Сколько человек существует на Земле, столько любит

15:00 / 16.02.2014
Колькі чалавек існуе на Зямлі, столькі кахае. Па-рознаму: узаемна і нераздзелена; шчасліва і невыносна пакутна; страсна – на разрыў аорты – і спакойна, без асаблівых эмоцый; усё жыццё або некалькі гадзін…
Колькі чалавек існуе на Зямлі, столькі кахае. І столькі ж спрабуе высветліць “хімію” гэтага вечнага пачуцця, намацаць той самы шлях мужчыны да сэрца жанчыны, спасцігнуць які не ўдавалася нават звышмудраму Саламону, у якога, калі верыць Бібліі, толькі жонак было ажно 600, а наложніц – і наогул без ліку...
Колькі чалавек існуе на Зямлі, столькі ён верыць, што менавіта яго каханне – самае-самае, што ніхто да яго і ніхто пасля не перажываў гэткіх неверагодных па вышыні ўзлётаў і не трапляў у глыбіні пекла, калі пачуццё па-здрадніцку сыходзіла…


…Дня закаханых не магло не быць у календары чалавецтва. Ужо хаця б таму, што гэтае пачуццё агульнае – адно для ўсёй планеты. Як і той, да болю салодкі палон, скрозь які рана ці позна даводзіцца прайсці кожнаму чалавеку. Каб, калі моцна пашчасціць, застацца ў ім да скону. А можа, і пасля яго…
Сёння ў гасцёўні раёнкі сабраўся своеасаблівы любоўны “трохкутнік”. “Любоўны”, таму што размова будзе прысвечана Дню ўсіх закаханых і тычыцца выключна кахання. А “трохкутнік” таму, што ў ёй, у поўнай адпаведнасці з жанрам, прымуць удзел трое рэспандэнтаў – дэлегаты “моцнай” паловы чалавецтва Уладзімір Мартынаў і Андрэй Дашкевіч, а таксама прадстаўніца “прыгожай” яго палавінкі Алена Капылова. Мы папрасілі іх адказаць на некалькі пытанняў:
1. У якім узросце вы ўпершыню пакахалі?
2. Як вы ўлюбляецеся – з першага позірку ці толькі пасля таго, як спаўна адчуеце натуру чалавека?
3. Па якіх прыкметах пазнаеце, што вось яно, здарылася: вы пакахалі?
4. А потым грымнула вяселле… Вы памятаеце, як усё пачыналася?
5. Ці мяняецца каханне з гадамі і якім чынам?
6. Як вы лічыце, чаму лягчэй быць рамантычным са староннім, а не з тым чалавекам, з якім прачынаешся кожную раніцу? У якой ступені гэта тычыцца вас?
7. Кажуць, раўназначных саюзаў на свеце не існуе – адзін з дваіх заўсёды кахае мацней. Што б вы выбралі для сябе: кахаць ці быць каханым (ай)?
8. Ваш персанальны рэцэпт ад кахання, якое, здавалася б, і не здарылася, а адпускаць ад сябе не хоча?
9. Як вы ставіцеся да Дня закаханых? Ці адзначаеце яго? І як?

