Знакомьтесь: художник, дизайнер, райтер Денис Ходас

14:00 / 13.01.2015
5
Я заўсёды захапляюся людзьмі, якія ўмеюць ствараць прыгожае. І амаль з нічога – з кавалка каменю, палоскі тканіны, чыстага аркуша паперы…

Астраўчанін Дзяніс Ходас менавіта з такіх людзей. Адным узмахам яго пэндзліка нараджаецца цэлае жыццё… Новае, незвычайнае, таямнічае, прыгожае. Распускаецца на плоце дзясяткамі сонечных сланечнікаў, ажывае на сцяне агнямі невядомага вячэрняга горада, заманьвае на палатне маўклівай, вечна філасофскі-задуменнай поўняй… І на пустых сценах спартыўнай залы з’яўляюцца мужныя баксёры і атлеты, а былая шэрая агароджа расцвітае вясёлкай кветак і ранішняй расой.


Не помню дакладна, дзе і калі я ўпершыню ўбачыла работы Дзяніса – затое помню свае ўражанні. Не лічу сябе вялікім знаўцам жывапісу і не бяруся разважаць пра глыбіню розных плыняў – таму ступень зацікаўленасці вызначаю не дэталямі, мазкамі ці светаўспрыманнем мастака, а звычайным “чапляе” ці “не чапляе”. А работы Дзяніса зачапілі. Гледзячы на іх, у чарговы раз падумала: “Вось гэта талент! Цікава было б з ім пазнаёміцца – і расказаць пра яго нашым чытачам…”

Думкі аказаліся матэрыяльнымі, і з Дзянісам удалося сустрэцца. Хлопец пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў пра сваю творчасць – і не толькі.

– Ньютана “натхніў” яблык, Мендзялееў прысніў сваю перыядычную сістэму хімічных элементаў, Шагал быццам бы бачыў сваіх анёлаў… Усё мае сваю “альфу” і “амегу”, матывацыю і ідэю. З чаго ўсё пачалося ў вас, што прымусіла ўзяцца за фарбы?

– З хваробы. (Усміхаецца) Сур’ёзна. Не памятаю, колькі мне было гадоў, але я захварэў. Хварэць сумна і нецікава. Дома не было чым заняцца, і я папрасіў маму купіць альбом, фарбы, фламастэры і стаў маляваць. Гэта першы ўспамін пра “творчасць” – калі гэта можна было так назваць.

А праз некалькі гадоў мы ехалі ў Мінск, і праз шкло дызель-цягніка я ўпершыню ўбачыў размаляваныя сцены. І “захварэў” на графіці. Гэта было нешта новае, незвычайнае і прыгожае. Памятаю, падумаў тады: “Здорава было б так маляваць!” Падумаў – і забыўся. А вось падсвядомасць, напэўна, запомніла, бо аднойчы я проста ўзяў фламастэры і намаляваў па прынцыпу графіці нейкае слова ў звычайным сшытку. Якое? Не памятаю. Гэта зараз я ведаю, што графіці нясе сваю філасофію і сэнс, кожны райтэр (той, хто малюе графіці) мае сваё імя, якое ўказвае ў малюнку, – а тады мы проста “малявалі” нейкія словы па-англійску. Вось гэта і быў старт! Я прыходзіў са школы, уключаў музыку – і пачынаў маляваць...

Першая хваля захаплення графіці прыйшла і ў Астравец. Тады прыхільнікаў такога віду мастацтва было шмат. Памятаю, у 11 класе мы першы раз “вылезлі” на сцяну – распісалі старое стрэльбішча на стадыёне. Гэта было першае каляровае графіці ў Астраўцы. І гэта было крута! Для кагосьці дзіўна, для некага – цікава, для іншых – прыгожа. Магчыма, камусьці такая творчасць не падабалася. Для нас жа гэта было не проста захапленне, а першыя спробы самавыражэння. Малявалі мы звычайнымі пэндзлямі і фарбай. Балончыкі? О-о-о!!! Балончык быў неверагоднай раскошай. Толькі праз год, калі я ўжо вучыўся ў Бабруйску, купіў першы балончык, эканоміў на ежы, на ўсім, чым мог – і купіў яшчэ адзін. Вось гэта была радасць!

– Юначае захапленне стала прафесіяй. Ваша прозвішча вядома не толькі ў Астраўцы і суседніх гарадах, але і ў Мінску, іншых мясцінах Беларусі і асацыіруецца з эфектным афармленнем, арыгінальным дызайнам і прыгожымі малюнкамі. А кім найперш вы лічыце сябе: мастаком, дызайнерам, афарміцелем, райтэрам?

