Родам з СССР: Толькі баязлівец не гуляў у хакей
08:51 / 20.02.2018
Самым папулярным відам спорту ў маім школьным дзяцінстве быў хакей. Такое захапленне было звязана з перамогамі каманды ЦСКА на розных спаборніцтвах – увесь савецкі народ ганарыўся гэтымі праслаўленымі хакеістамі Уладзіславам Траццяком, Валерыем Харламавым, Барысам Міхайлавым і іх таварышамі. Яны былі кумірамі не толькі дарослых, але і нас, дзяцей 70-х.
Клас наш быў вялікі – 33 вучні. І ўсе – хакейныя фанаты, хоць гэтага слова мы тады не ведалі.
Мы глядзелі ўсе гульні, якія паказвалі па телевізары, а потым абмяркоўвалі іх, дзяліліся ўражаннямі.
У кожнага з нас быў свой хакеіст – яго вызначаў парадкавы нумар у класным журнале насупраць прозвішча вучня, які супадаў з нумарам лядовага іграка каманды ЦСКА. І героямі дня станавіліся тыя, «чые» хакеісты забівалі галы.
Мы выразалі фотаздымкі ігракоў з газет і часопісаў і клеілі іх у альбомы, насілі выразкі ў школу, каб абмяняцца з аднакласнікамі.
Старшакласнікі кожную зіму расчышчалі на возеры хакейную пляцоўку, устанаўлівалі вароты. У выхадныя ў нас праходзілі лядовыя баталіі. У хакей гулялі ўсе, нават дзяўчынкі. А вось сапраўдныя клюшкі мелі толькі старэйшыя хлопцы. Як мы з сястрой прасілі, каб тата купіў нам клюшкі! Бацька адмовіў: сорамна дзяўчынкам клюшкі купляць! Але ён зрабіў іх сам. А вось канькі купіў! Праўда, іх даводзілася прывязваць да абутку – але гэта былі ўжо дробязі.
Мяне часта ставілі на вароты. Клюшак не хапала нават для ігракоў, таму варатар стаяў з лапатай, якой чысцілі снег.
Вось такія хакейныя «фанклубы» і «абмундзіраванне» былі ў нашых 70-х!
Алена КАСЦЮК, аг. Малі.