Сёння вернікі каталіцкай канфесіі адзначаюць урачыстасць Звеставання Пана

11:37 / 26.03.2012

За дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння Касцёл адзначае свята Звеставанне Пана. Гэта дзень, у які Арханёл Габрыэль абвясціў Дзеве Марыі аб тым, што Яна стане Маці Бога, бо пад Яе сэрцам з’явіўся Хрыстус.


Урачыстасць Звеставання Пана падкрэслівае тое, што вызнае Касцёл: «Ён (Хрыстус) дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення сышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі і стаў чалавекам». Стаў падобны да нас ва ўсім – апроч граху. Ён – Эммануэль, што азначае “Бог з намі”.
Хіба што ніводзін эпізод са Святога Пісання не набыў такой папулярнасці ў мастацтве, як сцэна Звеставання. Шматлікія творцы спрабавалі розным чынам адлюстраваць тое, што Cвяты Лука перадае на пачатку свайго Евангелля: Божы Пасланец Арханёл Габрыэль прыносіць Марыі нечаканую і радасную вестку і атрымлівае Яе згоду на незвычайную місію. Марыя павінна нарадзіць Сына, якому дасць імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў.
Евангельскі аповед пра Звеставанне прадстаўляе нам момант спаткання Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне: “Вось я – слуга Панская. Няхай жа мне стане паводле слоў тваіх”. Гэтым падкрэсліваецца, што чалавек заўсёды патрэбны Богу як свабодная асоба, а не як нявольнік.
У энцыкліцы «Evangelium vitae», абвешчанай 25 сакавіка 1995 года, Ян Павел ІІ прапанаваў штогод у гэтае свята адзначаць Дзень жыцця, каб звярнуць увагу грамадства на яго каштоўнасць. Для таго, каб кожная жанчына і ўсе людзі, нягледзячы ні на якія складанасці і праблемы ў жыцці, па прыкладзе Марыі заўсёды казалі «так» новаму
жыццю з моманту зачацця. У гэты дзень святары перад алтаром благаслаўляюць цяжарных жанчын.
У апошнія гады ў Беларусі пашыраецца добрая традыцыя духоўнага ўсынаўлення. У дзень Звеставання Пана (а таксама і ў іншыя святы Панны Марыі) многія вернікі бяруць на сябе абавязак на працягу дзевяці месяцаў маліцца за дзіця, якому пагражае небяспека аборту.


Казімір ВАРАНОВІЧ, старшыня касцёльнага камітэта Дайлідскай парафіі Маці Божай Добрай Рады.