– (Задумваецца) Напэўна, і мастаком, і дызайнерам, і афарміцелем, і райтэрам… Словам, усім. Кожны з гэтых накірункаў дзесьці ў чымсьці мне дапамагае. Усе яны – незаменныя кампаненты для маёй творчасці. Наогул, мне падабаецца многае – архітэктура, скульптура, жывапіс… Усё, што звязана з мастацтвам у шырокім сэнсе гэтага слова. Штосьці з гэтага стараюся ствараць і сам.

– Дык што для вас маляванне – прафесія, заробак ці нешта іншае? І што такое малюнак?

– Маляванне – гэта хобі, любімы занятак – тое, чым я займаюся і дзякуючы чаму зарабляю грошы. І ў той жа час гэта стыль жыцця. Афармляю заказ – малюю, прыходжу дадому – малюю, саджуся за камп’ютар – прыкідваю, рыхтую нешта для новага аб’екта, шукаю цікавыя ідэі. У маім пакоі заўсёды стаіць фарба, балончыкі, на паліцах ляжаць пэндзлі, словам – творчы хаос. А малюнак? Тут трэба адрозніваць: выконваю заказ ці малюю для сябе. Малюнак – гэта адлюстраванне эмоцый, свядомасці. Гэта – самавыражэнне: бывае, так хочацца выплюхнуць нешта на палатно. А яшчэ многае залежыць ад моманту. Прамільгнула нейкая ідэя, вобраз, убачыў, як незвычайна падае святло ці “іграюць” цені, – і тут жа ўсё пераносіш на паперу.

– Бывае такое, што заказы выклікаюць незадавальненне?

– Калі дамаўляемся з кліентам, адразу вызначаемся з ідэяй афармлення: або ён расказвае, што менавіта хацеў бы бачыць, або я прапаноўваю свае варыянты. Аднак бывае і эфект паўтору. Так, намаляваў у адным месцы вячэрні горад – усё цудоўна, заказчык задаволены. Пасля тэлефануюць і просяць намаляваць такое ж у іншым месцы – пагаджаюся. Праз некаторы час зноў паступае заказ на такі ж малюнак. Вось тут мяне пачынае “каўбасіць”. Ну не люблю паўтарацца і маляваць адно і тое – нецікава.

Дарэчы, сярод кліентаў розныя людзі трапляюцца, некаторыя становяцца сябрамі па жыцці. Быў выпадак, калі я працаваў на дачы пад Мінскам у пасёлку Негарэлае для сям’і юрыстаў. Там я купаўся, загараў, адпачываў – і прыязджаў туды не як да кліентаў, а як да сяброў. Такія ж добрыя знаёмыя жывуць на  Браслаўшчыне – вось ужо два гады я прыязджаю туды, працую і заадно адпачываю. Наогул вельмі люблю маляваць у незнаёмых месцах, знаёміцца з гісторыяй і культурай новых гарадоў, падарожнічаць. Усё новае – вельмі цікава.

– Ці здараліся няўдачы, калі нешта не атрымлівалася?

– Канешне. Яны і зараз здараюцца. У мяне няма ідэальных работ. Намалюю нешта – а пасля разумею, што гэта можна было б зрабіць зусім па-іншаму, лепш. Хочацца развівацца і ўдасканальвацца. Я кожны раз бачу сваю работу па-новаму і нават знаходжу памылкі.

Шчыра кажучы, я не лічу, што малюю прыгожа… Я проста малюю. Кожная работа, магчыма, прыгожая для кагосьці – але не для мяне. Думкі і ўражанні часта мяняюцца. Штосьці зрабіў – быццам бы падабаецца, але праходзіць дзень – і разумееш: не тое… Прыцягвае новае, незразумелае, таямнічае, цікавае, яшчэ не намаляванае…

– Натхненне – дама капрызная і непастаянная, а для творчасці пастаянна патрэбны новыя ідэі і вобразы. Дзе іх шукаеце?

– Па-рознаму: штосьці – у інтэрнэце, на нейкую ідэю бывае натхняюць работы вядомых мастакоў, нешта прыдумваю сам. Бывае, ідзеш па парку і бачыш: тут свет цікава падае, а там – цені неяк па-іншаму прасочваюцца… А дома проста змешваеш фарбы і пачынаеш эксперыментаваць з колерамі, адценнямі, формамі. З фарбамі прасцей – больш складана, калі малюеш балончыкамі: тут ужо не змяшаеш, трэба дакладна ведаць, які слой ідзе якім і які будынак на малюнку павінен з’явіцца першым, а якое дрэва апошнім. Аднак у гэтым і ёсць “фішка” і “кайф” мастацтва – прыдумваць і ствараць новае.

