Пра ўнікальныя сапоцкінскія васкаванкі расказвае Валянціна Праўлуцкая

18:10 / 19.04.2019
1389
Аўгустоўскі канал – унікальнае месца, дзе цесна перапляліся традыцыі трох народаў: беларусаў, палякаў і літоўцаў. Да яго берагоў туліцца мястэчка Сапоцкін, добра вядомае не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, дзякуючы чорным васкаванкам – адмыслова распісаным з дапамогай воску яйкам. Раней ледзь не ў кожнай хаце да Вялікадня гаспадыні рыхтавалі не крашанкі, не чырвоныя пісанкі, а менавіта яйкі колеру зямлі з белымі ўзорамі. Цяпер гэта рэдкасць.

яйкі.jpg

Некалькі гадоў назад сапоцкінскія васкаванкі прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай краіны, а ў самім  Сапоцкіне Гродзенскага раёна ёсць музей велікоднай пісанкі, дзе іх сабрана больш за 400 штук.

На Астравеччыне жыве жанчына, якая валодае гэтым унікальным роспісам яек, які па праву можна лічыць адным з нематэрыяльных цудаў Беларусі. 
Напрасіцца на майстар-клас па васкаванні яек у мяне не атрымалася – аказваецца, інгрэдыенты для фарбы яек трэба нарыхтоўваць за некалькі тыдняў да свята, але настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Валянціна Праўлуцкая ўсё ж згадзілася расказаць пра роспіс яек. 

Едучы да гераіні, прызнацца, шкадавала, што на свае вочы не пабачу, як нараджаюцца знакамітыя сапоцкінскія васкаванкі. Але падчас размовы з Валянцінай, слухаючы яе мілагучную натуральную беларускую гаворку, гледзячы ў яе блакітныя светлыя вочы, зразумела, што памылялася… 
Зрэшты, мяркуйце самі.  

78.jpg

Вялікдзень родам з дзяцінства…
– Родам я з-пад Гродна, з вёскі Радзівілкі, што непадалёк ад знакамітага Сапоцкіна. Я са шматдзетнай сям’і – у бацькоў нас шасцёра. 
Вялікдзень заўсёды быў для нас асаблівым святам. У вёсцы да яго рыхтаваліся не за ты­дзень, а за некалькі месяцаў. Дома, у хлявах, побач з хатай і гаспадарчымі пабудовамі наводзіўся парадак: да Вербнай нядзелі кожны куток трэба было вымесці і прыбраць. 

Пачынаючы з Вялікага чацвярга і да Велікоднай нядзелі ў нас забаранялася цяжка працаваць. Лічылася, што гэтыя дні лепш прысвяціць унутранай падрыхтоўцы да свята. 

У маім дзяцінстве Вялікдзень нельга было ўявіць без пульхных пірагоў. Калі маці даставала іх з печы, хата напаўнялася водарам, а мы з сёстрамі і братамі толькі слінку глыталі. Булкі дазвалялася есці ў нядзелю. Я  сама пяку пірагі, але такія смачныя, як у мамы, у мяне не атрымліваюцца. 
Увогуле мама, светлая ёй памяць, была Маці і Гаспадыняй з вялікай літары. Усё яна ўмела рабіць і ўсё паспявала: і ў хаце чыста было, і гатавала смачна, і рукадзельніцай была: прала, ткала, вышывала, шыла. Да ўсяго была здатная. 
Чаму так: мы жывём з выгодамі, а часу не стае?


Унікальныя васкаванкі
– За  некалькі тыдняў да Вялікадня тата з малодшым братам ішлі на рэчку, каб нарыхтаваць кару вольхі. Роспісам яек воскам займалася толькі маці, а нарыхтоўка кары была клопатам нашых мужчын.

Унікальнасць сапоцкінскіх васкаванак – у іх чорным колеры. За некалькі тыдняў да Вялікадня маці клала ў пасудзіну кару вольхі, іржавыя цвікі, усё гэта залівала халоднай вадой і вы­трымлівала раствор некалькі тыдняў. 

З чацвярга мама пачынала распісваць яйкі. З самай раніцы бацька прапальваў печ, вуголле высыпалася ў чыгунок, на яго ставіўся керамічны сподачак, у які пакрысе апускаўся кавалачак пчалінага воску. Потым тонкімі іголкамі і цвічкамі мама распісвала яйкі. Памятаю: сядзіць ля цёплай печы, каб воск не паспеў астыць... 

Потым усе васкаванкі на 15 хвілін апускалі ў падрыхтаваны раствор з кары вольхі і іржавых цвікоў. Але і тут патрэбна было праявіць майстэрства: у нас, у Радзівілках, воскам распісвалі толькі сырыя яйкі, таму апускаць іх у ваду трэба было асцярожна, каб не пабіць.

У суботу іх адварвалі ў шалупін­ні цыбулі, каб пазбавіцца воску. Атрымлівалася знакамітая сапоцкінская пісанка: белы ўзор на цёмна-карычневым альбо чорным фоне. Пялёсткі атрымліваліся роўныя, адзін у адзін – па іх, да слова, і пазнаюць сапоцкінскія пісанкі.

Звычайна на яйках майстрыхі выводзілі прыродныя матывы: узоры вярбы, рамонкаў, васількоў, збажыны ў спалучэнні з рожкамі, хвалямі, рысачкамі і кропачкамі. Назіраеш за працэсам роспісу яйка і падумаць не можаш, што з гэтага потым такая прыгажосць атрымаецца! 
Пакуль сама не пачала зай­мацца васкаваннем яек, не ўяўляла, наколькі  гэта тонкая і карпатлівая работа. Не там рыс­ку паставіш – і ўвесь малюнак паплыў… 

Гасцей у доме заўсёды было шмат, таму распісваўся не адзін дзясятак яек. Узоры заўсёды былі рознымі. Пісанка ў гэтым сэнсе – унікальная, тут складана паўтарыцца. 

