Портрет на Доске почета Островецкого района: Андрей Севостьян

21:03 / 24.07.2012
1

“Зараз іду на аперацыю, перазваніце гадзінкі праз паўтары”, — папрасіў мяне Андрэй Мікалаевіч Севасцьян, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг раённай бальніцы, калі я патэлефанаваў яму, каб дамовіцца аб інтэрв’ю.



Прычым, сказана гэта было такім спакойным голасам, быццам доктару мелася ісці не ў аперацыйны пакой, дзе якраз у гэты час, магчыма, вырашалася жыццё чалавека,  а ў бліжэйшы ларок за свежай газетай.


Няўжо гады працы, якая вымушае ці не штодзень сутыкацца з людскім болем, а падчас і станавіцца сведкай адыходу чалавека ў вечнасць, робяць урачоў настолькі чэрствымі, што нават такую сур’ёзную рэч, як аперацыя, яны ўспрымаюць банальнай, рабочай руцінай?


Прыкладна з такімі думкамі, недзе каля дзявятай гадзіны вечара, я пераступаў парог цеснай ардынатарскай рэанімацыйнага аддзялення, каб пагутарыць аб жыцці і прафесіі з урачом, фотаздымак і імя якога не так даўно былі занесены на раённую Дошку гонару.


– Мушу абвергнуць распаўсюджанае ўяўленне аб урачах, як аб бяздушных, цынічных машынах, абыякавых да чужога болю.


Хваляванне, перажыванне аб выніку кожнай аперацыі існуе заўсёды. Таму што двух аднолькавых аперацый не бывае. У кожнага чалавека яна працякае па-свойму, і ў кожнага могуць быць свае ўскладненні. Заўсёды нешта можа пайсці не так, не па “сцэнарыю” і ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг павінен быць да гэтага гатовы.


–Ад людзей вашай прафесіі так многа залежыць?


–Жыццё чалавека. Любая аперацыя – гэта агрэсія, якую арганізм можа і не перанесці. Парэзаць палец – балюча. А калі робіцца хірургічны разрэз, чалавек можа памерці ад балявога шоку. Таму галоўная задача анестэзіёлага – абарона арганізма хворага ад хірургічнай агрэсіі і карэкцыя ўсіх жыццёвых функцый, якія змяняюцца падчас аперацыі. Артэрыяльны ціск, які падае ці, наадварот, узнімаецца, крывацёк – усё гэта наш клопат, які не тычыцца хірурга. Ён робіць сваю справу, а за стан пацыента, адпаведна і за яго жыццё нясе адказнасць толькі ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг.


А вы яшчэ пытаеце пра хваляванне. Як яго можа не быць?


–А ўвогуле, пацыент на аперацыйным стале, калі знаходзіцца пад агульным наркозам, нешта адчувае ці не?


–Мне трапляліся медыцынскія артыкулы, у якіх гаварылася, што як бы нешта адчувае. Але наша задача якраз у тым, каб нічога не адчуваў.


Калі адчувае – гэта адразу бачна на маніторах: пачынае змяняцца артэрыяльны ціск, “разганяецца” пульс…


Магчыма, недзе на ўзроўні падсвядомасці нешта і адбываецца, але звычайна, калі размаўляеш з пацыентам ужо пасля аперацыі, то ніхто нічога не памятае і не скардзіцца.


–А вось у адным замежным кінафільме паказана зусім іншая сітуацыя: хворы знаходзіцца пад наркозам на аперацыйным стале, не можа паварушыць і пальцам, аднак чуе ўсё, што вакол яго адбываецца, і адчувае жудасную боль…


–На тое яно і кіно, каб гледачоў палохаць.


Чыста гіпатэтычна падобнае магчыма. Справа ў тым, што перад аперацыяй пацыенту ўводзяць так званыя рэлаксанты. Для таго, каб расслабіць усе мышцы. Хірург не здолее зрабіць аперацыю, нават увайсці ў брушную поласць, калі яны знаходзяцца ў тонусе, у напружанні. Вось тады чалавек сапраўды пальцам не здолее паварушыць. Аднак, паўтару гэта яшчэ раз, урач добра разумее стан чалавека – баліць яму ці не – з дапамогай спецыяльнага абсталявання.


