціна Карпіцкая, Валянціна Юркойць, Зінаіда Данілюк, Наталля Локцева, Ганна Мілэйша, Алена Дукевіч і іншыя работнікі.  
У 1991 годзе ў раёне была ство­рана служба занятасці, а ў 2007-м яе аб’ядналі з упраў­лен­нем па працы. 

История соцслужба.jpg

Калектыў аддзела сацыяльнай абароны, 2001 год. У першым радзе злева направа: Э.І. Аўдзей, Г.К. Мілэйша, Ч.Э. Кандратовіч, Т.І. Багушэвіч, М.М. Валадзько, у 2-м радзе: І.А. Стан­кевіч, З.Ч. Данілюк, І.Ю. Іваніцкая, Ю.Э. Праўко, Н.І. Локцева, І.Я. Урбановіч, Г.І. Матулойць, Л.С. Базюк, уверсе: Л.М. Буц, Н.М. Юшчук, Т.С. Тамашэвіч, Г.М. Шыла, В.І. Карпіцкая, В.В. Юркойць.

Супрацоўнікі органаў сацыяль­най абароны не толькі клапа­ціліся пра правільнае налічэнне і своечасовую выплату пенсій. З 1989 года была арганізавана работа сацыяльнай дапамогі адзінокім інвалідам, ветэранам вайны і працы. Першымі са­цыяльнымі работнікамі сталі Ва­лянціна Мікліс і Ганна Русецкая. 

У 2003 годзе на базе аддзялення сацыяльнай дапамогі ўпраўлення быў створаны Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Зараз яго ўзначальвае Віктар Ждановіч, а спецыялісты цэнтра аказваюць сацыяльную, юрыдычную, педагагічную, медыцынскую, гуманітарную дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

З 2011 года кіраўніком упраў­лення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне была Святлана Іванова. А ў 2014 годзе яе змяніў Валерый Барташэвіч, які з’яўляецца начальнікам упраў­лення цяпер і разам са сваімі работнікамі працягвае нялёгкую, але пачэсную і неабходную місію  – дамагаць адзінокім і абараняць сацыяльныя патрэбы людзей. 

Па матэрыялах кнігі «Памяць. Астравецкі раён» і інфармацыі, прадстаўленай Ч.Э. Кандратовіч.  


Текст: Главный администратор