Вясеннія клопаты хлебаробаў КСУП “Гервяты”

08:33 / 23.04.2018

На працягу многіх стагоддзяў, пачы­наючы з часоў, калі збожжа сеялі і ўбіралі ўручную, і заканчваючы сённяшнім днём, калі хлебаробы маюць на ўзбраенні сучасную тэхніку і веды, галоўным клопатам вяскоўцаў нязменна застаецца сяўба… Хто ў час адсеецца – той будзе з хлебам. 
Здаровая канкурэнцыя ў любой дзейнасці – рухавік справы.  На 17 красавіка па тэмпах сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых культур у лідарах былі гервятцы – праўда, з адрывам ад гудагайцаў усяго на адзін працэнт…

IMG_4357.jpg

І першыя, і другія з ліку тых, хто хутка стартуе і не скідае на працягу ўсёй дыстанцыі набраных абаротаў. І справа, як можа памылкова падумаць недасведчы чытач, не ў тым, «хто каго». Хуткім тэмпам яравой сяўбы ёсць рацыянальнае тлумачэнне: каб атрымаць добры ўраджай, трэба ў самыя кароткія тэрміны правесці пасяўную кампанію. Прамаруджванне – свядомая страта будучага ўраджаю… 

IMG_4364 Ковалько.jpg

У галоўнага агранома Аляксандра Кавалькі зараз напружаная пара

– Галоўнае – тэхналогія і яшчэ раз тэхналогія, – па дарозе на поле, дзе сеялі пшаніцу, расказвае галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – Для таго, каб паспяхова правесці пасяўную, у нашай гаспадарцы ёсць усё: насенне, тэхніка, паліва, гаруча-змазачныя матэрыялы. Асноўным складнікам поспеху сяўбы ўсё ж лічу людзей: рыхтуюць глебу, сеюць, падкормліваюць азімыя вопытныя працаўнікі, для якіх хлебаробная праца – справа жыцця. 

Да слова сказаць, для Аляксандра Кавалькі сёлетняя веснавая пасяўная кампанія ў якасці галоўнага агранома – першая. Да гэтага ён працаваў у гаспадарцы аграномам-аграхімікам.

– Раней маім клопатам было падабраць угнаенні, пестыцыды і іншую «хімію», зрабіць разлікі і пракантраляваць іх унясенне, – расказвае галоўны аграном. – Цяпер, канешне, фронт работ значна пабольшаў: адказваю за ўсё раслінаводства ў гаспадарцы. Клопатна – але цікава. Тым больш, што з былым галоўным аграномам Дзянісам Кірпам, які цяпер займае пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці, у нас склаліся сяброўскія адносіны: ёсць з кім параіцца і да каго звярнуцца за прафесійнай парадай.

Па словах тэхнолага гервяцкіх палёў, пасеяць раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры ў гаспадарцы плануюць да 25 красавіка, астатнія культуры, акрамя грэчкі, – да 9 мая. 

У дзень нашага прыезду ў гаспадарку на розных участках КСУП «Гервяты» кіпела работа. З сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых культур гервятцы справіліся больш чым напалову. Акрамя збожжа, пачалі сеяць цукровыя буракі і з дня на дзень прыступяць да кукурузы.

IMG_4355 Кучинский.jpg

Валерый Пучынскі займаецца падкормкай на РМУ8000

Насенне пшаніцы прыгорнута на плошчы 400 гектараў, што складае 100 працэнтаў ад запланаванага. Ячмень заняў 63 працэнты адведзеных пад гэтую культуру плошчаў, авёс – 21 працэнт, ці 53 гектары.

Агульнымі намаганнямі чатырох камбінаваных пасяўных агрэгатаў у сярэднім за дзень у гаспадарцы засяваецца каля 135 гектараў, што складае 6 працэнтаў ад агульнага плана сяўбы. Што тут яшчэ дадаць? Памагай бог!

