В День памяти воинов-интернационалистов участники Афганской войны вновь собрались вместе

08:00 / 20.02.2014
25 гадоў… Чвэрць стагоддзя, для кагосьці – цэлае жыццё… Нам здаецца, гэта было так даўно… А ім – што ўсе падзеі разгортваліся ўчора. Толькі ўчора пачулі загад – курс на Афганістан… Учора ўпершыню ўбачылі прыгажосць гор і… засохшую кроў на пяску… Учора ўсхапіліся ноччу ад раптоўных выбухаў… Учора ўбачылі мёртвыя вочы таварыша… Учора адчулі на ўласнай скуры подых смерці… Учора… Якое было 25 гадоў таму назад.
15 лютага адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэтым годзе споўнілася 25 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана.

Яны звычайна прыходзяць на ўрачыстае мерапрыемства крыху раней вызначанага тэрміну. Тупаюць на прыступках кінаканцэртнай залы “Астравец”, кураць, сустракаюць адзін аднаго моцным поціскам рукі і прывітальным пытаннем: “Як справы?” З некаторымі бачацца толькі ў гэты дзень. Пагаманіўшы хвіліну-дзве, не спяшаючыся, накіроўваюцца ў залу.
Аднак у фае таксама можна затрымацца. Вось ужо другі год работнікі раённага музея арганізоўваюць выставу, прысвечаную Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Са старых, крыху выцвілых фотаздымкаў паглядаюць і ўсміхаюцца белазубай усмешкай маладыя хлопцы з гарэзлівымі вачыма. “Глянь, дык гэта ж ты!” – “А гэта – я!” – з такім жа юначым задорам згадваюць сябе і каменціруюць фотаздымкі ўдзельнікі афганскай вайны.
Сапраўды, гэта – яны. Толькі пасталелыя на чвэрць стагоддзя, пасівелыя і з ледзь прыкметным болем у вачах…
Пакуль усе збіраліся, на экране ў кінаканцэртнай зале ўзрываліся снарады, мільгалі краявіды Афганістана, гледзячы на якія, удзельнікі вайны ўспаміналі мінулыя падзеі – прысутным дэманстраваўся фільм пра Афганістан.
Першым прывітаць сваіх таварышаў на сцэну падняўся старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпан Сцяпанавіч Ціток.
– Дваццаць пяць гадоў назад – так даўно, – вярнуўся ва ўспаміны Сцяпан Сцяпанавіч. – А заплюшчу вочы – здаецца, гэта адбывалася ўчора. З гадамі мы не маладзеем, а дзесьці там, на афганскай зямлі, назаўсёды маладымі засталіся нашы рабяты. Давайце ўшануем іх памяць хвілінай маўчання.
Са словамі шчырай падзякі жывым і ўшанаваннем памяці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч і старшыня раённага Савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт.
Ваенны камісар Астравецкага ваенкамата Раман Аляксандравіч Курлоў коратка напомніў падзеі афганскай вайны і нагадаў колькасць нашых суайчыннікаў, якіх яна забрала з сабой. І яшчэ раз падзякаваў за мужнасць і гераізм усім воінам-інтэрнацыяналістам. А таксама ўручыў граматы, памятныя кнігі і дыскі.
А работнікі культуры падрыхтавалі для прысутных канцэрт. Вось так – праз шчырыя і пранікнёныя словы песень – яны ўшанавалі памяць загінуўшых у Афгане і выказалі шчырую павагу да землякоў, якія вярнуліся з той страшнай вайны.
Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікі мерапрыемства едуць да памятнага каменя воінам-інтэрнацыяналістам, каб ушанаваць памяць усіх загінуўшых у пякельным Афгане ўскладаннем кветак і вянкоў і хвілінай маўчання...
А пасля воіны-інтэрнацыяналісты спяшаюцца да сваіх братоў-афганцаў, бо іх назаўсёды парадніла зямля Афганістана – двое нашых землякоў ніколі не прыходзяць на канцэрт, не абменьваюцца скупымі жыццёвымі навінамі: Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц сталі ахвярамі афганскай вайны.
Могілкі ў мястэчку Гудагай і ў Завідзінентах сустракаюць цішынёй. Аднак яна гаворыць гучней за любыя словы. Маўклівае ўскладанне вянкоў і кветак, маўклівыя дотыкі да помніка, запальванне свечак… Лёгкі дымок ад якіх нябачна ўецца высока ў неба. Дзе, хочацца верыць, лунаюць свабодныя ад усяго, у тым ліку – і ад інтэрнацыянальнага абавязку душы нашых загінуўшых хлопцаў…


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.