Сёлетні “Тыдзень лесу” стаў самым масавым

14:01 / 23.04.2018
Скончылася агульна­рэспублікан­ская акцыя «Тыдзень лесу», якая штогод праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. Садзіць лес і вызваляць яго са “смеццевых абдымкаў” у Астравецкім раёне выйшла крыху больш за 700 чалавек.

IMG_4190.jpg

– Нас вельмі ўзрадавала, што шмат людзей выказала жаданне садзіць лес, – расказвае намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупенчык. – Лесаводам дапамагалі працоўныя калектывы, школьнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў. У апошні дзень акцыі пасадзілі лес работнікі раённага выканаўчага камітэта і прадстаўнікі дэпутацкага корпусу. Прыемна, што ў нашых людзей такая актыўная грамадзянская пазіцыя.

IMG_4221.jpg

У гэтым годзе акцыя была прысвечана аднаўленню лясоў, пацярпелых ад нашэсця насякомых-шкоднікаў, і Году малой радзімы… Мо, таму на заклікі лесаводаў адгукнулася рэкордная колькасць жадаючых? У сувязі з будаўніцтвам у нашым раёне атамнай электрастанцыі многія – нехта часова, а нехта назаўсёды – змянілі месца жыхарства. І для такіх людзей, напэўна, пасадзіць дрэва – магчымасць не толькі паўдзельнічаць у акцыі, а ўзгадаць сваю маленькую радзіму.
Падчас тыдня лесу былі засаджаны 43 гектары. Толькі ў першы дзень на 20 гектарах зазелянелі сасонкі на пару з бярозамі. 
Аднак заканчэнне акцыі не азначае, што лесааднаўленне ў Астравецкім лясгасе спыніцца.

IMG_4265.jpg

– Сёлета плануем пасадзіць 250 гектараў лесу. Зазначу, што ўвесь пасадачны матэрыял вырашчаны ў нашым лесагадавальніку, –  расказвае інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Кацярына Сяргееўна Кавальчук. – Актывісты не толькі садзілі лес, але і прыбіралі яго ад несанкцыянаваных звалак, наводзілі парадак у месцах масавага адпачынку людзей. 

Падчас акцыі ў Астра­вецкім лясгасе пайшлі на невялікі эксперымент: высадзілі нехарактэрную для нашага рэ­гіёна кедравую сібірскую сасну.

– Ініцыятыва закласці доследны ўчастак з плантацыяй сасны кедравай сібірскай належыць гаспадару агра­экасядзібы «Хутар «Камарышкі» Аляксандру Адамавічу Дарашэвічу, – расказвае Пётр Зянонавіч. – Мы яе падтрымалі – выдзелілі сеянцы, дапа­маглі зрабіць разбіўку ўчастка плошчай 0,2 гектары. 

…Верыцца, што тысячы сеянцаў і саджанцаў, прыгорнутыя падчас тыдня лесу клапатлівымі рукамі лесаводаў і людзей, якія шчыра любяць свой край, пусцяць трывалыя карані…




Текст:
Фото: Антон Мальшевский