Сваю сотую вясну сустрэла нядаўна жыхарка вёскі Завельцы Камелія Адамаўна Палачанская

10:33 / 18.03.2012
1

Яна нарадзілася ў 1912 гаду, і з яе жыцця можна пісаць гісторыю краіны, раёна, сям’і. Перажыла рэвалюцыю, войны, шмат перамен – цэлы век. Усё было ў яе жыцці – гора і радасць, беднасць і каханне, нараджэнне дзетак і смерць мужа. Пра ўсё яна памятае і можа падрабязна расказаць.


Камелія Адамаўна – унікальны чалавек. У свае сто гадоў яна яшчэ і бульбы накапае, і на градках парадак навядзе. Вельмі рухавая, вясёлая і кампанейская жанчына. Такое нялёгкае жыццё пражыла, а столькі ў ёй пазітыву, шчырасці і дабрыні!
Нарадзілася яна ў вёсцы Старая Рудня, там і замуж выйшла, і пражыла амаль што ўсё жыццё. Толькі праз 17 гадоў пасля смерці мужа Камелію Адамаўну забрала да сябе дачка ў Завельцы, дзе жанчыны жывуць і зараз.
Галоўнае багацце Камеліі Адамаўны – яе сям’я: трое дзяцей, 11 унукаў, 21 праўнук, 5 прапраўнукаў. Калі яны ўсе збяруцца разам, ды яшчэ са сваімі сем’ямі – атрымаецца бяседа чалавек на сто.
Павіншаваць бабулю са стогадовым юбілеем прыехалі дзеці і ўнук са Смаргоні. Але па-сапраўднаму Камелія Адамаўна адсвяткуе гэтую цудоўную дату пасля посту – вось тады ўся сям’я і збярэцца разам.
Але і ў дзень юбілею ў хаце доўгажыхаркі было мнагалюдна. Павіншаваць жанчыну прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Мікалаеўна Іванова, старшыня Гервяцкага сельсавета Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін, прадстаўнікі савета ветэранаў і СВК “Гервяты”. І ўсе з кветкамі, падарункамі і цёплымі словамі. Камелія Адамаўна была кранута да слёз такой увагай.
Няхай гэтая цудоўная жанчына пражыве яшчэ шмат гадоў здаровай, у шчасці і любові, якой яе акружаюць родныя і блізкія!


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.