Валянціна Віннічак атрымала Падзячны ліст ад Урада Літоўскай Рэспублікі
Педагог дадатковай адукацыі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціна Вільеўна Віннічак атрымала Падзячнае пісьмо ад Дэпартамента нацыянальных меншасцей пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі.
Напачатку ліпеня ў Вільнюсе прайшло свята песні, прысвечанае 100-годдю аднаўлення літоўскай дзяржавы. Па запрашэнні віленскага гарадскога беларускага клуба “Сябрына” ўдзел у ім прыняла народны майстар, педагог дадатковай адукацыі Астравецкага ЦТДМ Валянціна Віннічак.
За праведзены на высокім узроўні майстар-клас па пляценні з саломкі Дэпартамент нацыянальных меншасцей пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі выказаў Валянціне Віннічак пісьмовую падзяку, якую жанчыне ўручыў адзін са стваральнікаў клуба “Сябрына”, ураджэнец Астравеччыны Валянцін Стэх.
– Ніводная экспазіцыя не прыняла столькі наведвальнікаў, як выстава вырабаў Валянціны Вільеўны, – віншуючы, адзначыў Валянцін Стэх. – Са звычайнай саломкі яна стварае шэдэўры мастацтва.