Майор запаса Иосиф Грамбовский: "Офицер был, есть и всегда будет примером гордости и достоинства"

10:00 / 23.02.2014
Вікіпедыя трактуе слова (ці ўсё ж паняцце?) “афіцэр” вельмі празаічна: “службовая асоба сілавых структур”. А вось для нас, звычайных людзей, яно азначае перш за ўсё – “абаронца”. Афіцэр – гэта абаронца і, у пэўнай ступені, гарант незалежнасці Айчыны. Гэта чалавек, якому краіна і народ давяраюць сваю свабоду.
Больш за дваццаць гадоў у Беларусі існуе і актыўна дзейнічае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз афіцэраў”, Астравецкі раённы савет якога з 2010 года ўзначальвае маёр запасу Іосіф Іосіфавіч ГРАМБОЎСКІ. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы запрасілі старшыню савета ў гасцёўню “Астравецкай праўды”.

– Таварыш маёр, давайце нашу размову распачнём з кароценькага расповеду пра “Саюз афіцэраў”, у прыватнасці, пра яго раённае аддзяленне, якое вы ўзначальваеце.


– У межах краіны ў “Саюз афіцэраў” аб’ядналіся каля 30 тысяч афіцэраў запасу, прапаршчыкаў і іншых былых ваеннаслужачых. На Астравеччыне “саюзаўцаў” – 136. Мэты, якія мы ставім перад сабой, тычацца не толькі нашых персанальных праблем і жадання мець стасункі з аднадумцамі – адной з самых надзённых задач лічым для сябе актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі і падрыхтоўку сённяшніх школьнікаў да службы ў радах беларускай арміі. Дапамога з працаўладкаваннем тым, хто выйшаў у запас, – яшчэ адзін аспект нашай дзейнасці. Вырашаем пастаўленыя задачы праз цеснае супрацоўніцтва з райваенкаматам і раённымі структурамі. Мы ахвотна ўдзельнічаем у жыцці раёна – рэдкае мерапрыемства культурна-масавага або патрыятычна-выхаваўчага характару абыходзіцца без нас.


– І плаўна пяройдзем да, так бы мовіць, жывых састаўляючых “Саюза” – да афіцэраў… Яшчэ ў пачатку папярэдняга стагоддзя афіцэрскае званне лічылася сінонімам высакароднасці. Гонар і Айчына! А да гэтага дадавалася яшчэ бездакорная выпраўка і інтэлект. І палітэс, і “на фартэп’янах”, і кантрдансік, і верш для каханай, і “карціну маслам”… Сёння бляск афіцэрскіх пагонаў прыкметна пабляк. Як вы лічыце, чаму?


– Афіцэры – сыны (і прадукт!) грамадства, у якім жывуць. Мяняецца ўклад жыцця, маральныя каштоўнасці, мяняецца само грамадства – хіба ваенныя могуць заставацца нязменнымі? Хаця… Многія сучасныя афіцэры таленавіта іграюць на гітары, прыгожа спяваюць, ведаю нават такога, які пад настрой можа станцаваць сапраўдную румбу… І выпраўка засталася ўсё тая ж. Па сабе ведаю. Пяць гадоў у запасе, а надзену кіцель – і спіна выпрамляецца сама па сабе. Ды што там спіна – паводзіны мяняюцца, мысленне. У форме афіцэра я не магу дазволіць сабе быць несабраным, неакуратным, прымаць неканкрэтныя рашэнні, рабіць неадназначныя ўчынкі… Афіцэр быў, ёсць і заўсёды будзе прыкладам гонару і годнасці.


– А як вы ставіцеся да такога спосабу высвятлення адносінаў, як дуэль? Ці былі б вы ў стане кінуць пальчатку хаму, які ў вашай прысутнасці абразіў жанчыну? І, як вы лічыце, чаму дуэлі адмянілі? Няўжо таму, што мужчыны “здрабнелі”?


– Ох, баюся, што пры маім узрыўным характары страляўся б праз дзень… Добра яшчэ, што з трапнасцю ў мяне ўсё нармальна – на занятках па стральбе заўсёды “выбіваў” на “выдатна”…
Адмянілі дуэлі не таму, што мужчыны страцілі адвагу, – проста не варта з-за кожнай дробязі падстаўляць галаву пад кулі, асабліва з улікам імклівага ўдасканальвання зброі… Ёсць жа і іншыя шляхі адстаяць гонар жанчыны або заступіцца за невінаватага. Дарэчы, нярэдка гэта патрабуе не менш адвагі, чым расправіць плечы перад наведзеным на цябе пісталетам.


– Адзін знаёмы падпалкоўнік у адстаўцы сцвярджае: “Кожны ваенны – машына для вайны”. Пракаменціруйце, калі ласка, гэтыя словы.


