Людзі і справа лясной гаспадаркі

15:03 / 16.09.2018
Доктар бензапіл

Не заводзіцца «Шціль», сапсавалася бензакаса, непаладкі з кустарэзам? Значыць, надышоў час паказаць іх «доктару», які добра ведае, што патрэбна такім  «пацыентам». Там падмажа, тут падкруціць, заменіць саправаную дэталь – і тэхніка зноў гатова да эксплуатацыі. Менавіта такім «доктарам» у Астравецкім лясгасе з’яўляецца Іван Іванавіч Сымановіч, які працуе слесарам па рамонту лесанарыхтоўчага абсталявання.

Сымонович.JPG

– Без работы сядзець не прыходзіцца, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Нават самага здаровага і загартаванага чалавека валіць з ног хвароба – тое ж і з рабочым інструментам: якім бы моцным ён не быў, без паломак і няспраўнасцей не бывае, – тлумачыць Іван Іванавіч. – Тэхніка, хоць і бяздушная, але таксама клопат і ласку любіць. (Усміхаецца) І калі яе берагчы, то і яна будзе менш «капрызіць» і даўжэй паслужыць гаспадару. 

Дарэчы, за час працы ў лясной гаспадарцы мужчына займаўся не толькі рамонтам лесанарыхтоўчага абсталявання. Пачынаў вадзіцелем легкавога аўтамабіля, затым перасеў на грузавы, а пры неабходнасці браў у рукі пілу і валіў лес. У пачатку 90-х у працоўнай кніжцы мужчыны з’явіўся яшчэ адзін запіс – «ляснік Астравецкага лясніцтва». 

– Каля пятнаццаці гадоў адпрацаваў на гэтай паса­дзе, работа мне падабалася, – успамінае Іван Іванавіч. –  Мо, таму, што сам родам з вёскі і прыроду з маленства люблю. Я хоць і даўно пераехаў у Астравец, але гараджанінам сябе не лічу: тут свой дом, участак, агарод. І лесніком працаваў з задавальненнем – канешне, часам было няпроста, але без пераадольвання цяжкасцей жыць было б нецікава.

За плячыма Івана Іванавіча Сымановіча больш за трыццаць гадоў адданай працы ў лясной гаспадарцы: сотні кіламетраў лясных дарог, гектары падрастаючага лесу і не адзін дзясятак адрамантаванага абсталявання. Годная работа годнага чалавека! 

Без галоўнага – ніяк!

Ірына Іванаўна Назарава не адпускае лесавозы, не падлічвае кубы, не выпісвае лес і не вырошчвае розныя пароды дрэў у гадавальніку – але без яе ўдзелу наладжаны і адшліфаваны гадамі механізм Астравецкага лясгаса адразу дасць збой. Бо Ірына Іванаўна адказвае за фінансавы дабрабыт прадпрыемства: яна – галоўны бухгалтар лясгаса. 

Назарава.JPG

Дарэчы, як прызнаецца жанчына, іншай работы ў лясной гаспадарцы яна таксама не баіцца. На інжынерна-эканамічным факультэце Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, які скончыла Ірына Іванаўна, у студэнтаў была доб­рая падрыхтоўка па ўсіх дысцыплінах, пачынаючы ад пасадкі лесу і заканчваючы спецыфікай работы дрэваапрацоўчага станка. 
 
– Ці цяжка адказваць за фінансы такога прадпрыемства? – перапытвае Ірына Іванаўна. – Па-першае, я не адна – за мной стаяць бухгалтары кожнага з лясніцтваў, а па-другое, калі б у рабоце не было цяжкасцей, яна перастала быць цікавай. 

Да кожнай справы галоўны бухгалтар падыходзіць адказна і ўпэўнена, бо ведае: невырашальных задач няма, трэба толькі знайсці правільны падыход. І яна катэгарычна не згодна з тымі, хто лічыць, што яе работа нецікавая і аднастайная. За «гульнёй» лічбаў, планамі і справаздачамі працоўны дзень прано­сіцца непрыкметна, але кожны прыносіць нешта новае. 

