Детский хор "Ветразь" всегда подтверждает своё почетное звание "образцовый"

15:00 / 17.03.2016
ВетразьНядаўна творчую справаздачу трымаў узорны хор Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў “Ветразь”.

Як заўсёды, хор парадаваў выдатным выканаўчым майстэрствам, чысцінёй дзіцячых галасоў, багаццем і разнастайнасцю рэпертуару. Прагучалі руская народная песня “Жавороночки”, твор вядомага беларускага этнографа, фалькларыста, кампазітара і дырыжора Рыгора Шырмы “Перапёлачка”, некалькі беларускіх песень для дзяцей і англійская – “Вясковы хлопчык”, “Добрыя казкі дзяцінства” Яўгена Мартынава. І вядома, класіка – хор з першай дзеі оперы Вілібальда Глюка “Арфей”, твор Эдварда Грыга “Кветкі гавораць”, Цэзаря Кюі “Зара ляніва дагарае”, два творы Пятра Чайкоўскага з вакальнага цыклу для дзяцей – “Калыханка” і “Бура”. Акапельнае і ў суправаджэнні канцэртмайстра Алены Генрыхаўны Раткевіч выкананне, пяшчотныя дзіцячыя галасы краналі душу. А салісткі Мілена Станкевіч, Эльміра Жукоўская, Аліна Гацук, Кацярына Юркойць уражвалі сваім талентам.
Даўно і шчыра люблю гэты музычны калектыў, назіраю за яго творчым ростам больш за 20 гадоў. Ганаровае званне “ўзорнага” ён пацвярджае напружанай працай з году ў год, паказвае свой вялікі творчы патэнцыял. І гэта не можа не радаваць шчырых прыхільнікаў “Ветразя”. Яму наканавана заўсёды быць юным, хаця ўжо выляцеў у самастойнае жыццё не адзін яго склад. Многія былыя выхаванцы хору звязалі сваё жыццё з музыкай, песняй. У адным з ваенных аркестраў спявае Ала Рыпінская, сталі выкладчыцамі музыкі Святлана Краснова, Ірына Бордак, Злата Кіткевіч, Аксана Баршэвіч, Наталля Вянгроўская. Харавым дырыжорам – Надзея Хвядук. Гэта несумненна добры вынік. Але галоўнае ўсё ж тое, што дзецям з малых гадоў прывіваецца выдатны густ, даюцца ўзоры сапраўднай музыкі, народжанай таленавітымі кампазітарамі мінулага і сучаснасці.
На змену выпускнікам штогод прыходзяць малодшыя вучні, і пад кіраўніцтвам нязменнага капітана Ірыны Анатольеўны Волчэк “Ветразь” адпраўляецца ў чарговае плаванне па хвалях бяскрайняга музычнага акіяну. Спадарожнага ветру!

----------------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.