Островчанки победили в фестивале "Адна зямля"

13:00 / 08.07.2013
Рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля-2013” у пятнаццаты раз сабраў у Маладзечне самых таленавітых вакалістаў з Астравецкага, Ашмянскага, Валожынскага, Вілейскага, Маладзечненскага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў.

У конкурсе прымалі ўдзел выканаўцы чатырох узроставых груп. Кожны з раёнаў мог заявіць не больш за двух канкурсантаў у адну групу. Па ўмовах песеннага “спаборніцтва” кожны ўдзельнік выконваў дзве песні, адна з якіх павінна была быць беларускага аўтара і пажадана на беларускай мове, а другая – на густ самога выканаўцы.
Сорак маладых выканаўцаў спрабавалі свае сілы, моц і мілагучнасць голасу на фестывалі, які доўжыўся на працягу дня.
Пяцёрка галасістых прыгажунь прадстаўляла Астравеччыну на сцэне летняга маладзечанскага амфітэатра: Вікторыя Ярмак, Вольга Бабойць, Юлія Івашка, Насця Пілецкая і Дар’я Крывіцкая. У сваёй узроставай групе дзяўчаты змагаліся амаль з дзясяткам сапернікаў.
Вечарам, калі сціхла музыка і апошні ўдзельнік закончыў выступленне, сталі вядомымі вынікі. Па словах старшыні журы вядомага кампазітара А. Елісеенкава, узровень падрыхтоўкі і выканаўчага майстэрства канкурсантаў сёлетняга фестывалю быў вельмі высокім, і складана было вызначыць з пераможцаў.
І тым больш прыемна, што дзве нашы таленавітыя спявачкі сталі лаўрэтамі пятнаццатага фестывалю-конкурсу “Адна зямля-2013”.
Насця Пілецкая атрымала прыз за артыстызм. Дзяўчына на маладзечненскай сцэне выканала песню на словы і музыку Паўла Букеля “Сінявокая мая краіна” і кампазіцыю з рэпертуару Н. Падольскай “Запалі ў небе агонь”. Выступленне Насці атрымалася яркім і запамінальным дзякуючы падтанцоўцы дзяўчат з танцавальнага гурта “Non stop” (кіраўнік Н. Янкоўская).
А Віка Ярмак пакарыла журы выкананнем аўтарскай песні “Беларусь сінявокая” і кампазіцыяй “Бамбалэо” з рэпертуару А. Чумакова і П. Кучэнкі. Выкладчыца Варнянскай школы мастацтваў пакінула Маладзечна з прызам “Лепшы выканаўца твораў мясцовых аўтараў”.


_________________________


Алена ГАНУЛІЧ,


фото з сайта 21by.