Адзін дзень жніва насеннявода

16:05 / 13.08.2018
Хлеб – усяму галава, а насенне – яго аснова. Значнасць сэнсу гэтага выразу, як ніхто, ведае і разумее аграном-насеннявод КСУП «Гервяты» Антаніна Францаўна Дзерван, праз рукі якой прайшлі тысячы тон збожжа…

IMG_3983.jpg

– Якое яно – жніво насеннявода? – перапытвае жанчына і на хвіліну задумваецца. – Для мяне сёлетняе жніво – 35-е, юбілейнае. Не верыцца, што так хутка праляцеў час! 
Здаецца, толькі ўчора прыехала ў калгас «Радзіма», а ўжо столькі гадоў тут працую. Мяняліся старшыні, злучаліcя гаспадаркі, але насенне па-ранейшаму – святая святых раслінаводства… Нездарма ж кажуць: што пасееш, тое і пажнеш.

IMG_3959.jpg

Аграном-насеннявод Антаніна Дзерван

Найбольш мне запомнілася першае жніво. Ішоў 1984-ты год.Перад маім размеркаваннем у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум прыехаў тагачасны старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі і паклікаў на працу. Згадзілася. Мяне, яшчэ «зялёную» і нявопытную, прызначылі адказнай пры камбайнах. Гэта зараз яны сучасныя, з кандыцыянерамі, а раней працавалі на запыленых і гарачых «Коласах» і «Нівах». І перадавікі свае былі. Камбайнеры, хоць і маладая я была, слухаліся, а старэйшыя вучылі, падказвалі. Не было такога, каб хто з каго смяяўся ці кпіў.

Мне пашанцавала, што я трапіла пад крыло таленавітага агранома Віктара Іванаві
ча Сільвановіча. Ён, не шкадуючы сіл і часу, дапамагаў, дзяліўся сакрэтамі, прыадкрываючы таямнічы свет раслінаводства. Кінеш зярнятка ў глебу – і яно цягнецца да сонейка сваім кволым зялёным цельцам. Што гэта, калі не цуд?
Зараз, канешне, прасцей працаваць. На ўзбраенні ў агранома сучасныя сродкі аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, угнаенні… Тым не менш збажына родзіць па-рознаму. Працуем у зоне «рызыкоўнага земляробства», таму прадказаць ураджай могуць, напэўна, толькі экстрасэнсы. Як ні круці, але ў раслінаводстве шмат залежыць ад надвор’я.

IMG_3991.jpg

Вадзіцель Валерый Кірпа на «газоне»  перавёз больш  за тысячу тон збожжа

Сапраўднае жніво для мяне пачынаецца з траў, калі вызначаюцца насеннікі, калі разам з арганомамі раёна ездзім па палях і правяраем, ці  падыходзяць участкі для абмалоту. Затым рыхтуем зершесушылкі і ачышчальную лінію…

 Летась было шмат няўсходжага насення. Ад чаго гэта залежыць? Думаю, ад надвор’я: заліло дажджамі – насенне нераўнамерна саспявала, трэскалася. У гэтым годзе па ўсходжасці паказчыкі значна лепшыя. 

IMG_3965.jpg

Загадчыца зернесклада Алеся Ясевіч

Ужо засыпалі 500 тон насення азімых, рыхтуем яравыя. У нас у асноўным эліта: пшаніца «Фігура», «Фінэзія», «Багатка»; трыцікале «Бальціко» і «Жыцень», жыта «Пікасо», якое на круг сёлета дало 56 цэнтнераў. На размнажэнне атрымліваем эліту, каб  абнаўляць сарты і рэпрадукцыі, а сеем сваё.

Збожжа сушым, чысцім, даводзім да кандыцыі, вызначаем – што пойдзе ў насенны фонд, што – дзяржаве, што – на фураж. Дзяржаве ўжо здалі 1 167 тон пшаніцы, 137 тон аўсу, 306 тон жыта, ну і півавараны ячмень – наколькі мне вядома, толькі гервяцкі з ўсяго раёна падыходзіць па паказчыках. 

IMG_3994.jpg

Алена Герасім падчас жніва ўзважвае новы ўраджай

На работу прыходжу ў 7 раніцы, абыходжу сушылкі, вызначаю фронт работ на дзень: хто што будзе чысціць і вазіць, куды бу­дзем засыпаць збожжа…  І так цэлы дзень. 

Якую культуру найбольш люблю? Напэўна, травы. Яны менш затратныя, калі імі займацца, добрую выручку прыносяць. А попыт на насенне шматгадовых траў быў, ёсць і будзе заўсёды… Хоць, па шчырасці, нелюбімых культур у мяне няма. Возьмеш прыгаршчу пшанічных зярнятак – а яны блішчаць, бы  залатыя… І адно такое зярнятка праз год стане важкім коласам. Сапраўды, хлеб – усяму галава, а насенне – яго аснова…

IMG_3988.jpg

Леанід Ліпніцкі «Амкадорам» загружае збожжа


IMG_3976.jpg

За дзень на ачышчальнай лініі Генадзь Гульбіновіч апрацоўвае 35 тон зерня


IMG_3970.jpg

Аператар зернесушыльнай устаноўкі Юрый Баравік




Текст:
Фото: Алена Гануліч