Таму кіно – гэта толькі кіно.


Праўда, і ад абыякавых, легкадумных адносін да агульнага наркозу я б таксама перасцярог.


Я, урач-анестэзіёлаг, не пажадаў бы сабе аказацца пад наркозам. Тое, што ты закрыў вочы і заснуў, зусім не азначае, што прачнешся. Менавіта таму сёння ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама, назіраецца тэндэнцыя пераходу да выкарыстання так званай спінальнай анестэзіі.


Перад аперацыяй пацыенту робяць укол у спіну.  Пры гэтым, ён застаецца ў прытомнасці. Канешне, разумее, што нешта адбываецца, але болі не адчувае.


Спінальная анестэзія больш бяспечная для арганізма. Аднак мы назіраем амаль усеагульнае непрыняцце яе пацыентамі, у якіх перад аперацыяй звычайна толькі адно жаданне: хачу спаць! Тлумачым, пераконваем, папярэджваем, што і выхад з наркозу можа быць працяглым і цяжкім – безвынікова. “Спаць” – нашым людзям гэта здаецца найлепшым рашэннем.


Вось і сёння забіраў пацыентку на аперацыю. Хвалюецца жанчына, перажывае. А ёй суседка па палаце кажа: “Не бойся, наркоз дадуць – нічога чуць не будзеш”. Такое вось у нашых людзей уяўленне.


Па праўдзе кажучы, з-за гэтага ў нас і адносіны да спецыялістаў майго профілю, як да ўрачоў другога гатунку. Ну якая карысць з таго анестэзіёлага? “Даў” наркоз і ўсё. Проста і лёгка…


–Чаму ж тады абралі сабе такую спецыяльнасць?


–Таму што хацеў жыць і працаваць на Астравеччыне, а на час заканчэння медыцынскага інстытута і размеркавання іншых вакансій, акрамя анестэзіёлага-рэаніматолага ў Астравецкай раённай бальніцы не было.


А ўвогуле, у дзяцінстве я марыў быць настаўнікам гісторыі. Падабаліся мне ўрокі Ігара Рыгоравіча Усціменкі, гісторыка Міхалішкаўскай школы.


Праўда бацька, Мікалай Андрэевіч, хоць і не пярэчыў моцна, але майго педагагічнага выбару не ўхваляў. Таму што бачыў сваіх дзяцей толькі ўрачамі.


Першай на медыцынскую сцяжынку ступіла мая старэйшая сястра Алена. Ну а ўжо за ёй, так бы мовіць, па пракладзенай сцежцы, пайшоў я.


Шкада толькі, што ўрачом мяне бацька так і не ўбачыў. Я якраз закончыў першы курс, калі ён пайшоў з жыцця.


Памятаю на пахаванні, хтосьці прашаптаў за спінай: “Ну вось і адвучыўся, Андрэйка”…


Сэнс гэтых слоў я разумеў добра. Маўляў, паступіў сын старшыні калгаса па блаце, ды і вучыўся за бацькавы грошы.


Нікаму, нічога даказваць я не хацеў. Ды і для чаго?


Канешне, адной маці цяжэй было вывучыць сына. Але ў тыя часы такой матэрыяльнай дыферэнцыяцыі сярод студэнтаў як сёння, калі кожны фанабэрыцца сваім “крутым” мабільнікам, ноўтбукам, ці наведваннем дарагіх клубаў таксама не было. Так што нейкім пакрыўджаным я сябе не адчуваў. Ды і не да гулянак мне было.


Аднак гэта ўжо асобная размова.


–Свой першы самастойны ўдзел у аперацыі памятаеце?