– У пэўнай ступені, безумоўна, гэта так. У тым сэнсе, што ваенны не можа не толькі апратэставаць, але нават паспрабаваць абмеркаваць загад, атрыманы ім ад вышэйстаячага камандзіра. Яму статутам прадвызначана безумоўнае выкананне. І гэта не нечыя прыхамаць – на такіх умовах існуюць арміі ўсіх краінаў свету.


– Але ж…


– Не спрабуйце мяне падлавіць… Маўляў, загады таксама бываюць розныя: правільныя і няправільныя… Ведаю гэтак жа дакладна, як і тое, што над кожным ваеначальнікам стаіць вышэйшы за яго – таксама аддае загад, які не абмяркоўваецца… Урэшце рэшт, ніці вайны трымае ў руках чалавек, які знаходзіцца на самай вяршыні піраміды загадаў… І ўсё ж да канца з прапанаванай фармуліроўкай я не згодзен. Ваенны, безумоўна, у нейкай ступені машына, але машына для абароны Айчыны. Толькі так – і ніяк інакш.


– Напэўна, гэта у першую чаргу тычыцца беларускіх ваенных. Так гістарычна склалася, што наша краіна не нападала на іншыя. Яе землі тапталі самыя розныя акупанты, яе гарады і вёскі гарэлі ў полымі многіх чужых войнаў. Як вы лічыце, чаму ў характары беларусаў адсутнічае ваяўнічасць?


– Можа, менавіта таму, што рэдкая еўрапейская вайна абмінала нас: рабавалі, паланілі, знішчалі самых непакорных… А можа – хто ведае? – менавіта нам, беларусам, Богам прадвызначана быць эталонам міралюбства?


– Вы верыце ў Бога?


– Безумоўна. Больш таго: лічу, што без Бога ў жыцця няма сэнсу. Вось жыве чалавек, і ўсё ў яго ёсць: сям’я, грошы, прыгожы дом. Няма толькі Бога ў душы. А потым нешта здараецца, і багацце раптам знікае, гіне сям’я… З чым застаецца чалавек? З пустатой… Хаця часцей за ўсё менавіта ў такой сітуацыі яго душа дарастае да веры ў Бога.


– Але як можна сумясціць сёмую з дзесяці дадзеных нам Богам запаведзь “Не забі” з прафесіяй ваеннага?


– Прызнаюся, гэтае пытанне мучыла мяне шмат гадоў. Настолькі, што падчас Місій, якія адбываліся ў нашым касцёле, за адказам я вырашыў звярнуцца да прысутнага на іх манаха. “Як можна сумясціць запаведзь “Не забі” з прафесіяй ваеннага?” – пытаюся. “Калі ты забіў дзеля абароны сваёй Айчыны – гэта не грэх, – адказаў мне брат законны. – Ты абараняў сваю краіну, свой народ, сваю сям’ю… Не ты першым падняў меч, таму віны на табе няма…”


– Іосіф Іосіфавіч, вернемся на два дзесяцігоддзі назад… У той час, калі Беларусь была “ядзернай” краінай, у нас таксама быў чамаданчык з праславутай “кнопкай”. Як вы лічыце, ці правільным было рашэнне добраахвотна адмовіцца ад ядзернай зброі? Была б яна ў нас сёння – і адносіны да нашай краіны былі б, мякка кажучы, некалькі іншымі…


– Рашэнне адмовіцца было, я лічу, правільным. Беларусь па эканамічных прычынах не магла дазволіць сабе фантастычна дарагую гульню з “кнопкай”. Да таго ж, валоданне ядзернай зброяй не з’яўляецца прэзумпцыяй міру. Сёння кожны разумны чалавек ведае: калі трэцяя сусветная вайны будзе ядзернай, чацвёртая адбудзецца з каменнымі сякерамі… Гэта значыць, пераможцаў не будзе – пераможаным застанецца ўсё чалавецтва.


– У такім разе (паспрабую ўсё ж вас падлавіць) навошта наша краіна рэгулярна выкідвае ў паветра мільярды рублёў, якія ідуць на правядзенне ваенных вучэнняў? У чым іх сэнс, калі пераможцаў не будзе? Калі армія нашай маленькай краіны апрыёры не зможа спыніць агрэсію непараўнальна больш шматлікага войска суседа?


– Беларусь існуе ва ўмовах саюза з Расіяй і Казахстанам. Яна – звяно ў ланцужку агульнай абароназдольнасці трох краін і не мае права не падтрымліваць свае войскі ў стане пастаяннай боегатоўнасці. На правядзенне ваенных вучэнняў сапраўды выкарыстоўваюцца значныя сродкі, але гэта наша плата за мірнае існаванне краіны.


– Скажыце, калі ласка, Іосіф Іосіфавіч, хто з ваеначальнікаў усіх часоў і народаў самы блізкі вам па духу? Да каго з іх у вас найбольшая павага?


