Пойдут ли на ярмарку островчане
08:01 / 18.10.2019
У астраўчан і гасцей горада мы пацікавіліся, ці пойдуць яны на кірмаш.
Галіна Дзевятава, пенсіянерка:
– На кірмаш хаджу кожны год. Праўда, нічога не купляю. (Усміхаецца.) У нас свой агарод – вырошчваем і буракі, і моркву, і бульбу, і цыбулю. Для людзей, якія не маюць дачы ці прысядзібнага ўчастка, падобныя кірмашы – добрая магчымасць папоўніць запасы гародніны на зіму. І цэны там вельмі дэмакратычныя: мех бульбы летась каштаваў дзевяць рублёў.
Іван Замара, пенсіянер:
– На кірмаш сёлета, як і ў мінулыя гады, не пайду. Няма такой патрэбы – гаспадаркі не маю. Гародніну вырошчваем на сваім участку – нам хапае. Праўда, сёлета дрэнна ўрадзілі бурачкі.
Валянціна Гейба, прыбіральшчыца (без фота):
– За гароднінай на кірмаш звычайна ходзім усёй сям’ёй. Праўда, заўтра не пойдзем, бо ўжо ўсё патрэбнае купілі: і моркву, і капусту, і цыбулю. Не першы месяц па даступных цэнах прадаюць гародніну на аўтамабільнай стаянцы насупраць рынка.
Дзмітрый Максімаў, рэжысёр народнага тэатра:
– Я работнік культуры, таму штогод разам з калегамі працуем падчас раённага кірмашу: спяваем, паказваем мініяцюры, чытаем байкі і вершы – імкнёмся стварыць святочную атмасферу і падарыць добры настрой.
Аляксандра Пукшта, выхавацель:
– Не даводзілася бываць на сельскагаспадарчым кірмашы. Хоць працую ў Астраўцы, але часта езджу да бацькоў у Міхалішкі. З вёскі прывожу ўсё неабходнае. Агарод у нас вялікі! Найлепш урадзіла бульба – клубні, як два кулакі.