Сёння католікі ўспамінаюць св. Казіміра, заступніка каталіцкага касцёла Гродзенскай дыяцэзіі

07:58 / 05.03.2012

Кожны год 4 сакавіка вуліцы і плошчы Вільні, Гродна і нават Варшавы ператвараюцца ў адзін вялікі рынак – у гэты дзень народныя майстры выстаўляюць на продаж свае лепшыя тавары: саламяныя кветкі і кераміку, вырабы з лазы, берасты і звязаныя кручком сурвэткі, жывапісныя работы, падзелкі са скуры, косці, бісеру…
“Казюкі” – свята рамеснікаў. Яно адбываецца ў дзень ушанавання святога Казіміра, апекуна Літвы, Польшчы, моладзі, рамеснікаў…


…3 кастрычніка 1458 года ў Кракаве ў каралеўскім палацы на Вавэлях нарадзіўся ўнук Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, другі сын караля польскага і Вялікага князя літоўскага Казіміра ІУ і Эльжбеты, малодшай дачкі цэсара Свяшчэннай Рымскай імперыі Альберта ІІ. Імя нованароджанаму далі ў гонар ягонага бацькі – Казімір.
У якасці «другога бацькі» для сваіх сыноў Казімір Ягелон выбраў гісторыка, пісьменніка і дыпламата Яна Длугаша. Да таго ж, каралеўскі кракаўскі двор з яго магнацкімі інтрыгамі і забавамі кароль лічыў не лепшым месцам падрыхтоўкі да жыцця наследнікаў трона і для выхавання маладых каралевічаў вызначыў ціхі замак у Старым Сончу. Там яны вялі размеранае і сціплае жыццё з рэдкімі забавамі.
Калі кароль з сям'ёй прыязджаў у Вільню, Длугаш вывозіў юнага Казіміра для малітвы і працы ў Медніцкі замак. Казімір, паводле ўспамінаў яго сучаснікаў, быў высокаадукаваным чалавекам: свабодна валодаў лацінскай і нямецкай мовай, добра ведаў літаратуру і гісторыю. А яшчэ ён быў добрым рамеснікам – рабіў бочкі і студні, якія вясной аддаваў на продаж на рынак. Але перад усім быў каралевіч Казімір вельмі набожным. Нягледзячы на тое, што яго рыхтавалі для свецкага жыцця самага высокага ўзроўню. У 1471 годзе, калі Казіміру было ўсяго трынаццаць, венгры выбралі яго сваім каралём, і юны каралевіч з яшчэ маладзейшымі братамі і войскам накіраваўся ў Венгрыю. Аднак другая партыя венгерскага дваранства падтрымлівала іншага прэтэндэнта на прэстол, і палякі, не адважыўшыся пачаць міжусобную вайну, вярнуліся назад. Магчыма, гэты эпізод яшчэ больш звярнуў позірк Казіміра да нябеснага Валадарства.
Кароль Казімір Ягелон бачыў рэлігійныя памкненні сына і спрабаваў, як мог, утрымаць яго у свецкім жыцці: ён пакінуў Казіміра кіраваць у Вільні, але той вёў адасобленае і ціхае жыццё у Ніжнім замку, і яго часцей бачылі ў касцёле, чым у палацы.
Тады кароль запатрабаваў прысутнасці свайго сына на пасяджэннях кароннай рады ў Польшчы; а калі была раскрыта антыкаралеўская змова, ён наогул на тры гады выехаў у Вялікае Княства, пакінуўшы сваім намеснікам у Польшчы менавіта каралевіча Казіміра.
Толькі таго не цікавілі ні ўлада, ні зямная слава – душа каралевіча імкнулася да Каралеўства нябеснага. У 1481 годзе Казімір адмовіўся ад шлюбу з дачкой імператара Фрыдрыха ІІІ, патлумачыўшы сваю адмову прыняццем зароку цнатлівасці.
