Гваздзікяны і іх жыхары

08:12 / 31.03.2011
2
Кароткая гістарычная даведка

У 19 стагоддзі вёска знаходзілася ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні ў складзе маёнтка Свіраны. Уласнасць памешчыка Геленга. Паводле рэвізіі 1897 года, у Гваздзікянах налічвалася 19 двароў і 102 жыхары.
У пачатку 20 стагоддзя вёска стала адносіцца да Кямелішкаўскай воласці Свянцянскага павету Віленскай губерні, да Палянскай сельскай грамады. 160 дзесяцін зямлі. Колькасць жыхароў засталася нязменнай – у 1905 годзе ў Гваздзікянах іх пражывала па-ранейшаму 102.
З 1922 года вёска ў складзе Польшчы, у Кямелішкаўскай гміне Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 годзе ў 22 дварах Гваздзікян пражывала 119 жыхароў.
Па стану на 16 сакавіка бягучага года ў Гваздзікянах налічваецца шэсць жылых дамоў, у якіх пражывае ўсяго 15 чалавек.

І не хочаш, а ідучы па гваздзікянскай вуліцы (дарэчы, асфальтаванай!), звернеш увагу на дом Мятлеўскіх – Івана і Алены. Зусім не таму, што ў іх жытла нейкая асаблівая архітэктура. Проста ў Мятлеўскіх два сабакі. І абодва настолькі нераўнадушна ставяцца да кожнага прахожага, што апошнія, з апаскай паглядваючы на нацягнутыя ланцугі, міжволі дадаюць хады…



А вось гаспадыня сабак, Алена Мікалаеўна Мятлеўская аказалася жанчынай няспешнай і мяккай. Седзячы на лавачцы перад домам, яна грэлася ў цёплых промнях сакавіцкага сонца.
Як высветлілася, Алена Мікалаеўна родам з Комі АССР. Праз нейкі час пасля яе нараджэння сям’я пераехала ў Літву – у Пабрадзе. А замуж яна выйшла на Астравеччыну – за былога марака-падводніка, прыгажуна з атлетычнай фігурай Івана Браніслававіча Мятлеўскага.
Маладыя набылі дом у Гваздзікянах. Нарадзілі дзвюх дачок. Сёння адна з іх заканчвае Маладзечнскае медыцынскае вучылішча, другая яшчэ шукае сваю жыццёвую дарогу. Адно бацькі ведаюць дакладна: у Гваздзікяны іх дочкі не вернуцца – неперспектыўная вёска. Ні працы тут ні знайсці, ні адпачынку. Няма нават магазіна.

–Затое рэгулярна прыязджаюць аўталаўкі, – уступае ў размову Ванда Герардаўна Петрусевіч. – У аўторак і чацвер – ад спажыўтаварыства, у суботу – з СВК “Варняны”. І аўтобус на Кямелішкі праз нашу вёску ходзіць два разы на дзень. А ў сераду і чацвер даюць яшчэ і дадатковы рэйс – Астравец–Стрыпуны. Гэты вельмі зручны – з раніцы трапляеш у райцэнтр, усе справы можна залатвіць і дамоў вярнуцца.



Вёска змарнела літаральна на вачах. Маладыя паз’язджалі, старыя – паўміралі… Яшчэ гадоў дзесяць – і нічога ад Гваздзікян не застанецца. А чаму так атрымалася, нічога я вам сказаць не магу. Здавалася б, дарога да нас – суцэльны асфальт, ніякіх праблем з даездам. Навокал шчодры на грыбы-ягады лес. А людзі ўцякаюць. Іншыя, відаць, патрэбы цяпер у людзей. Лесам ды кветкамі іх не утрымаеш. Усе хочуць жыць па-гарадскому. Хочуць мець добрую работу і талковы заробак.
Я на пякарні рабіла. Чаму гэта ў Астраўцы? У Вялікіх Свіранках яна была, раённага маштабу. Працавалі ў дзве змены, а гатовую прадукцыю развозілі потым па ўсім раёне. Пад’езду толькі талковага не было – вясной і восенню машыны з хлебам цягалі трактарамі.
Пякарню закрылі. Неперспектыўная была – абсталяванне састарэла. І стаў наш кут мядзведжым.
Сядзім па хатах. Глядзім тэлевізары. Я вось люблю фільмы ваенныя або каб перажывацельныя. З вясны да восені корпаюся ў сваім гародчыку. А гаспадаркі не трымаю – навошта? Адна жыву, бабылкай – для каго старацца? Ды і сіл ужо няшмат. Мо курачкі якія і можна было б трымаць, дык не водзяцца яны ў Гваздзікянах – скрозь лісы, каршуны ды шашкі. Яны ўжо тут больш гаспадары, чым мы…

