Як хутка адаптавацца ў школе

08:43 / 16.08.2019
Першы раз у першы клас. Для дзяцей і іх бацькоў гэта хвалюючы момант. Учарашні  дашкольнік трапляе ў зусім іншае асяроддзе. У дзіцяці з’яўляюцца новыя абавязкі, замест таго, каб гуляць, яму трэба сядзець за партай, вучыцца, у хаце паўтараць вывучанае падчас урокаў. Да гэтага не кожнае дзіця гатова.

Школьная пара ў першакласнікаў адзначаецца ростам самастойнасці, да якой не гатовы і бацькі. Для многіх дарослых дзіця ўсё яшчэ бездапаможнае: яго трэба апранаць, за ім прыбіраць... 

02.jpg



Але школа змяняе ўсё! Дзіця ўжо не імкнецца да самастойнасці – яно да яе бяжыць. Бацькі ж, як правіла, стараюцца акружыць яго яшчэ большым клопатам, такім чынам паказваючы сыну ці дачцэ  іх  бездапаможнасць – і робяць толькі горш. У гэты момант трэба дапамагчы малому паверыць у свае сілы, падтрымаць яго.


Некалькі парад для бацькоў першакласнікаў: 

– разам з дзіцям купляйце школьныя прылады, дайце яму самастойна выбраць пенал, ручкі, алоўкі, партфель – так вы падмацуеце цікавасць да вучобы.

– дазваляйце дзіцяці быць самастойным: няхай  выбі­рае  кашулю (з прапанаваных вамі),  у якой хоча ісці ў  школу; навучыце яго карыстацца мікрахвалёўкай, бо вы не заўсёды зможаце быць дома  падчас вяртання яго са школы; пакажыце яму, як самому зрабіць бутэрброд;

– не забывайце пра бяспеку: разам паўтарыце правілы дарожнага руху, нумары тэлефонаў экстраных службаў;

– размаўляйце з дзіцям  пра школу пазітыўна;

– імкніцеся падбадзёрыць і падтрымаць сваё дзіця – асабліва калі ў яго нешта не атрымліваецца; дапамагайце яму вучыцца з дапамогай  гульні;

– не скупіцеся на пахвалу;  

– не нагружайце малога дадатковымі заняткамі пасля школы: у яго  павінен быць  вольны час на ўласныя справы і  гульні;

– абмяркоўвайце, як прайшоў дзень. Пытайцеся ў дзіцяці не толькі пра поспехі, але і пра яго пачуцці і перажыванні.

Не варта думаць, што на працягу школьнага жыцця вы адзін на адзін будзеце змагацца з цяжкасцямі. У школе ў  вас і вашага дзіцяці з’явяцца сябры, здольныя дапамагчы, – класны кіраўнік, псіхолаг і сацыяльны педагог.

Не хвалюйцеся: усё ў вас атрымаецца!

Марына ЯЦКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг 
сацыяльны-педагагічнага цэнтра


Текст: Главный администратор