Самаробныя кнігі астравецкіх майстроў сталі пераможцамі фестывалю кнігі
Самаробныя кнігі астравецкіх аўтараў засвяціліся на фестывалі кнігі “Кніжныя скарбы Беларусі”, які днямі прайшоў у Гродна.
Сёлетні фестываль кнігі праходзіў у другі раз. У 2015 годзе самаробная кніга астравецкіх бібліятэкараў была прызнана лепшай – і стала ўладальніцай Дыплома І ступені.
Сёлета з Астраўца ў Гродна паехалі сем кніг, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, над якімі працавалі вучні і педагогі Гудагайскай сярэдняй школы Арцём Маргуж і Святлана Башко, Альхоўскай сярэдняй школы Іван Рылькоў і Аэліта Рылькова, педагогі сярэдняй школы №1 Марына Глаўдзель і гімназіі №1 Анастасія Прымак, настаўніца мастацкага аддзялення Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Дзіяна Ендза і супрацоўнікі Трокеніцкай сельскай бібліятэкі-клуба і цэнтральнай раённай бібліятэкі.
– Прыемна, што сёлета работы астравецкіх аўтараў таксама былі высока ацэнены абласным журы, – расказала дырэктар Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Кацярына Францаўна Аскерка. – Самаробная кніга Дзіяны Ендза прызнана пераможцай у намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне твора пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны”, а кніга Анастасіі Прымак у гэтай жа намінацыі заняла другое месца.
На сённяшні дзень у абласной бібліятэцы імя Я. Карскага выстаўлена каля 150 самаробных кніг, выкананых майстрамі з усіх раёнаў вобласці. Плануецца, што конкурс стане штогадовым, а самаробныя кнігі з часам змогуць убачыць усе жыхары нашага рэгіёну.