"Польское эхо Островца" открыло год благотворительным концертом в Залесье

17:00 / 26.01.2015
Напачатку студзеня ў музеі-сядзібе сусветнавядомага кампазітара, аўтара пранізлівага паланэзу “Развітанне з радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага адбылася імпрэза, на якой галоўная роля была адведзена нашым землякам – хору “Польскае рэха Астраўца” пад кіраўніцтвам Алены Такарчук.


Па ініцыятыве ЮНЭСКА 2015-ты аб’яўлены годам Міхала Клеафаса Агінскага: сёлета спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння вядомага кампазітара. Менавіта пагэтаму першай пляцоўкай, на якой пачалі новы год астравецкія палякі, стала залесская сядзіба-музей.

Ганаровых гасцей тут хлебасольна сустракалі пад знака-міты паланэз гаспадара Залесся, а ў невялікай зале на сто пасадачных месцаў астравецкіх харыстаў чакалі слухачы.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Астравецкага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэса Мацвееўна Мароз.

А пасля тарнада галасоў закружыла артыстаў у мелодыях польскіх, рускіх і беларускіх песень. Вакальныя групы змянялі трыа і салісты, і сэрцы слухачоў біліся ў такт знаёмым і дагэтуль невядомым мелодыям. І асабліва залесскім гледачам спадабалася выступленне салісткі хору Аксаны Юркевіч. Амаль дзве гадзіны ў музеі-сядзібе панавала музыка і песні.

– Гэты год мы адкрылі дабрачыннай місіяй. Дзякуючы нашаму выступленню ў Залессі, удалося сабраць каля трох мільёнаў рублёў, якія пойдуць на рэстаўрацыю і ўтрыманне музея-сядзібы, – расказвае Тарэса Мацвееўна. – Выступленне ў Залессі запомніцца нам надоўга дзякуючы цёпламу прыёму і незвычайнай, камернай атмасферы, якая панавала падчас выступлення. Вельмі прыемна было бачыць у зале і ксяндза-дэкана Смаргонскага дэканату Здзіслава Вэдэра, які падзякаваў нам за эмацыйнае выкананне песень і ўручыў невялікі падарунак.

Спецыяльна для астравецкіх артыстаў дырэктар музея-сядзібы Людміла Уладзіміраўна Градзіцкая правяла экскурсію і распавяла аб жыцці і цікавых момантах біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага. А ў “белай зале” гасцей чакала сустрэча ў нефармальнай абстаноўцы з удзельнікамі мясцовага калектыву “Залясянка”.


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.