Астравецкія майстры і самадзейныя артысты пабывалі на свяце "Казюкі" ў Гродна

08:59 / 12.03.2012

Святых ушаноўваюць па-рознаму – галоўным чынам, малітвай. А вось у гонар Святога Казіміра ладзіцца асаблівае свята – “Казюкі”. Кожны год 4 сакавіка вуліцы старой часткі Вільнюса, а таксама цэнтральныя плошчы Гродна і Варшавы ператвараюцца ў вялізны кірмаш, на якім майстры выстаўляюць свае вырабы.


Гарады выбраны не выпадкова, таму што ўнук Ягайлы і Соф’і Гальшанскай Святы Казімір быў каралевічам Польшчы, шмат разоў бываў у адной з рэзідэнцый польскіх каралёў – Гродзенскім Старым замку, а памёр і пахаваны ў Вільні. Спосаб ушанавання Святога таксама адпаведны – нягледзячы на тое, што быў сынам караля, пры ўсёй сваёй выключнай рэлігійнасці і адданасці Богу каралевіч Казімір быў адмысловым рамеснікам – на працягу зімы рабіў бочкі, якія вясной аддаваў на кірмаш на продаж.
Астравеччыну на гродзенскіх “Казюках” не першы год прадстаўляе раённае аддзяленне саюза палякаў на Беларусі (старшыня Т.М. Мароз), а хор “Польскае рэха Астраўца”, які існуе пры аддзяленні, – традыцыйны “цвік” праграмы свята. Вось і ў мінулую нядзелю на цэнтральнай сцэне “Казюкоў” нашы самадзейныя артысты пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка хору Алены Татарчук прадставілі на суд гродзенцаў адразу дзесяць песень. І вердыкт, вынесены гэтым бескампрамісным судом, быў адназначны: брава! Больш таго: пад песні астравецкага “Рэха” патэнцыяльныя пакупнікі забыліся пра раскошны выбар “казюкоўскіх” тавараў і кінуліся ў танцы.
Хаця ля сталоў астравецкіх майстрых – выкладчыцы цэнтра пазашкольнай работы Наталлі Віннічак і супрацоўніц раённай бібліятэкі Людмілы Міжыгурскай і Вольгі Тварагаль – стаўпатварэнне было яшчэ тое! Без залішняй сціпласці зазначым: лепшых, чым астравецкія, вырабаў з саломы на кірмашы не было. Саламяныя цуда-кветкі і святочныя “вербачкі” прыцягвалі да сябе пакупнікоў, як магнітам. А куфры, куфэркі і куфэрачкі Наталлі Віннічак зрабілі сапраўдны фурор.
Хаця і, акрамя нашых, дзівосаў на “Казюках” хапала: каваныя ручной работы свяцільнікі, вырабы з натуральнай скуры, бочкі, донцы, драўляныя лыжкі, матрошкі, кераміка на любы густ, вязаныя кручком сурвэткі, шалікі, кофты, жаночыя ўпрыгожанні з саломкі, скуры, бісеру і напаўкаштоўных камянёў, карціны, пано, мяккія цацкі, неверагодная колькасць сувеніраў… Словам, гарадская Савецкая плошча абласнога цэнтра ў нядзелю раптам ператварылася ў кірмаш узору пачатку мінулага стагоддзя. Для паўнаты карціны не хапала толькі конных брычак – іх (падобна назаўсёды) – выцеснілі бяздушныя аўтамабілі. Хоць адзін воз прадаваўся. Праўда, быў ён несапраўдным, амаль што цацачным – толькі для ўпрыгожвання панадворка, але ж быў!
Мы ад’язджалі каля чатырох гадзін пасля абеду, а “Казюкі” працягвалі, прабачце за таўталогію, працягвацца. І міжволі падумалася: шчаслівы той Святы, дзень памяці якога народ адзначае як свята.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.