Уладзімір МАРТЫНАЎ
1. Упершыню закахаўся ў пяцігадовым узросце. У дзяўчынку з вялікімі прыгожымі банцікамі. Яе імя, на жаль, не памятаю, а прозвішча – Скаўронская, як у жонкі Пятра Першага. Дзяўчынка была маёй суседкай і “аднагрупніцай” у садку. Я ўсур’ёз пачаў падумваць наконт жаніцьбы (усміхаецца), але яе бацьку перавялі ў іншую часць…
2. Г-м-м… Аглядваючыся назад, мушу прызнацца, што ўлюбляўся з першага позірку. Прынамсі, менавіта так здарылася ў мяне з будучай жонкай: прыйшоў–убачыў–пакахаў.
3. Гэта калі ўсе іншыя жанчыны нібы трапляюць у іншае вымярэнне – яны існуюць, але неяк паралельна, амаль незаўважна. А ў тваім персанальным свеце ты застаешся сам-на-сам са сваёй каханай. Бура эмоцый, шчаслівае вар’яцтва, калі нават сэрца пачынае біцца з прыдыханнем…
4. Ларыса па размеркаванні трапіла ў Спондаўскую школу. 37 гадоў назад, у снежні я меў неасцярожнасць зазірнуць туды па справах. Убачыў дзяўчыну – і гэтая самая бура эмоцый літаральна збіла з ног. На Новы год я ўжо прасіў рукі Ларысы ў яе бацькі. І згуляць вяселле мы мелі намер адразу ж. Але захварэлі бацькі, таму давялося пачакаць. Так што пажаніліся толькі ў лютым – праз два месяцы пасля знаёмства. І далей былі гады ўзаемнага пазнавання. Гэта калі ты сам паціхеньку, лёгкімі дотыкамі выточваеш у сваёй “палоўцы” тое, што ўбачыў у ёй з самага пачатку, а яна гэтак жа ненавязліва стараецца вылепіць з цябе свой ідэал мужчыны.
5. Усё цячэ, усё мяняецца… Часам праз крытычныя кропкі, праз узаемныя крыўды. Каханне развіваецца – інакш яно проста памерла б. І калі выстраіць графік яго развіцця, то ён будзе ў выглядзе сінусоіды. А з гадамі… З гадамі размах амплітуды гэтай сінусоіды звычайна змяшаецца. Настолькі, што на нейкім этапе ты ўжо з цяжкасцю разумееш, дзе заканчваюцца твае думкі і пачынаюцца яе. І размаўляць ўжо можна без слоў…
6. Марыць аб прыдуманым табой вобразе нашмат лягчэй, чым аб жанчыне, якая кожны дзень побач. Якая не спіць начамі, калі хварэюць твае дзеці або ты сам, якую табе даводзіцца бачыць і стомленай, і без настрою, і пасля лазні… Марыць лягчэй, а вось кахаць атрымліваецца толькі тую – стомленую, без настрою… Такую блізкую і такую тваю, што і не аддзяліць…
7. Лепш, канешне, кахаць. Тады ў цябе будзе магчымасць развіваць свае пачуцці. І ты будзеш мець бясцэнны шанс глыбінёй свайго пачуцця справакаваць пачуццё той, што пакуль не кахае цябе. Нарадзіць сумесны парастак і вырасціць з яго дрэва ўзаемнага кахання.
8. Адсекчы адным ударам. З’ехаць. Адмовіцца. Не бачыць. Не чуць. Знайсці іншыя жыццёвыя прыярытэты.
9. У нашай маладосці гэтага свята не было – яно з’явілася адносна нядаўна. Таму, напэўна, не ўзнікла і традыцыя яго адзначаць. А кветкамі ў нашай кватэры ўсё роўна час ад часу пахне. Не кажучы пра словы кахання – іх я гавару маёй жонцы кожны дзень.


Алена КАПЫЛОВА
1. Упершыню закахалася ў шостым класе. Тады падавалася: пачуцця глыбей і быць не можа. Сёння пра тое дзіцячае наіўнае каханне ўзгадваю з лёгкай, але прыемнай усмешкай. І памятаю яго, аказваецца. Як ні дзіўна…
2. Мне трэба ўгледзецца. Распазнаць. З першага позірку чалавек, канешне, можа спадабацца, але, на жаль, часта бывае, што дастаткова пазнаёміцца крыху бліжэй – і цікавасць знікае сама сабой.
3. Хімія пачуццяў! Бляск у вачах! Эйфарыя! Лёгкасць ва ўсім, нават у паходцы. І ўвесь свет напоўнены флюідамі, якія тваё сэрца адчувае амаль на фізічным узроўні.
4. У наступным годзе мы з мужам адзначым сярэбранае вяселле. Як хутка бяжыць час! У Астравец я прыехала па размеркаванні, збіралася адпрацаваць належны тэрмін і вярнуцца ў родную Смаргонь. Але пазлы жыцця склаліся так, як ім, напэўна, гэта было наканавана першапачаткова: я сустрэла свайго суджанага. Год мы сябравалі, а потым ён папрасіў маёй рукі. Гэта было немагчыма рамантычна! А можа, толькі так здавалася? Цяжка быць аб’ектыўнай, таму што я адчувала сябе самай шчаслівай на свеце…
5. Канешне, мяняецца. Спачатку вы жывяце ў абсалютна рамантычным свеце – усё навокал лёгкае і паветранае. Нібы закон сусветнага пры цягнення не існуе. Паступова рэчаіснасць уступае ў свае правы – але вас цяпер двое. А гэта значыць, можна проста прытуліцца да каханага чалавека і сказаць усяму свету: “Пачакай!” Можна размаўляць з мужам аб чым заўгодна, а можна проста маўчаць – і ўсё роўна вам абодвум будзе прыемна і камфортна…
6. Гэта ўласціва творчым людзям – ім патрэбна Муза. І іх жонкам у гэты разрад немагчыма патрапіць. Таму што ў творчасці мастакі, паэты, кампазітары жывуць прыдуманымі пачуццямі, хаця ў рэальным жыцці гэта ніколькі не перашкаджае ім быць шчаслівымі.
7. Калі б узаемнае каханне было немагчымым, я выбрала б, каб кахалі мяне. Канешне, без пачуццяў складана, але жанчыне лягчэй прыстасавацца – нярэдка ёй хапае ўдзячнасці за каханне, якое да яе адчувае муж.
8. Прызнаюся, нейкіх ракавых страсцей мне перажыць не даводзілася. Канешне, у юнацтве здараліся непрыемныя моманты, але мне даволі лёгка ўдавалася пераключыцца на іншыя інтарэсы. І потым – час… Ён жа самы цудоўны лекар…
9. Муж віншуе мяне з Днём святога Валянціна. Гэта прыемна. Але для мяне куды больш прыемна і важна, што ён не забывае гаварыць мне прыемныя словы штодня. І няхай сабе яго кампліменты часам відавочна перабольшаны – ну і што?! Я выбіраю верыць, што я сапраўды выглядаю так шыкоўна. Прынамсі, праз вочы мужа…