–Памятаю. Праўда, запомнілася не столькі сама аперацыя – здаецца, яна была не вельмі складанай і, дзякуй богу, закончылася паспяхова (усміхаецца) – колькі адчуванні.


Разуменне таго, што ты ўжо не студэнт, а ўрач, што за спінай няма выкладчыка, які падкажа, паправіць, што менавіта ты нясеш адказнасць за жыццё чалавека…


Прымаць удзел у аперацыях мне даводзілася і ў Гродне, але ў раённай бальніцы свае асаблівасці. Усё ж у абласным цэнтры і ўзровень абсталявання на парадак вышэйшы, і пацыентаў з раённых бальніц прывозяць падрыхтаванымі, з пастаўленым дыягназам…


А ў раёне на аперацыйны стол падчас трапляе чалавек, аб якім ты нічога не ведаеш: хто ён, адкуль, чым хварэе? Вось яго падабралі недзе на вуліцы і прывезлі да цябе, а ты ўжо разбірайся, што ды як.


Спецыфіка хвароб у раёнах таксама свая. Нейкія новыя методыкі прыйшлося асвойваць.


Аднак знайшліся людзі, якія дапамаглі, давучылі ўчарашняга студэнта. Найперш гэта загадчык аддзялення Іосіф Янавіч Шляхтун. Ды і падтрымку з боку галоўнага ўрача Валянціна Ігнатавіча Тачонага таксама ніколі не забуду.


–А самы складаны выпадак у вашай практыцы?


–Усе яны няпростыя. З іншымі да нас не трапляюць. І ўсё ж быў адзін, які запомніўся асабліва. Тады да нас трапіў чалавек са шматлікімі нажавымі раненнямі грудной клеткі,  печані… Вынік бытавой сваркі бацькі і сына. Нават загадчыка аддзялення на дапамогу прыйшлося з дому выклікаць, і ўдваіх ледзь справіліся. Дарэчы, выжыў той мужчына.


–Прызнайцеся, млосна не бывала ад такіх відовішчаў?


–Не, ніколі. Нават калі студэнтам упершыню ішоў на аперацыю і паняцця зялёнага аб тым, што там убачу, не меў, ніякага страху не было. Няма яго і цяпер.


Іншая справа, калі прывозяць чалавека, літаральна падабранага пад плотам, п’янага да беспрытомнасці, мокрага, бруднага, ды яшчэ… Не буду працягваць.


Вось тут бывае крыху не па сабе.


На жаль, такіх выпадкаў з кожным годам становіцца ўсё больш. І мы не можам ад такіх пацыентаў адмахнуцца – маўляў, праспіцца, працверазее. Таму што працягам алкагольнага ап’янення можа стаць цяжкая траўма і нават смерць.


Аднойчы звярнулі ўвагу, што з пяці пацыентаў, якія на той момант знаходзіліся ў рэанімацыйным аддзяленні, у чатырох значыўся “сіндром залежнасці ад алкаголю”.


–І з якім дыягназам гэтыя людзі да вас трапляюць?


–Алкагольная кома. Горш за ўсё, што няма ніякай гарантыі, што пасля выпіскі, пасля таго, як іх тут адмылі, адкачалі, вярнулі да жыцця, яны сюды больш не вернуцца з тым жа дыягназам.


–Ну вось пагутарым мы з вамі, развітаемся, і чым вы будзеце далей займацца да канца дзяжурства?


–А хто ж гэта ведае?! Маё самае першае дзяжурства ў рэанімацыйным аддзяленні Астравецкай бальніцы запомнілася тым, што падчас яго не было ніводнага пацыента! Цэлыя суткі! Праўда, гэта быў першы і пакуль адзіны за адзінаццаць гадоў маёй працы выпадак.


Нешта прадказаць наперад вельмі цяжка. Бывае за ўсю ноч нават не прысядзеш. Бывае крыху спакайней. Але ў любым выпадку не засумуеш.


Нічога не зробіш – такая работа.



Эдуард СВІРЫД.