– Любы занятак будзе нецікавым, калі ён не па душы, а я на сваёй рабоце не сумую, – з усмешкай адзначае жанчына. 
Адказнасць, добрасумленнасць і адданасць працы не застаецца незаўважанай. Сёлета Ірына Іванаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі. Такая высокая адзнака была для жанчыны неспадзяванай, але прыемнай – значыць, яна на правільным шляху. 

Маладое папаўненне

 Працаваць, удасканальвацца і набі­рацца вопыту – такі план на блі­жэй­шыя гады для сябе рас­пра­цаваў і зацвердзіў малады спецыяліст  ДЛГУ «Астравецкі лясгас», майстар дрэваапрацоўчага цэхаьАляксандр Субач.

12.jpg

Што хоча працаваць менавіта ў лясной гаспадарцы, хлопец вырашыў даўно: вырас, гле­дзячы на лес – бацькоўскі дом знаходзіцца на ўлонні прыроды. Да таго ж, яму заўсёды падабалася майстраваць з дрэва.

– Хачу бліжэйшыя гады працаваць у дрэва­апрацоўчым цэху – тут ёсць у каго павучыцца пра­фесіяналізму і жыццёвай мудрасці, – дзе­ліц­ца планамі малады майстар. – А там будзе бачна. 

Жаданне ёсць – у добры час! 

Праца на «дзясятачку»

 Пагрузчык «Амкадор-527», высыпаўшы апошні коўш дранкі, грацыёзна развярнуўся на месцы і застыў у чаканні чарговай каманды – чалавек і яго машына працуюць у дружным тандэме.

– А гэта наш вадзіцель пагрузчыка Міхаіл Уладзіміравіч Ярмак, – знаёміць з шафёрам «Амкадора» начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Аляксандравіч Волк-Леа­новіч. – Дзесяць гадоў працуе ў лясгасе. І ўсе дзесяць – у нас на ДАЦ.

Ярмак.JPG

Спачатку Міхаіл Уладзіміравіч працаваў на станку ў цэху. А калі два гады назад да іх прыгналі новенькі «Амкадор» – перакваліфікаваўся ў вадзіцелі. Бачна, што гэтая работа прыйшлася мужчыну даспадобы: ён спрытна ўпраўляецца з машынай, а яна ў сваю чаргу хутка і паслухмяна выконвае ўсе яго «загады».

– Мяне ўсё задавальняе: работа добрая, зарплата стабільная, тэхніка не падводзіць – а што яшчэ патрэбна для нармальнага жыцця? – усміхаючыся, гаворыць Міхаіл Уладзіміравіч. 

І з гэтым цяжка не пагадзіцца. 

Ад лёсу не ўцячэш

Выпускнік сельскагаспадарчага тэхнікума Адам Етко замест размеркавання на Магілёўшчыну выбраў зусім супрацьлеглы напрамак – Астравецкі раён.

– Да нас у тэхнікум пры­ехаў тагачасны старшыня Кя­мелішкаўскага саўгаса Іван Іва­навіч Дужык,  ён «верба­ваў» сабе спецыялістаў, – расказвае Адам Георгіевіч. – На Ма­гілёўшчыну я ехаць не хацеў, выбраў Гродзеншчыну – бачна, лёс мяне сюды прывёў.

Соловей и Етко.JPG

Лёс прывёў мужчыну не толькі на Астравеччыну, але і ў Кямелішкаўскае лясніцтва. У той час у гаспадарцы быў свой заказнік, і Адаму Георгіевічу, заўзятаму паляўнічаму і следапыту, прапанавалі стаць егерам – ён згадзіўся. А пасля таго, як заказніка не стала, мужчына перакваліфікаваўся ў майстра лесу – на гэтай паса­дзе працуе і цяпер. Дарэчы, у мінулым годзе атрымаў вышэйшую кваліфікацыю – «Майстар І класа». 

– Працоўны стаж ужо пера­валіў за дваццаць гадоў. Як падумаеш, дык і самому не верыцца, – прызнаецца Адам Георгіевіч. – У чым сакрэт гэтага «доўгажыхарства»? Лес люблю, прыроду шаную, ды і душой да работы прыкіпеў. Ад лёсу не ўцячэш – значыць, тут маё месца.  







Текст:
Фото: Марина Мацкевич