– Самы блізкі, безумоўна, Тадэвуш Касцюшка. Вось кім не магу не захапляцца! Яго прозвішча сёння нават у пантэоне славы ЗША. А туды патрапіць вельмі не проста. Трэба мець неверагодную мужнасць, каб узначаліць паўстанне, прадвызначанае на паражэнне. Касцюшка не мог не разумець, што яго народнаму апалчэнню не пратрымацца супраць рэгулярных войск расійскай царскай арміі. Але цярпець на сваёй зямлі дэспатызм чужой улады яму не дазваляў гонар афіцэра і патрыёта…


– Якімі маральнымі крытэрыямі павінен кіравацца ў сваім жыцці беларускі афіцэр?


– Гонар. Сумленне. Слава. Гонар – Радзіме. Сумленне – народу. Слава – сабе.
Хаця ў бой афіцэр ідзе, вядома ж, не дзеля славы. Як гэта растлумачыць?.. Да прыкладу, мне пашчасціла не зведаць вайны – мая служба прыйшлася на мірны час. І ўсё роўна… Калі стаіш на граніцы, дзе ў любы момант можа здарыцца нешта непрадказальнае, фізічна адчуваеш: за тваімі плячыма – уся краіна. Уся, разумееце? І той, хто хвіліну назад нарадзіўся, і той, каму засталося зрабіць пару ўздыхаў… Гэта твая Айчына і твой народ… І яны персанальна табе даверылі ахову сваіх рубяжоў… І ты не маеш права не апраўдаць аказаны давер…


– Як вы думаеце, чаму сярод сучаснай моладзі адбываецца своеасаблівая маральная дэвальвацыя службы ў арміі, якую юнакі нашага пакалення лічылі свяшчэнным абавязкам, адзінай магчымасцю стаць сапраўдным мужчынам?


– З зыходам з палітычнай арэны такой магутнай краіны, як СССР, зніклі і тыя маральныя ўстоі, на якіх выхоўвалася наша пакаленне. А новых неяк не знайшлося, і пустату ў выхаванні заняла масавая культура, у многім запазычаная з заходняга ўзору жыцця. Чужы лад, неўласцівыя нашаму грамадству каштоўнасці… Чамусьці жыццё так уладкавана, што быць добрым можна толькі праз намаганні, праз пастаянную работу над сабой, а для таго, каб быць “як усе”, дастаткова плыць па цячэнні… З наступствамі постсавецкай бездухоўнасці нашаму грамадству яшчэ доўга прыйдзецца працаваць…


– Калі ласка, раскажыце пра сваю працоўную кар’еру і, у прыватнасці, пра кар’еру ваеннага.


– Станавіцца ваенным не збіраўся. Калі ў восьмым класе задалі сачыненне на тэму “Кім хачу стаць”, я моцна задумаўся. Але да канчатковай высновы так і не прыйшоў. Пасля школы быў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Служба ў ваенна-паветраных сілах. Потым будаўнічы факультэт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваць уладкаваўся прарабам у Лідскую МПМК абласнога спажывецкага таварыства – на Астравеччыне ўзводзілі магазіны, кавярні і д. Потым прыйшла перабудова, і зніклі аб’екты будоўлі. Наш участак ліквідавалі, і я застаўся без працы. Сусед прапанаваў далучыцца да пагранічнікаў. Я прыняў прапанову. Пачаў з сяржанта ў аддзеле пагранічнага кантролю “Гудагай-1”, “дарос” да старшыны і да кантролю дакументаў. Потым, ужо ў якасці прапаршчыка, займаўся матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем асабістага саставу. А затым мне прапанавалі пасаду камандзіра пагранічнага ўзвода. Яна лічылася афіцэрскай, таму мяне накіравалі на курсы, пасля праходжання якіх прысвоілі званне лейтэнанта. Пачалася рэарганізацыя, у выніку якой мяне прызначылі спачатку намеснікам начальніка рэзервовай мабільнай заставы, пазней – яе начальнікам, дзе я і праходзіў службу да выхаду ў запас.
Сёння працую ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва па сваёй першапачатковай спецыяльнасці.


– Наколькі ведаю, у вас, Іосіф Іосіфавіч, два дарослыя сыны. Якую жыццёвую дарогу яны абралі для сябе?


– Старэйшы сын – таксама афіцэр. Ён служыць у Гродзенскім палку сувязі. Малодшы – студэнт будаўнічага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прызнаюся: мне вельмі прыемна, што сыны пайшлі па маёй дарозе… Нечага, значыць, і я варты…


– Таварыш маёр! Іосіф Іосіфавіч! Ці не хацелі б вы, карыстаючыся выпадкам, павіншаваць членаў раённага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” са святам – з Днём абаронцаў Айчыны?


– З вялікім задавальненнем. І не толькі членаў савета – усіх, хто калі-небудзь служыў або мае намер служыць у арміі… З днём абаронцаў Радзімы вас, сябры! Добрага вам здароўя! Мужнасці, нястомнасці, надзейнасці! І міру! Безумоўнага міру на ўсёй зямлі!


-----------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР, фота аўтара.