Библиотекари трех районов провели семинар

13:00 / 14.07.2013












Сумесны семінар маркетолагаў цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў адбыўся ў чэрвені бягучага года. Мерапрыемства насіла назву “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці публічных бібліятэк”. Тры дні (з 19 па 21 чэрвеня) вялася размова аб забеспячэнні адэкватнага рэагавання бібліятэк на сучасныя глабальныя змяненні. Інавацыйнасць і крэатыўнасць ў рабоце бібліятэчных устаноў – не капрыз, а новыя запатрабаваныя формы работы.

Першымі прымалі гасцей астраўчане, якія расказалі і паказалі сваю работу на прыкладзе Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Мальскай сельскай і Гервяцкай сельскай бібліятэкі-цэнтра нацыянальных культур. Падвялі вынікі першага дня рэгіянальнага семінару ў Рымдзюнскай бібліятэцы. Не мінулі госці і Троіцкі касцёл ў Гервятах, інтэр’ер і дызайн ландшафту якога нікога не пакінуў раўнадушным.
Другі дзень семінара бібліятэкараў прайшоў на Ашмяншчыне. Дзейнасць бібліятэчных устаноў гэтага раёна ў прынцыпе не адрозніваецца ад астравецкіх, але пахваліцца там было чым. Да прыкладу, Гальшанская сельская бібліятэка рэалізавала праект “Дуга, объединяющая народы и культуры”. Ашмянскія калегі падзяліліся вопытам пошуку пазабюджэтных сродкаў і гасцінна адвезлі ў Тупішкі на месца, дзе пазначаны пункт Дугі Струвэ – помніка сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Наведалі ўдзельнікі семінару таксама дзіцячую бібліятэку ў г. Ашмяны, Барунскі базыльянскі манастырскі комплекс, Кальчунскую бібліятэку-цэнтр сацыяльна-культурнай падтрымкі насельніцтва.
Трэці дзень семінарысты правялі ўжо на Смаргоншчыне, дзе пазнаёміліся з работай гарадской бібліятэкі №2, Жодзішкаўскай сельскай бібліятэкай і Ракавецкай бібліятэкай – клубам. Апошняя ўстанова сустрэла гасцей сапраўднымі вячоркамі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы ўдзельнікі семінару пазнаёміліся з мастачкай Аrа Мах і яе творчасцю і наведалі зімні сад політэхнічнага ліцэя горада.
Бібліятэчная справа ступіла на шлях перамен. Выкарыстанне маркетынгавых сродкаў дапамагае бібліятэчным установам прыцягнуць да сябе ўвагу карыстальнікаў, стварыць для іх камфортныя ўмовы, задаволіць запыты, якія ў апошнія часы становяцца усё больш складанымі.
Гэта і з’яўлялася асноўнай задачай сустрэчы супрацоўнікаў аддзелаў бібліятэчнага маркетынгу бібліятэчных сістэм трох раёнаў, а таксама – дырэктараў і іх намеснікаў.


___________________________


Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, метадыст
аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Астравецкай ЦБС.