"Укротитетели огня" из Островца

07:39 / 27.07.2012
Утаймавальнікі агню

Прафесія выратавальніка гаворыць сама за сабе – выратоўваць, пры гэтым няважна каго ці што – людзей, жывёл, маёмасць… Як толькі ўзнікае сітуацыя з катэгорыі надзвычайных, на службу 101 паступае званок – і пажарная машына імчыць на дапамогу…

Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў мы завіталі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і пазнаёміліся з некаторымі прадстаўнікамі гэтай небяспечнай, але неабходнай прафесіі. Мы папрасілі іх адказаць на наступныя пытанні:


1. Працоўны стаж і асноўныя абавязкі?


2. Якім быў шлях у аддзел па надзвычайных сітуацыях?


3. Ці адрозніваецца дзейнасць выратавальнікаў ад іншых прафесій і чым?


4. Ці памятаеце свой першы працоўны дзень у аддзеле і першы пажар? Эмоцыі, уражанні, пачуцці?


5. Колькі “гарачых” выездаў на розныя выклікі давялося зрабіць за час працы?


6. Чым займаюцца ўтаймавальнікі агню ў вольны час?


Алег Уладзіміравіч Шыць, камандзір аддзялення.


1. У нашай службе я з 2008 года. У час трывожнага выкліку мой галоўны абавязак, як і ў ва ўсёй каманды – не дапусціць, каб агонь нарабіў бяды.


2. Як трапіў сюды? Сябры прывялі (Усміхаецца). Пачынаў з выратавальніка, пасля прапанавалі ўзначаліць аддзяленне – гэтая пасада была свабоднай. Закончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Так і працую.


3. Адрозніваецца. Адказнасцю і небяспекай. Тут не ведаеш, чаго чакаць ад кожнай змены і ад кожнага тэлефанавання. Аднак на тое і існуе служба МНС, каб дапамагаць у надзвычайных сітуацыях.


4. Першы мой выезд быў на ўзгаранне прыватнай лазні. На шчасце, пажар своечасова патушылі, ніхто не пацярпеў і матэрыяльны ўрон быў нанесены невялікі.


5. Шчыра кажучы, ніколі не задаваўся гэтым пытаннем, таму і не адкажу дакладна. Але пажадана, каб іх было менш.


6. Захапленне ў вольны час – гэта адпачынак з сям’ёй, спорт, рыбалка.


Віктар Іванавіч Яскулоўскі, вадзіцель.


1. Вадзіцелем працаваў пастаянна. У аддзел па надзвычайных сітуацыях лёс закінуў у 1994 годзе. Зараз мой абавязак – своечасова даставіць выратавальнікаў на месца пажару ці надзвычайнай сітуацыі, забяспечыць іх бесперабойнай падачай вады, ды і самому не заставацца ў баку ад здарэння. Ну, а таксама пад маім назіраннем і на абслугоўванні знаходзяцца нязменныя сяброўкі і памочніцы выратавальнікаў – пажарныя машыны.


2. Сюды трапіў па сваёй волі. (Усміхаецца). Да пажарных машын “круціў баранку” ў аўтапарку №4. У нейкі момант з’явілася думка: чаму б не змяніць месца дзейнасці? У той час якраз набіралі людзей у аддзел па надзвычайных сітуацыях. Былі вакансіі вадзіцеляў. Прыйшоў, паспрабаваў, прайшоў стажыроўку – і вырашыў застацца.


3. Канешне, адрозніваецца! У першую чаргу тым, што тут асноўная дзейнасць – гэта выратаванне людзей. Нават калі параўноўваць з маім ранейшым месцам працы, тут больш рызыкі. З аднаго боку, гэта небяспечна, а з іншага – цікава, адрэналін выпрацоўваецца ў арганізме. А яшчэ прафесія выратавальніка адрозніваецца тым, што ідзеш на змену – і не ведаеш, чаго ад яе чакаць.


4. Я прыйшоў на працу ў маі – і праз некалькі дзён трапіў на пажар. Месца дакладна ўжо і не скажу, але выдатна памятаю адчуванні. Усярэдзіне ўсё трэслася, а ў галаве была адна думка – толькі б нічога не пераблытаць і ўсё зрабіць правільна. Канешне, мы ўсе праходзілі стажыроўку, але там былі вучэнні, памылкі можна было выправіць. А тут – рэальнасць, і недакладнасць магла каштаваць жыцця…


5. За васямнаццаць гадоў, што тут працую, іх было нямала. Дакладна і не скажу, колькі, але напэўна пад дзве сотні набярэцца.


6. Спорт люблю – як глядзець па тэлевізары, так і займацца. Футбол падабаецца, баскетбол, валейбол… Ой, ды шмат што! Як маладзейшы быў, дык і сам актыўна ў розных гульнях і спаборніцтвах удзельнічаў. У нас і свая пажарная спартыўная каманда была.


Віталій Зянонавіч Ількевіч, пажарны.


1. Чым можа займацца пажарны? Тушэннем пажараў і выездамі на месцы розных здарэнняў. Гэтым і займаюся ўжо трэці год.


2. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, я адразу вырашыў, што хачу быць выратавальнікам. Прэстыжна, цікава, графік работы нармальны, зарплата дастойная. Таму пасля школы паступіў у Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж. Закончыў яго, вярнуўся працаваць выратавальнікам у Астравец.


3. Аднолькавых прафесій не бывае, кожная з іх чымсьці адрозніваецца ад іншых. Характарам работы, яе спецыфікай, парадкам нясення службы, патрабаваннямі, метадамі выканання… І прафесія выратавальніка – не выключэнне. Мы проста робім сваю справу.


4. Першы пажар памятаю добра. Быў разгар лета. У вёсцы Гіры гарэў жылы дом. На жаль, гэты пажар не абышоўся без ахвяры. Такім чынам, для мяне быў першы пажар і першы загінуўшы на ім. Шок? Ды не. У час вучобы нас падрыхтоўвалі да розных выпадкаў з рознымі вынікамі, у тым ліку і такімі. Акрамя гэтага, пакуль вучыўся, кожны год я праходзіў стажыроўку ў нашым аддзеле. Словам, на практыцы ведаў, што такое пажар і чаго ад яго чакаць.


5. За час працы ўпэўніўся, што як не існуе аднолькавых людзей, так і не бывае аднолькавых пажараў. Кожны з іх запамінаецца і мае свае асаблівасці. Што тычыцца іх колькасці, цяжка сказаць. Бывае, за тыдзень ніводнага ўзгарання, а бывае за суткі – два-тры “гарачыя” выклікі.


6. У вольны час люблю з сям’ёй адпачываць на прыродзе. Таксама знаходжу аддушыну ў збіранні грыбоў, ягад, у рыбалцы. Словам, люблю жывы адпачынак.




«Чым дапамагчы?»

Яна непасрэдна не выязджае на трывожныя выклікі, не трымае цяжкія пажарныя рукавы з вадой і не ўтаймоўвае страшную вогненную стыхію, але яе праца не менш адказная і важная. Бо, калі  здараецца пажар ці надзвычайнае здарэнне, менавіта жанчына прымае першае паведамленне аб бядзе. Тэлефануючы па нумары 101 у любы час дня і ночы, вы заўсёды пачуеце спакойны і прыветлівы голас дыспетчара цэнтра аператыўнага ўпраўлення Вольгі Станіславаўны Букель: “Аддзел па надзвычайных сітуацыях. Добры дзень. Чым можам дапамагчы?”


Прафесія выратавальніка вабіла Вольгу з дзяцінства. Яе дзядзькі працавалі ў гэтай службе, ды і старэйшая сястра Таццяна таксама працавала дыспетчарам цэнтра аператыўнага ўпраўлення. У выніку ўсё, што тычылася прафесіі выратавальніка, прыцягвала нябачным магнітам. І прыцягнула: з 18 гадоў дзяўчына стала працаваць у аддзеле па надзвычайных сітуацыях.


– Канешне, я не тушу пажары, у мяне іншыя абавязкі. Прымаць выклікі па некалькіх тэлефонных лініях, пасылаць падраздзяленне на здарэнне, – гаворыць Вольга. Аднак гэта, хоць і невялікі, але мой асабісты ўклад у агульную справу. Спачатку, калі пачынала працаваць, было крыху крыўдна, калі часам людзі, тэлефануючы, павышалі голас, абражалі, пачыналі сварыцца – усялякае здаралася. Але ж і іх таксама можна зразумець – у іх бяда, пажар, нервы не вытрымліваюць, адолелі эмоцыі. Многія пасля тэлефанавалі і прасілі прабачэння. Зараз я ўжо і не крыўдую. Усе ж мы людзі, і ўсё можна зразумець.


–Выклікі бываюць самыя розныя, – працягвае жанчына. – Тэлефануюць жа не толькі пры пажары. Не могуць адчыніць дзверы, гарыць трава, разбіўся тэрмометр… У выніку людзі ў роспачы тэлефануюць нам. Нашы супрацоўнікі выязджаюць і дапамагаюць. Для таго наша служба і існуе.


У аддзеле па надзвычайных сітуацыях Вольга працуе з 2003 года, і ў сваёй працы – даўно не навічок. Дарэчы, у аддзеле яна – адзіная жанчына ўпагонах. І на маё пытанне, як ёй працуецца з мужчынскім калектывам, Вольга толькі ўсміхаецца.


– Цудоўна! З мужчынамі вельмі лёгка і проста працаваць. Аднак у нас ваенізаваная служба, таму на рабоце ўсе роўныя, і для мяне, як жанчыны, няма ніякай палёгкі. Як усе, хаджу на заняткі, праходжу фізічную падрыхтоўку... Паўтаруся, тут усе – роўныя. Але ад калег-мужчын адчуваю павагу і падтрымку, і гэта прыемна.


Сваёй работай задаволена не толькі Вольга, але і яе родныя: бацькі, муж, а найбольш – трохгадовы сынок Глеб. Пабачыўшы на вуліцы пажарную машыну і даведаўшыся, што яна – з мамінай работы, ён адразу папрасіў купіць сабе такую ж. І зараз маленькая пажарная машынка – адна з любімых яго цацак. Хто ведае, можа будучы выратавальнік падрастае?