– Як лічыце, талент даецца чалавеку з нараджэннем ці ўсяму можна пры жаданні навучыцца?

– Многія лічаць, што з нараджэннем, але я лічу, што ўсяму можна навучыцца. Галоўнае – мець жаданне, цярпенне і стараннасць. Я таксама не ўмеў маляваць, не ўсё атрымліваецца і зараз. Але памятаю, як сядзеў над сталом і зноў і зноў выводзіў лініі. У Бабруйскім мастацкім каледжы ў мяне быў выдатны выкладчык, член Беларускага саюза мастакоў Антон Ясюкайць. Ён многаму мяне навучыў: бачыць і адчуваць цені, змешваць фарбы, іграць вобразамі…

– Некалькі гадоў назад вы былі адным з арганізатараў маладзёжнага фестывалю графіці. Ці можна спадзявацца на паўтор, і якія планы ў гэтым накірунку?

– Удзельнікам фестывалю тады вельмі спадабалася ў Астраўцы. У наступны раз яны абяцалі прыехаць на тыдзень. (Усміхаецца) Тады нам дапамаглі і мясцовыя ўлады, найперш – старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Спадзяюся, гэты фестываль адбыўся не апошні раз. Планаў шмат, вольнага часу – мала… Калі маляваннем займаюся ў большасці для заказаў, то графіці – гэта для душы. Ёсць ідэя зрабіць некалькі праектаў па стрыт-арту – гэта малюнкі з сэнсам, якія выражаюць нейкую праблему. Хочацца зноў арганізаваць фестываль для райтэраў. Але гаварыць загадзя не люблю – час пакажа…


Бліц-апытанне

– На што звяртаеце ўвагу, калі знаёміцеся з новым чалавекам?

– На яго паводзіны, стасункі, манеры. Хаця ўпэўніўся, што першае ўражанне вельмі часта бывае падманлівым.

– Вы азартны чалавек?

– Гледзячы ў чым: у гульнях – не вельмі, у творчасці, ажыццяўленні ідэі – магчыма.

– Учынак, які ніколі не даруеце?

– Здрада.

– Хто для вас з’яўляецца чалавекам з вялікай літары?

– Мае бацькі.

Чым захапляецеся акрамя мастацтва?

– Люблю падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі і там маляваць. Пакуль за межы Беларусі не выязджаў, але і ў нас столькі прыгожых мясцін з рознымі даўнімі курганамі, гарадзішчамі! Узяць тую ж Браслаўшчыну – беларуская казка. А яшчэ хацелася б у горы. Сапраўдныя! Каб за аблокі чапляцца рукамі і каб ад вышыні кружылася галава. Ці на мора – але не на пляжныя курорты, а куды-небудзь на Паўночнае, дзе скалы, абрывы…

– Якую музыку слухаеце?

– Фанк, соул, замежны рэп 80-90 гадоў, часам магу і класіку паслухаць, фолк і інструментальную музыку – тыпу рускія гуслі.

– Любімая ежа?

– Тут я таксама люблю эксперыментаваць і спрабаваць нешта новае.

– Што для вас шчасце?

(Задумваецца) – Банальна, але шчасце – гэта калі ўсё добра ў маіх родных і любімых людзей.

– Дзе хацелі б жыць – у мегаполісе ці невялікім гарадку кшталту Астраўца?

– У невялікім гарадку. А лепш за ўсё – у маленькай вёсцы ў сваім доме, можа, нават дзесьці на ўскрайку… Цішыня, прыгажосць, спакой!

– Ваша жыццёвае крэда?

– Аднойчы я прачытаў у брашуры Антона Ясюкайця класны выраз, і гэтая фраза вельмі дапамагла мне ў пэўны перыяд творчасці: “Не важна, дзе ты знаходзішся, важна, да чаго ты імкнешся!” Можна сядзець у Астраўцы – і шкадаваць, што тут няма дзе сябе рэалізаваць. Паехаць у Мінск – і наступіць на тыя ж граблі: магчымасцей у сталіцы больш, але ж і канкурэнцыя вышэйшая. Замахнуцца на Еўропу – і там пацярпець фіяска. Рэалізавацца і дабіцца нечага можна ўсюды, галоўнае – жаданне і імкненне.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.