Пра незвычайную, узнёслую набожнасць каралевіча Казіміра пісалі ўсе яго біёграфы: “На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцёлі, тайком выходзіў з пакою, адзін, босы прыбягаў да замкавай святыні, і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніц перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...”
Ён напісаў гімн Багародзіцы «Оmni Dei», які выкарыстоўваецца ў касцёле ад 1499 г.
У 1483 г. хворы на сухоты Казімір прыехаў у Вільню, а на Каляды наведаў Гродна. Здароўе яго хутка пагаршалася, і 1 сакавіка яго перавезлі ў Вільню. Памёр Казімір на світанку ў чацвер 4 сакавіка 1484 года ў Ніжнім замку на 26-м годзе жыцця. Яго цела было ўрачыста пахавана ў капліцы віленскай катэдры, закладзенай каралём Казімірам.
Першыя дакументальныя звесткі аб святасці каралевіча Казіміра і звязаных з яго імем цудах, вядомы з прамовы пробашча віленскай катэдры Эразма Цёлка. У папскай буле ад 15 мая 1501 г. для капліцы ў катэдры яшчэ асцярожна гаворыцца, што ў ёй пахаваны князь Казімір і «пры магіле яго, як кажуць, адбываюцца цуды». А на радзіме святасць Казіміра ўжо ў пачатку ХVІ ст. лічылася бясспрэчнай. Канцлер каралевы і паэт-гуманіст Андрэй Крыцкі ў вершы 1513 годзе звяртаўся да Казіміра з просьбай заступіцца перад Богам за брата Жыгімонта ў барацьбе з Масквою за Смаленск.
У 1516 г. біскуп Войцех Радзівіл і віленская капітула, бернардзінцы з Вільні, а таксама Жыгімонт I накіравалі да папы Льва X лісты з просьбай прызнаць Казіміра святым. Кароль у лісце ад 10 мая 1516 г. нагадваў, што звяртаецца з гэтай просьбай ужо трэці раз і пісаў, што пры гробе Казіміра ўсё часцей здараюцца цуды. У наступным годзе ў Рым накіравалася спецыяльнае пасольства, і 4 лістапада 1517 г. пытанне вырашалася на калегіі кардыналаў. Атрымаўшы адпаведнае ўказанне з Рыма, прымас Ян Ласкі з Войцехам Радзівілам правялі ў Вільні ўступны працэс кананізацыі і адаслалі акты ў Рым. 15 верасня 1519 г. Леон X вырашыў накіраваць у Вільню легата біскупа Захарыя Ферэры, каб той на месцы праверыў «ці той Казімір, аб якім так многа гавораць, сапраўды заслугоўвае пашаны, што належыць святым, не з-за яго каралеўскага паходжання, але з-за цнотаў і святасці жыцця». Прыбыўшы 2 верасня 1520 г. у Вільню, Ферэры і камісія з трох біскупаў азнаёміліся з запісамі пра цуды і выслухалі сведкаў. На гэтай падставе легат склаў «Vita beati Casimiri confessori» (датавана 1 снежня 1520 г.).
Аднак па шэрагу прычын завяршэнне працэсу кананізацыі Казіміра адбылося толькі ў час пантыфікату Клімента VIІІ. 10 мая 1603 г. канонік Свянціцкі прывёз з Рыма кананізацыйную булу і ўказанні пра абрады і набажэнствы, якія павінны былі выконвацца ў гонар новага святога, а таксама чырвоную шаўковую харугву з выявай св. Казіміра на залатым полі на абодвух баках і з гербамі Святога Айца, Польскага Каралеўства, Вялікага Княства Літоўскага, Віленскага біскупства і Капітулы. Здзіўляюць яе памеры: у даўжыню 18 локцяў, шырынёй 9 локцяў. Бенедыкт Война прызначыў унясенне рэліквій на алтар на 10 мая 1604 г. За тры дні да ўрачыстасці труна каралевіча была адкрыта, і выявілася, што яго цела цалкам захавалася; пры галаве ляжаў гімн, які св. Казімір часта прамаўляў на хвалу Маці Божай. Рэліквіі былі пакладзены на катафалк для ўсеагульнага пакланення.
У вызначаны дзень у чатыры гадзіны пасля паўдня ўрачыстая працэсія пачалася ад касцёла св. Стэфана. Такога шэсця Вільня яшчэ не бачыла: велізарны натоўп, 32 цэхі і 5 брацтваў з харугвамі і абразамі, законы, войска, сенатары, святары і біскупы. Кананічную харугву нёс канцлер Леў Сапега, які прадстаўляў асобу караля. Ад касцёла св. Стэфана працэсія выйшла да Рудніцкай брамы, убранай на падабенства лятучага птаха, і тут яе сустракала дзяўчына на трыумфальнай павозцы – увасабленне Вільні. Пасля гадзіннага тэатральнага дыялогу яна ўзначаліла працэсію, якая пад гукі музыкі, спеваў, званоў усіх касцёлаў і салюта замкавых гарматаў выйшла на Рынкавы пляц. Тут, каля трыумфальнай брамы, адбылася працяглая тэатралізаваная дзея з прамовамі і вершаванымі дыялогамі па-польску, пасля чаго працэсія рушыла па вуліцы Вялікай у накірунку замкавага касцёла. Па дарозе падобная дзея на лацінскай мове, прайшла каля касцёла св. Яна. Перад уваходам у катэдру каля капітульнай брамы працэсію сустрэў біскуп Война, які ўзяў харугву з рук Сапегі і змясціў яе ў каралеўскай капліцы пры рэліквіях св. Казіміра. Назаўтра ў замкавым касцёле адбылося ўрачыстае набажэнства з чытаннем кананізацыйнай булы. Завяршылася ўрачыстасць 12 мая закладкай касцёла св. Казіміра на віленскім рынку. Біскуп Бенедыкт Война асвяціў вуглавы камень, пакладзены рукамі самых важных людзей горада – сенатараў.
Пазней канонік Р.Свянціцкі паводле падораных вотаў запісаў засведчаныя цуды, якія здарыліся пры грабніцы св. Казіміра (да 1627 г. ён налічыў 408 цудаў). Самы першы з іх – уваскрашэнне Уршулкі, дачкі віленскага мешчаніна, адбылося яшчэ ў канцы ХV ст.
У 1613 годзе сінод Віленскай дыяцэзіі пастанавіў прызнаць патронамі Літвы св. Юрыя, св. Казіміра і св. Мікалая. У 1636-ым Святы Папа Урбан VІІІ прызнаў св. Казіміра патронам Літвы, а Аляксандр VІІ (1655–1667) дазволіў адзначаць яго ўрачыстасці ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
У ХVІІ ст. культ св. Казіміра асабліва распаўсюдзіўся ў ВКЛ. Да яго, як да нябеснага заступніка, звярталіся ў час войнаў з ворагамі хрысціянства ці агульнанацыянальных бедстваў, манахі хадзілі з працэсіямі да капліцы ў катэдры, каб папрасіць Божай міласэрнасці. У 1604 годзе гетман Ян Кароль Хадкевіч, ідучы на інфлянцкую вайну, пайшоў у капліцу св. Казіміра, дзе, паклаўшы меч на труну, выслухаў Імшу і прыняў Св. Камунію, а затым папрасіў правесці 40-гадзіннае набажэнства. 27 чэрвеня 1605 г. у бітве пад Кірхгольмам ён перамог шведаў. Кароль Ян Сабескі, які вырушваў пад Вену, папрасіў адпраўляць у капліцы св. Казіміра штодзённа ў 6 гадзін раніцы ўрачыстае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту для ўпрашэння нябеснай дапамогі ў час яго паходу. Віленская капітула ў 1672 годзе пастанавіла адпраўляць у час сеймаў Імшу за св. Казіміра.
У 1652 годзе непадалёк ад Полацка, на месцы, дзе ў пачатку ХVІ ст. адбылося цудоўнае з'яўленне святога перад войскам, езуіты пабудавалі касцёл св. Казіміра. Яму быў прысвечаны касцёл дамініканцаў у Стоўбцах, касцёлы ва Уселюбе і Ліпнішках, капліцы ў касцёлах у Ражане і Коўне, алтары ў касцёле езуітаў у Варшаве, у Неапалі ў касцёле св. Юрыя (з рэліквіямі і статуяй св. Казіміра, прысланымі ў сярэдзіне ХVІІ ст. біскупам Тышкевічам), у славутым сваімі званамі Мехелене ў Бельгіі (у 1691–1692 гг. сюды прыслаў рэліквіі біскуп Бжастоўскі).
Святога з роду Ягелонаў шанавалі i ўніяцкія «Служэбнікі». Літургічная служба яму мела цалкам візантыйска-славянскую традыцыю. Нават у Жыровіцкім служэбніку пачатку ХVІІІ ст. было напісана: «Иже во царских красотах от мирских сладостей плотских кринъ, девства сохранивый невредим и девей Богородицы тёплым желанием и всего любовію последовавый. Церкви же ревностию ти поборникъ крепок бывавый, полская и литовская похвало. Казиміре царевичу, моли Христа Бога церкви от насилія отступник неврежденней быти и царствъ сих правовернымъ жителем спастися».
Рэліквіі св. Казіміра спачатку захоўваліся ў каралеўскай капліцы, заснаванай каралём Казімірам і адбудаванай пасля пажару 1530 г. Жыгімонтам І. Яна ацалела пры страшным пажары ў Вільні 1 чэрвеня 1610 г., калі згарэў дах на катэдры і лопнулі скляпенні, а на званіцы растапіліся званы.
У 1616 г. пачалі будаваць капліцу св. Казіміра, фундаваную каралём Жыгімонтам ІІІ. 15 жніўня 1636 года ў яе была перанесена труна са святымі рэліквіямі. Адбылася працэсія па Вільні, не менш ўрачыстая, чым у 1604 г., са спевамі гімнаў, пад музыку каралеўскага і катэдральнага аркестраў. Харугву св. Казіміра неслі адзін з пралатаў, Войцех Радзівіл і Стэфан Пац, каралеўскія знакі – скіпетр і карону – самыя заслужаныя сенатары. Перад труной ішоў кароль Уладзіслаў IV з братамі Янам Казімірам і Фердынандам, а за імі – каралева. Казанне сказаў славуты красамоўца і лацінскі паэт прафесар Віленскай акадэміі Мацей Сарбеўскі. Прыгожую сярэбраную труну размясцілі ў алтары, да якога каралева Канстанцыя падаравала вечную залатую лямпу.
Пачынаючы ад канцлера ВКЛ Льва Сапегі, род Сапегаў стаў шчырым апекуном нацыянальнага святога. Многія Сапегі пры хрышчэнні атрымалі імя Казімір. У 1654 годзе, калі войска Хаванскага набліжалася да Вільні, рэліквіі святога былі вывезены на Жмудзь, а потым у Ружанскі палац Сапегаў, дзе і зберагаліся да канца вайны. Пры рэстаўрацыі Віленскай капліцы асноўным фундатарам стаў гетман Казімір Сапега, што аплаціў працу майстроў-тынкоўшчыкаў, якія аздобілі купал і сцены капліцы прыгожымі арнаментамі, а таксама ён заказаў сярэбраную труну для рэліквій святога. На працягу амаль трох стагоддзяў унікальны рэлікварый стаяў на алтары катэдральнай капліцы св. Казіміра. Калі пасля 1945 г. віленская катэдра была ператворана ў карцінную галерэю, труна св. Казіміра знаходзілася ў касцёле святых Пятра і Паўла на Антокалі. У канцы 1980-х гадоў яна была ўрачыста вернута на сваё спрадвечнае месца.


Падрыхтавана па матэрыялах Інтэрнэту.