Ольховская школа отметила 40-летний юбилей после 70-летнего

09:07 / 22.02.2019
У 2016 годзе ў Альхоўцы адзначылі 70-гадовы юбілей  стварэння сістэмы адукацыі ў гэтай вёсцы: менавіта ў пасляваенным 1946 годзе тут адкрылі пачатковую школу. З гэтай нагоды ля сённяшняга будынка ўстанавілі памятны знак.

Але юбілеяў шмат не бывае – вырашылі ў Альхоўцы. І вельмі дарэчы ўзгадалі, што сёлета ў школы яшчэ адзін юбілей – 40 гадоў, як расчыніла дзверы сярэдняя школа! Чым не нагода сабраць сяброў, настаўнікаў, вучняў і выпускнікоў розных гадоў на спатканне з юнацтвам, на шчымлівы і кранальны вечар школьных сяброў?!

І  ўзгадаць усім разам, чым  адметная Альхоўская школа.

IMG_9304.jpg


...Сваім бацькоўствам
Усё ў Альхоўцы так ці інакш звязана з кардоннай фабрыкай. А школа – гэта паўнавартасная дачка фабрыкі!
Тагачасныя дырэктар кардоннай фабрыкі Віктар Дзям’янавіч Ожэг і начальнік раённага аддзела адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура ўзгадалі, як нараджалася школа. Як пісалі пісьмы ў Маскву ва Усесаюзнае міністэрства – і як самі не паверылі, калі там прынялі рашэнне аб будаўніцтве дзвюх сярэдніх школ у Савецкім Саюзе – у Альхоўцы і Усць-Іліме. Як за тры месяцы – сёння ў гэта цяжка паверыць! – распрацавалі праектна-кашта­­­рысную дакумента­цыю. Як Вік­тар Дзям’янавіч Ожэг з тага­час­ным дырэктарам Аль­хоў­скай васьмігодкі Валян­цінай Аляк­сееўнай Маркоўскай ездзілі па навакольных вёсках і ўгавор­валі бацькоў, чые дзеці хадзілі ў школу ў Свір ці Няста­нішкі, перавесці іх у Альхоўку, абяцалі арганізаваць падвоз вучняў – вядома ж, за кошт фабрыкі. Як дэлегацыю найбольш «баявых» мацярок выправілі ў Гродна ў абласны аддзел адукацыі – трэба было пераканаць чыноўнікаў, што Альхоўцы патрэбна менавіта сярэдняя, а не 8-гадовая школа.

І потым школа доўгі час адчувала бацькоўскі клопат прадпрыемства. Пра гэта  на вечары школьных сяброў узгад­ваў Яўген Уладзіміравіч Чабата­роў, які ўзначальваў школьны калектыў на працягу 27 гадоў: як  фабрыка купляла мэблю і інвентар для школы, плаціла стыпендыю выдатнікам, як аднойчы зімой за два дні замянілі размарожаную сістэму ацяплення.

IMG_9444 в печать.jpg

Яўген Уладзіміравіч Чабата­роў

Але і школа была памочніцай фабрыкі. Калі там асвоілі выпуск клеевай стужкі – папярэдніцы сённяшняга скотча – настаўнік працоўнага навучання Віктар Міхайлавіч Гражуль прыдумаў станок – і разам з вучнямі старэйшых класаў рабіў для фабрыкі драў­ляныя качолкі патрэбнай канфігурацыі.
На жаль, «няма таго, што раньш было»: фабрыка, як гэта бывае з бацькамі, пастарэла, стала нямог­лай і з цяжкасцю сама трымаецца на плыву – пра дапамогу школе цяпер няма і гаворкі…
А «дачушка» за гэтыя 40 гадоў стала дужай, прыгожай, паспяховай! І пры гэтым засталася памятлівай –  і ўдзячнай.

…Пастаянствам
Намеснік раённага аддзела аду­кацыі Алеся Казіміраўна Кашко, віншуючы школу з юбілеем, прывяла цікавую лічбу: пераважная большасць настаўнікаў гэтай школы, 80 працэнтаў, працуюць тут больш за 20 гадоў. Сюды амаль не размяркоўваюць маладых спе­цыялістаў: няма вакансій! Ці ж гэта не сведчанне адданасці пра­фесіі і сваёй школе – у наш час, калі ўсе крыкам крычаць аб падзенні прэстыжу настаўніцкай справы?! 

IMG_9455.jpg

Да слова: сённяшні дырэктар Альхоўскай школы Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч прыкладна ў адзін час атрымаў дзве прапановы: яго запрасілі на прэстыжную высокааплачваемую працу ў Маскве – і прапанавалі дырэктарскае крэсла ў Альхоўскай школе.  Школа пераважыла…
Гэтае пастаянства, сямейнасць у добрым сэнсе слова кідаліся ў вочы і на вечары школьных сяброў. 