–Якая там вёска! – адмахнулася ад мяне Ганна Іосіфаўна Слычка. – Колькі тут гваздзікянскіх засталося?! Палова людзей нейтральных – спадарожным ветрам прыгнаных з іншых мясцін. Да гарэлкі многія прыкіпелі, а значыць, работнікамі быць перасталі – не сябруе чарка з руплівасцю.
Я ў Гваздзікяны замуж прыйшла. Сама з Ліцвян. Выйшла за Івана Іванавіча Слычку. Двое дзяцей: дачка Аня працуе анестэзіёлагам у чацвёртай клініцы горада Мінска. Сын Юра пры мне. Хаця хутчэй я – пры ім.



Мы з мужам пажаніліся ўжо ва ўзросце – па 35 гадоў нам было.
Янак сіратой вырас. Падчас вайны яго бацьку застрэлілі. На вачах у Янкі. Яго і самога хацелі забіць. “Страляй, – сказаў адзін з рускіх, – гэты, хоць і падлетак, а адразу відаць, што таксама – сапраўдны пшэк”. У нас тут перад вайной, ды і цяпер нярэдка, людзі паміж сабой больш па-польску перамаўляліся. Прастрэлілі Янку пальцішачка – папалі ў плячо. Не так ад раны, як ад страху ён знежывеў. А калі прыйшоў да сябе, аказалася, што нагу яму адабрала і мова прапала – стаў нямы, як рыба.
Падказалі ягонай маці добрыя людзі знахара. Недзе ля Паставаў. Запрагла каня, паклала сына – павезла паратунку шукаць. І праўда, дапамог знахар – загаварыў Янэк.
Ён добры быў чалавек. Працаваў кінамеханікам у Кямелішках – круціў кіно. Ніхто пра яго кепскага не скажа. І для сям’і старанны – капейкі сваёй ніколі не прап’е. Выпіць-то любіў, але сям’я для яго была на першым месцы. Вядома, у суботу збярэцца моладзь у клубе, бутэльку арганізуюць, а дзе выпіць? Вось і лезуць да кінамеханіка ў будку. Ну, яму за “кватэру” нальюць.
Але так гэта, каб адзін піў ці пахмяліцца прасіў – не бывала. Заўсёды ў буфеце ў нас бутэлька стаяла – ні разу не парухаў.
Сышліся мы немаладымі, але жыць сталі – душа ў душу. Абодва стараліся, што тыя мурашы. Вось і выходзіла ў нас так, што людзі яшчэ толькі мараць, а мы ўжо маем.
Толькі вось не доўга пражыў мой муж на свеце – у 53 гады памёр. Хварэў доўга і цяжка – рак страўніка. Абвазіла, дзе ведала: і ў Астравец, і ў Вільню. Толькі на такую хваробу і сёння лякарстваў няма, а ў 1993 тым больш не было.
Я ўсё жыццё ў паляводстве адпрацавала. Пенсію добрую маю – больш за 600 тысяч рублёў. Толькі не трэба думаць, што яна мне лёгка далася. Па гектару буракоў брала – не жартачкі. Як муж захварэў, бывала, цэлы дзень буракі рву, а на ноч ў Вільню еду – яго праведаць. Лёну дык наогул па 5-6 гектараў брала, але тут мы ўжо ўсёй сям’ёй выходзілі. Капейка да капейкі… Жылі нядрэнна.
І сёння жывём добра. Сын у лясніцтве працуе. Нявестка, праўда, не можа знайсці сабе працу – няма ў Гваздзікянах ніякіх вакансій. Але ў нас гаспадарка – будзь здароў! Дзве кароўкі, бычок, свінкі… Хапае Ані работы – за дзень набегаецца не менш, чым у якім-небудзь цэху. І дачушка-пястушка пры боку. Адзінае дзіця на ўсю вёску!..
Вершаў процьму ведае, і спявае добра – у садку лічыцца мала не артысткай. У Кямелішкаўскі садок яна ходзіць. Цяпер адлегласці не страшныя – спецыяльныя аўтобусы дзяцей возяць. Не тое, што мы некалі...
