Пусть Христос благословит ваши дома

15:00 / 19.01.2015
6 студзеня ўвесь каталіцкі свет адзначаў урачыстасць Аб’яўлення Пана, вядомую як Тры Каралі. У гэты дзень прынята прыносіць дадому асвенчаную крэйду і рабіць ёй пэўны надпіс на ўваходных дзвярах. Многія чытачы “Астравецкай праўды” непасрэдна і праз тэлефанаванні прасілі расказаць на старонках газеты пра вытокі гэтай традыцыі і значэнне надпісу “С+М+В 2015”.


Ва ўрачыстасць аб’яўлення Пана (Эпіфанія) узгадваюцца тры падзеі са Святога Пісання: паклон трох Каралёў, хрост Езуса і першы цуд у Кане Галілейскай.

Варта адзначыць, што дакладна невядома канкрэтная колькасць Каралёў або Мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца народжанаму Дзіцятка Езусу, і іх імёны. Паводле адной версіі лічыцца, што манархі павінны былі быць прадстаўнікамі ўсіх вядомых на той час частак свету: Еўропы, Азіі і Афрыкі.

Менавіта з-за гэтага мудрацы адлюстраваны на абразах з розным колерам скуры. Імёны Каспар, Мельхіёр і Бальтазар ім надалі ў сярэднявеччы.

У Бібліі гаворыцца хутчэй пра мудрацоў з Усходу, а не каралёў, якія з дарамі прыйшлі да Езуса. Сцвярджэнне, што сына Божага наведалі манаршыя асобы, паходзіць ад Цэзара з Арлес. На аснове Старога Запавету (Псальм 72) манах зрабіў выснову, што Мудрацы павінны быць Каралямі, а прынесеныя імі міра, кадзіла і золата сведчаць аб тым, што менавіта тры Каралі прывіталі Дзіцятка Езуса.

Звычай напісання крэйдай адпаведных знакаў на дзвярах узгадваецца ў старазапаветнай Кнізе Зыходу. Менавіта адсюль паходзіць іўдэйскі звычай пазначаць уваход у жыллё як сімвал прысутнасці Яхвэ. Гэты звычай адаптавалі хрысціяне.

Як вядома, Эпіфанія звязана з трыма падзеямі: паклонам трох Каралёў (лац. сogito), вяселлем у Кане Галілейскай (лац. мatrimonium) і хростам (лац. baptesimus). Адпаведныя літары С, М і В азначаюць наступныя выразы: “Christus Multorum Benefactor” – гэта значыць “Хрыстос многім (людзям) дабрадзей” і “Christus Mansionem Benedicat” – “Хрыстос памяшканні благаслаўляе”. Таму правільны надпіс на нашых дзвярах павінен выглядаць так: C + M + B 2015 (у канцы ўказваецца бягучы год). Гэта азначае “Christus Mansionem Benedicat” – “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом”. А два знакі “+” – гэта не “плюсікі”, а “крыжыкі”.

Як бачым, традыцыя пісаць на ўваходных дзвярах тры літары напоўнена сімвалізмам: мы просім Езуса благаславіць нашы дамы, сем’і і нас саміх.


Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.