Андрэй ДАШКЕВІЧ:
1. Першы раз закахаўся ў 16 гадоў. Дзяўчына прыехала на канікулы – убачыў і літаральна аслупянеў ад нахлынуўшых пачуццяў.
2. Улюбляюся ва ўсмешку. Для мяне вызначыць характар чалавека наогул найлягчэй па ўсмешцы – шчырасць, адкрытасць, уменне радавацца… Прыгожых жанчын шмат, але прыгожа ўсміхацца ўмеюць адзінкі з іх.
3. Па фатаграфіях. Калі мне хочацца ўвесь час фатаграфаваць дзяўчыну, і яе здымкі атрымліваюцца на ўсе сто… Калі ў кожным з іх чытаецца пяшчота, я разумею: закахаўся. І яшчэ з мяне пачынаюць сыпацца вершы…
4. У якасці прызнання я падарыў маёй абранніцы свой верш. Вось гэты:


Я нежность из себя
Вычерпываю горстью.
Ведь встречи этой ждал
Немало долгих дней.
Ты рядом,
Но сейчас,
Пойми,
Уже не гостьей
Хочу тебя узнать –
Хозяйкою своей.
Я нежность из своей
В твою вливаю душу.
Прильнуть к устам хочу,
Ласкать, боготворить…
И не устанешь ты
Меня об этом слушать.
И не устану я
Об этом говорить.


5. Пачатак адзіна магчымы – узвышанасць і палёт. Але паступова быт падразае крылы, і табе ўсё часцей бывае няпроста адарвацца ад зямлі. Прывычка – біч кахання. Трэба шмат высілкаў, каб пачуцце не згінула, а перарасло ў больш сталае, больш спакойнае і надзейнае. І жывой вадой у гэтым сэнсе з’яўляюцца дзеці. Дзеля сваёй дачушкі я гатовы зорку з неба стрэсці! Дзеля жонкі, вядома, таксама...
6. Напэўна, таму, што каханне – часовае пачуццё. Прыходзіць – сыходзіць. А калі хочаш адзінага, непаўторнага, вечнага, лягчэй за ўсё яго сабе прыдумаць.
7. Я эгаіст. Вядома, я выбіраю кахаць. Але каханнем падзялюся. З настырнасцю і напорам. Я ведаю, што майго пачуцця хопіць на нас дваіх. Прынамсі, менавіта так у нас з жонкай і адбылося.
8. Знаходжу ў “прадмеце” недахопы. Кшталту: а ногі ў яе яўна крывава тыя. І потым, не варта адчайвацца. Часам трэба проста быць упартым – і чакаць, чакаць, чакаць… Каханне, калі яно сапраўднае, мае ўласцівасць вяртацца.
9. Віншую сваю жонку. Найчасцей прысвячаю ёй верш. А калі няма натхнення, дару кветкі. Або і першае, і другое ў “адным флаконе”.


Гаспадарыла ў “Гасцёўні” Ганна ЧАКУР.