Нам да школы кожны дзень трэба было па чатыры кіламетры ў адзін бок пешшу тэпаць. А снягі якія тады былі – не дай Божа! А большыя дзеці малых яшчэ ўпярод выпраўляюць – прабіваць дарогу ў снезе. У школу прыходзілі мокрыя, стомленыя – хоць ты спаць кладзіся.
А цяпер дзеці ў выгодзе растуць.
Наш Юра, калі бацька памёр, перавёўся ў вячэрнюю школу – трэба было мне дапамагаць. Скончыў – абы паперку аб адукацыі атрымаць.
Прыйшоў час яму ў войска ісці. Бачу: нешта задумвае. У раён з’ездзіў па нейкай справе.
–Што, – пытаюся, – плануеш? Па вачах бачу…
–А вось добрыя людзі падказалі, што ў армію мне можна не ісці, – адказвае. – Ты – на пенсіі, а бабцы наогул ужо пад 80 гадоў. Не справіцца вам адным з гаспадаркай. А так я буду вамі апекавацца.
–Э, не, сынок. Калі ты ў армію не пойдзеш, доўга яшчэ ў падшпарках будзеш бегаць. А паслужыш, паспрабуеш дарослага хлеба, вернешся з арміі сапраўдным мужчынам.
Паслухаўся ён маіх слоў – стаў чакаць прызыву.
Цяпер ён працуе вадзіцелем у лясніцтве. Старанны хлопец – скажу, як ёсць. Хоць і нельга сваіх дзяцей хваліць. І нявестка – маладзец. А ўжо ўнучанька – святло ў вачах.
Не глядзіце, што Анжаліцы Слычка пакуль яшчэ толькі 6 гадоў – і чытаць, і лічыць яна ўжо ўмее добра. І па дому маме з бабкай дапамагчы, і са сваім забаўкамі пагуляцца – усё дзяўчынка паспявае за дзень. А прыгажуня якая! “На тату падобная”, – удакладняе Анжаліка.
Усе яе любяць, песцяць, галубяць. Хаця адна просьба дзяўчынкі так і застаецца невыкананай – не могуць мама з татам купіць ёй малодшага браціка. Грошай няма, кажуць. Іншмарку, маўляў, дарагую нядаўна купілі – усе грошыкі і сплылі.
Нездагадлівыя ў Анжалікі мама з татам! Добра, што журналісты – душэўныя людзі, заўсёды гатовыя даць параду. Вось і Анжэлцы мы падказалі выхад: няхай мама з татам возьмуць крэдыт у банку.
Бачылі б вы, як радасна загарэліся ў дзяўчынкі вочкі! Некалькі разоў для вернасці паўтарыла яна чароўнае слова “крэдыт” і ўселася пад акном сустракаць з працы тату. Ой, чуе маё сэрца, будзе ў дачкі з бацькамі сур’ёзная размова…





Ганна Слычка
– з Быстрыцы. Працавала спачатку ў петрапольскіх знакамітых на Астравеччыне цяпліцах – вырошчвала расаду. Потым, калі прыватны прадпрымальнік заняўся вырошчваннем гваздзікоў у Жарнэлях, перайшла да яго. Падабалася. Нічога мяняць не збіралася.
Толькі прыехаў у Быстрыцу на танцы хлопец з Гваздзікян. Прыгожы. На крутым матацыкле.
Ну, працяг, я думаю, вы ўжо ведаеце: Аня і Юра пажаніліся, сталі жыць у Гваздзікянах, нарадзілі дачушку Анжаліку.
–У бліжэйшай будучыні маем намер пераехаць у вялікую вёску, – прызнаецца Аня. – У Гваздзікянаў няма ніякай перспектывы. Было б больш працаздольных людзей у вёсцы, саўгас прысылаў бы па нас аўтобус, а так, лічы, я адна. І Анжаліка… Ёй нават пабавіцца няма з кім – адно дзіця на ўсю вёску.
Памірае вёска. Як гэта ні сумна ўсведамляць…


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.