Яна відалася ў тым, як цёпла і шчыра віталі сваю першую настаўніцу Таццяну Цімафееўну Гурскую яе колішнія вучні, што закончылі школу 50 гадоў назад – тады яна была яшчэ васьмігодкай. Як абдымалі свайго класнага кіраўніка, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Аляксандру Уладзіміраўну Бабіч, выпускнікі, што выйшлі са школы 35 гадоў назад. У тым, як сустракалі свайго нязменнага на працягу 27 гадоў дырэктара Яўгена Уладзіміравіча Чабатарова – ён і зараз выкладае ў роднай школе дапрызыўную падрыхтоўку. І ў тым, як колішнія выпускнікі, зараз – самі настаўні­кі, дзякавалі сваім педагогам – і адначасова прымалі віншаванні ад сваіх вучняў; у тым, з якой любоўю яны расказвалі пра свае школьныя гады цудоўныя, пра аднакласнікаў, настаўнікаў…

IMG_9421 в печать.jpg

Назіраючы за гэтым дзействам, міжволі ўзнікала адчуванне, што вялікая і дружная сям’я, якую лёс раскідаў па розных гарадах і вёсках, нарэшце сабралася ра­зам – і ім мала вечара, каб нагаварыцца, наўспамінацца, наабдымацца…

…Талентамі
Для кожнай школы  яе вучні і настаўнікі, як для кожнай маці яе дзеці, – самыя разумныя, самыя таленавітыя, самыя лепшыя!
Але нават з улікам фактара суб’ектыўнасці трэба прызнаць, што і ў гэтым плане Альхоўская школа – асаблівая. 
Гэта пацвердзіла і Алеся Ка­зіміраўна Кашко, узгадаўшы штога­довыя высокія вынікі аль­хоў­скіх школьнікаў на цэнтра­лізаваным тэсціраванні, перамогі іх на раённых і абласных прад­метных алімпіядах, неаднаразовы выбар школы ў якасці рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па розных напрамках дзейнасці.

IMG_9345.jpg

А да гэтага можна дадаць – ці, магчыма, з гэтага пачаць? – што вучні і настаўнікі гэтай школы – актыўныя і паспяховыя ўдзельнікі інтэлектуальнага руху ў раёне: пра гэта сведчаць шматлікія прызы, заваяваныя імі на розных спаборніцтвах ведаў і інтэлекту. 

І ўзгадаць, што школьны тэатр з мала каму вядомай Альхоўкі  – пастаянны ўдзельнік не толькі раённых, але і абласных конкурсаў пастановак на замежнай мове. Пра залатыя рукі настаўнікаў пачатковых класаў, якія аформілі ў адметным стылі калідоры і фае роднай школы.
Зрэшты, шматлікія настаўніцкія і вучнёўскія таленты ў той вечар шчодра дэманстравала канцэртная праграма. Здаецца, уласнымі сіламі тут лёгка могуць зладзіць канцэрт на некалькі гадзін, дзе будуць і вакал, і харэаграфія, і тэатр, і чытальнікі, і канферанс – і ўсё класа «супер»!
 
…Спонсарамі
І нават спонсары ў Альхоўскай школе незвычайныя! 
Акрамя традыцыйных пада­рун­каў ад раённага выканаўчага камітэта – гэта быў сертыфікат на набыццё школьнай мэблі, ад аддзела адукацыі і райкама прафсаюзаў, ад сяброў і калег, школе да юбілею – а не здарылася б яго, то, падазраю,  падарунак адбыўся б і без нагоды – вядомыя беларускія ІТ-бізнесмены браты Юрый і Дзмітрый Гурскія падарылі рознага начыння для развіцця дзяцей і дарослых  на 10 тысяч амерыканскіх долараў.
Думаю, не ў адной мяне ўзнік­ла пытанне: чаму так пашанцавала менавіта Альхоўскай школе – браты Гурскія, якія ўваходзяць у топ-40 самых паспяховых беларускіх бізнесменаў, маладзейшых за 40 гадоў, а Юрый нават узначальвае гэты спіс –  вучыліся ж у Мінску?

– У Альхоўскай школе усё жыц­­цё працавала наша бабуля, выдат­нік народнай асветы Таццяна Цімафееўна Гурская, – тлумачыць свой выбар адзін з братоў, Дзміт­рый, які разам з жонкай прыехаў на юбілей школы. – Тут мы праводзілі ўсе канікулы, зараз у нас тут дом, дзе мы любім праводзіць час. Хоць мы нарадзіліся і выраслі ў Мінску, але Альхоўка ў пэўная ступені – наша малая радзіма. І хацелася зрабіць нешта добрае для гэтай вёскі, для дзяцей, што тут растуць. 

Браты Гурскія падарылі школе цудоўную гукаўзмацняючую сіс­тэ­му – намеснік дырэктара Алена Іванаўна Кусойць  прызна­ла­ся, што марыла пра такую ўсе 28 гадоў, што тут працуе; тры ста­лы для гульні ў настольны тэ­ніс, ту­рыстычнае начынне, ін­шы спартыўны інвентар, арг­тэх­­­ніку, камп’ютары – у нейкі мо­мант ад­міністрацыя школы на­ват разгубілася ад безлічы па­да­­­­­­рун­каў: у яе «скончыліся жа­данні»…

 ...Дзеці
Але галоўная адметнасць Аль­хоўскай школы, безумоўна, – гэта яе вучні: выдатнікі і «се­рад­нячкі», інтэлектуалы і спарт­смены, артысты і «шэрыя мышкі», за сціпласцю якіх – так здараецца! – хаваюцца сапраўд­ныя геніі! 70 школьнікаў штодзень пераступаюць парог школы – пакуль яны прыходзяць сюды ў пошуках таго  самага разумнага, добрага, вечнага, што імкнуцца пасеяць у іх галовах і душах настаўнікі – да таго часу школа жыве!
Таму хочацца верыць, што 40-годдзе – не апошні юбілей Альхоўскай школы.

IMG_9332.jpg

IMG_9321.jpg

IMG_9358.jpg

IMG_9535.jpg

IMG_9572.jpg

IMG_9610.jpg

IMG_9622.jpg

IMG_9364.jpg

IMG_9381.jpg

IMG_9399.jpg

54.jpg

IMG_9492.jpg

IMG_9518.jpg

Текст: Нина Рыбик
Фото: Рыгор Рэвака
Видео: Нина Рыбик