Вучні сярэдняй школы №1 сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу
На мінулым тыдні падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Я выбіраю прафесію”, арганізатарам якога з’яўляецца Інстытут бізнеса БДУ. Сярод пераможцаў – вучні сярэдняй школы № 1 г. Астраўца.
Трэці год прадстаўнікі гэтай установы становяцца ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу – і штораз вяртаюцца з яго з узнагародамі.
– Сёлета мы адпраўлялі работы дзевяцікласніка Рамана Дрэмы і адзінаццацікласніц Паліны Кандратовіч і Вікторыі Палітэвіч, – расказала настаўніца Ала Каржанок. – Школьнікам неабходна было выбраць адну з прафесій: маркетолага, лагіста, менеджара і ІТ-менеджара – і падрыхтаваць тэматычную прэзентацыю.
У выніку распрацоўка Вікторыі Палітэвіч была ўзнагароджана Дыпломам 3 ступені, Раман Дрэма і Паліна Кандратовіч адзначаны сертыфікатамі.