У КСУП «Гервяты» раннія збожжавыя і зернебабовыя сеюць чатыры магутных пасяўных агрэгаты. Яшчэ па дзве сеялкі задзейнічаны на сяўбе цукровых буракоў і падсеве шматгадовых траў. Да сяўбы глебу рыхтуюць два дзевяціметровыя і чатыры шасціметровыя культыватары. Дарэчы, сёлета ў КСУП «Гервяты» набылі 24-метровы прычапны апырсквальнік.

IMG_4365 Милейшо.jpg

Эдуард Мілэйша, як і кожны год, сее збожжа

– Сеяць збожжавыя пачалі 6 кра­са­віка – пазней, чым летась, –  расказвае адзін з вопытнейшых сейбітаў гаспадаркі Эдуард Мілэйша. – Зіма снегу ў гэтым годзе не шкадавала: азімыя добра перазімавалі, а вось дачакацца, пакуль падсохнуць палі, доўга не маглі. Галоўнае – каб моцна не дажджыла, а так, па ўсім бачна, у тэрміны павінны адсеяцца.
Акрамя сяўбы на парадку дня хлебаробаў падкормка азімых, якія, да ра­дасці гервяцкіх аграрыеў, выйшлі з зімоўкі ў добрым стане. І рапс, і збожжавыя, і шматгадовыя травы ў КСУП «Гервяты»  ўжо падкармілі па першым разе, цяпер ідзе другая падкормка. Падкормлены і 838 гектараў – 26 працэнтаў ад агульнага плана – сенакосаў і пашы.
Хочацца спадзявацца, што гаспадар­скі падыход гервяцкіх хлебаробаў на пасяўной дапаможа ім восенню быць і з хлебам, і з малаком.


Сёлета ў параўнанні з мінулым годам структура пасяўных плошчаў у Гервятах амаль не змянілася. Падчас веснавой сяўбы тут плануюць пасеяць 4 348 гектараў яравых культур, з якіх 2 260 – ранніх збожжавых і зернебабовых – без уліку кукурузы, грэчкі і проса. Яравы авёс будзе прыгорнуты ў глебу на плошчы 250 гектараў, ячмень – 1 300 гектараў, з якіх 250 адведзены пад півавараны. Пшаніца зойме 400 гектараў, а зернебабовыя – у 310 гектараў. Пад кукурузу будзе адведзена 1 350 гектараў, пад цукровыя буракі – 500.

Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Дзяніса Кірпы, сёлета плануецца пасеяць 250 гектараў люцэрны ў чыстым выглядзе. Збожжа збожжам, але якасныя кармы яшчэ ніхто не адмяняў. Люцэрна – адна з найбольш карысных і спажыўных культур для жывёлы. Акрамя гэтага, сёлета набылі насенне гароху і бабоў: за іх кошт зменшацца затраты на набыццё высокабялковых жмыху і шроту… Таксама робіцца стаўка на кукурузу – высокапажыўны корм для жывёлы, які спрыяе вытворчасці малака. 
Прыгожая высокая зялёная кукуруза – яшчэ не корм, – гаворыць намеснік дырэктара. – Трэба, каб былі буйныя пачаткі. Гэта ўсё роўна, што есці: пустую кашу – ці запраўленую маслам. Ёсць розніца?

IMG_4337 Алёкса.jpg

Рамуальд Алёкса, вадзіцель


IMG_4346 Ясевич.jpg

Анджэй Ясевіч, сейбіт


IMG_4347 Можейко.jpg

Віктар Мажэйка падвозіць КАС


IMG_4352 Гудинский.jpg

Ігар Гудзінскі на «Расе» падкормлівае пасевы


IMG_4370 Середов.jpg

Вадзіцель Міхаіл Сера­доў павінен забяспе­чыць бесперабойную ра­боту сейбітаў


IMG_4372 Трапшыс.jpg

Задача механізатара Рымаса Трапшыса – падрыхтаваць глебу да сяўбы




Текст:
Фото: Алена Гануліч