Распісваць яйкі нашым мясцовым спосабам я стала толькі ў 30 гадоў. Магчыма, прыйшоў час наследаваць традыцыі ці я дарасла да гэтага... Не ведаю… Мама была далёка: я пераехала на Астравеччыну пасля вучылішча і дома бывала рэдка, але кавалачак свайго дзяцінства захацелася аднавіць і перадаць сваім дочкам.

Калі збоку сядзіш, здаецца, што там складанага выводзіць розныя выкрунтасы і загагуліны? А калі занялася сапоцкінскім роспісам, зразумела ўсе цяжкасці гэтай справы. Пастаўленая не ў тым месцы кропелька потым праявіцца белай плямай, як на фотаздымку.

У мяне ёсць дзве сястры. Кожная з нас нешта ад мамы пераняла: адна гаспадыня цудоўная, другая – рукадзельніца, а я раб­лю пісанкі. (Усміхаецца). 
Кожнае яйка распісваю для некага персанальна: пляменніка, хроснага сыночка, дачушак… Раблю гэта толькі для родных і блізкіх. 

Бывае, закруцішся ў справах перад святам – і ўжо позна рабіць чорныя пісанкі. Спрабавала распіcваць яйкі ў іншых тэхніках – атрымлівалася прыгожа, але не тое, не маё. 

Яйкі воскам распісваю не кожны год – ад настрою залежыць, але перыядычна вяртаюся да таго часу – у сваё дзяцінства, – дзе на Вялікдзень абавязкова былі чорныя распісныя яйкі і круглабокія духмяныя пірагі.
Вера
– Маё дзяцінства прыпала на атэістычны час: мы былі піянерамі, камсамольцамі – хадзіць у касцёл строга забаранялася. Мама ўпотайкі, каб ніхто не бачыў, адна хадзіла ў храм. 
Нягледзячы на гэта, усіх нас, шасцярых, ахрысцілі ў касцёле і давялі да першай камуніі. 
Толькі дзесьці ў канцы 80-х можна было без страху хадзіць у храм. Але забароны, відаць, аказалі негатыўны ўплыў – не магу сказаць, што я набожны чалавек. 
Астравеччына – лёсам дадзеная…
– На Астравеччыну, на­пэў­на, мяне прывёў сам лёс.
Класны кіраўнік прапанавала мне ісці ў настаўнікі. Пры­знацца, пра выбар прафесіі я, васьмікласніца, не задумвалася. Паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў.
Хоць і казалі раней, што Аст­равец – свету канец, але на размеркаванні я сама выбрала Аст­равеччыну. Хацелася сама­стойнасці, быць як мага далей ад дому. Накіравалі мяне ў Завельцаўскую базавую школу, дзе я і працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры да яе закрыцця. 

…Думала, што еду сюды на два гады, а засталася на ўсё жыццё. Лёс сам за мяне ўсё вырашыў: тут  пазнаёмілася з мужам Ула­дзімірам, тут нарадзіліся нашы дачушкі Марына і Ірына. 
Калі дзеці былі меншыя, мы заўсёды стараліся на Каляды і на Вялікдзень ехаць да мужавых бацькоў у суседнюю вёску Ключнікі. Валодзя, як і я, са шматдзетнай сям’і – у яго тры браты. Калі ўсе дзеці ра­зам з сем’ямі сабіраліся на свята ў бацькоўскай хаце, яна напаўнялася дзіцячымі галасамі і невымоўнай еднасцю.

Раней у вёсках было шмат дзяцей, на Вялікдзень пасля імшы яны хадзілі ў жакі: спявалі песні, расказвалі вершы… І цяпер дзеці ходзяць па яйкі. Мясцовыя бабулі чакаюць іх і калі якое малое абміне хату, крыўдзяцца…

Хоць Гервяцкі край лічыцца літоўскім, але велікодныя тра­дыцыі ў нас падобныя. Адзі­нае, што мяне здзівіла, калі я пачала жыць у Завельцах, гэта тое, што тут не толькі дзеці, але і дарослыя хадзілі ў жакі. У нас так заведзена не было. 

…Цяпер ужо дзеці прыязджаюць да нас. Пасля імшы абавязкова едзем у Ключнікі да бабулі – яна ў нас адна засталася.

Вялікдзень для мяне – гэта памяць пра мінулае. Мае браты і сёстры жывуць у Гродне і Гродзенскім раёне. На вялікія святы мы дасылаем адзін аднаму па­штоўкі – яны куды больш жывыя, натуральныя, чым паведамленні ў мабільным тэлефоне.

Даўно няма маіх бацькоў – але яны жывуць у памяці. Сваім прыкладам яны паказалі нам з братамі і сёстрамі, якім павінен быць чалавек,  навучылі нас берагчы адзін аднаго. Іх запавет, што галоўнае ў жыцці – сям’я, я пастаралася перадаць сваім дзецям.

…Вялікдзень – сямейнае свята. Цаніце людзей, якія побач з вамі, беражыце адносіны. Нейкія дрэнныя рэчы мы заўсёды паспяваем сказаць, а штосьці добрае пакідаем на пасля, а  «пасля» можа і не стацца. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений