Помняць Казіміра Сваяка ў Камаях. А на Астравеччыне?

10:12 / 27.02.2012

У мінулую нядзелю ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Камаях адзначаўся дзень нараджэння нашага святара-паэта Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча).


…Першая парафія, накіраванне ў якую атрымаў толькі што рукапаложаны ксёндз Канстанцін Стэповіч, сустрэла маладога святара з радасцю. “Беларушчына шчырая. Інакш і не разгаварыцца”, – запісаў ён у дзённіку свае ўражанні.
Ксёндз працаваў тут усяго некалькі месяцаў, а памяць аб ім жывая і сёння: на адной са сцен красуецца мармуровая мемарыяльная дошка ў яго гонар, касцёльная бібліятэка носіць яго імя, 2010 год быў абвешчаны годам святара-паэта. І ні разу за апошнія сем гадоў парафіяне не забылі 19 лютага адзначыць яго дзень нараджэння.
Асаблівая парафія? Не зусім…
Парафія – гэта людзі, арганізаваць, узначаліць і павесці якіх за сабой – задача пробашча. Камайцам пашанцавала – на працягу апошніх дзесяці гадоў у іх працуе святар Божай міласцю ксёндз Яцэк Гутман.
– Сам ходзіць у залатанай сутане, – расказваюць пра яго парафіяне, – а кожную капейку – у касцёл. Алтар сусальным золатам пакрыў, касцёл пастаянна рамантуецца, музей арганізаваў, цяпер вось за бочны алтар узяўся… І перад касцёлам – бачылі, якое добраўпарадкаванне зроблена?!
Добраўпарадкаванне сапраўды ўражвае. Але яшчэ больш – духоўныя здабыткі.
Літаральна з першых дзён сваёй працы ў парафіі ксёндз Яцэк пачаў “капаць” яе гісторыю. Менавіта яго намаганнямі тут усплылі імёны паэта і ксяндза Казіміра Сваяка, кампазітара Руткоўскага, мастака Ромера (абраз “Хрыстус і сірата” яго работы ўпрыгожвае левую сцяну храма) і іншых знакамітых і няўдзячна забытых асобаў. І ў гонар кожнага з іх касцёл святога Яна Хрысціцеля прызначаў свой літургічны год. А яшчэ тут адзначаўся Год міністранта, Год касцельнага аргана…
2012 год абвешчаны ў Камаях годам ксяндза Папялушкі.
Падчас літургіі 19 лютага імя Папялушкі было аб’яўлена ў ліку памінальных інтэнцый. Але галоўнай падзеяй і прызначэннем службы было імя Канстанціна Стэповіча.
Як радавалася, пэўна, душачка нашага святара-паэта, што за яго не проста моляцца, а моляцца па-беларуску. Для яго, які так моцна прагнуў, каб “…Езус па-беларуску ўсё ж загаварыў”, большага падарунка і быць не можа.
У Камайскім касцёле, зноў жа намаганнямі ксяндза Гутмана, служба не першы год адбываецца на роднай мове – і старыя, і малыя просяць у Бога патрэбныя ім ласкі, дзякуюць, ахвяроўваюць, прабачаюцца – па-беларуску.
Пасля імшы адбылася невялікая канферэнцыя ў гонар Канстанціна Стэповіча, падчас якой перад прысутнымі ў касцёле вернікамі выступілі прадстаўнікі Астравеччыны: бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі, неабыякавы чалавек Іаланта Валуевіч, самадзейная паэт і кампазітар Людміла Кухарэвіч, загадчыца раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава, краязнаўца Алесь Юркойць.
Адкрыццём, адметнасцю, цудоўным упрыгожаннем свята ў гонар Казіміра Сваяка стаў квартэт студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі, якія выканалі некалькі песень рэлігійнага і патрыятычнага накірункаў. Паўнагучным акордам радаснай благаснасці прагучала (здаецца, упершыню) песня Альбіна Стэповіча на словы Казіміра Сваяка “Благаслаўляю”.


У гонар Казіміра Сваяка (праглядзець і праслухаць песні)


…Камайскі касцёл валодае асаблівым магнетызмам, патрапіўшы ў зону якога, забываеш і пра час, і пра холад – у яго сценах дыхаецца глыбей, моліцца – з асаблівай шчырасцю. Дзякуй вялікі за гэта парафіянам. А найбольш – іх пробашчу Яцэку Гутману.


Ганна ЧАКУР, фота і відэа аўтара.