Островчане отметили День независимости

13:00 / 07.07.2013
3 ліпеня ўся краіна святкавала сваё галоўнае свята – Дзень Незалежнасці.
У Астраўцы таксама прайшлі святочныя мерапрыемствы.

Пад гукі духавога аркестра святочная калона, у якую ўвайшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Астравеччыны, члены грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і БРСМ, прайшла ад райвыканкама да помніка савецкім воінам і партызанам. Тут адбыўся святочны мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці і 69-й гадавіне вызвалення Беларусі.
Застылі ў ганаровай варце ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, вучні сярэдняй школы №1 і члены ваенна-гістарычнага аб’яднання “Гонар мундзіра”. Гучыць гімн – і слова прадстаўляецца члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку. У сваім выступленні Адам Дзмітрыевіч гаварыў пра гераічныя старонкі гісторыі нашай краіны – успомніў трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны і жыццё сучаснай незалежнай Беларусі, і прапанаваў хвілінай маўчання ўшанаваць памяць тых, хто загінуў, змагаючыся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Прысутнічаў на свяце і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Уладзіміравіч Кокаш, які таксама павіншаваў сваіх выбаршчыкаў з Днём Незалежнасці.
Пра подзвіг землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны гаварыў у сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт.
Цёплыя словы ўдзячнасці і прызнання адрасавала ветэранам, тым, хто падарыў нам самае дарагое – жыццё і мір, – старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
У старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі ў гэты дзень была яшчэ адна важная і адказная місія – уручыць сертыфікаты і грашовыя прэміі тым, хто сваёй працай садзейнічае працвітанню раёна і ўсёй краіны – людзям, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару, якая абнавілася якраз напярэдадні свята. Сёлета на яе зноў занесены імёны 20 нашых землякоў. Двое з іх – аператар станкоў Астравецкага завода “Радыёдэталь” Іван Мальдзіс і трактарыст-машыніст СВК “Гервяты” Эдуард Мілейша – удастоіліся гэтага гонару ў другі раз.
– Для мяне гэта вельмі вялікі гонар, – усхваляваны Іван Мальдзіс. – Вельмі ўзрадаваліся гэтаму мая сям’я, родныя і сябры. Прадпрыемства і члены райвыканкама аказалі мне давер і я, канешне, буду старацца апраўдаць яго.
У памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за мір і незалежнасць краіны, прагучалі залпы святочнага салюта. Прадстаўнікі арганізацый усклалі кветкі да помніка. Яшчэ адным прыгожым момантам свята стала адпусканне ў неба сотні белых шароў – так Дню Незалежнасці “салютавалі” члены раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Працягам святочнага мітынгу стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою Вялікай Айчыннай вайны, арганізатарамі якога выступілі ваенна-гістарычнае аб’яднанне “Гонар мундзіра” і ваенна-гістарычны клуб “Таварышы па зброі”.
Нам, сучасным жыхарам мірнай краіны, убачыць у лесапарку каля трыццаці ўзброеных людзей, сярод якіх была і дзяўчына, а потым яшчэ стаць сведкамі бою паміж “рускімі” і “немцамі”, было крыху незвычайна і пазнавальна. У кожнага была магчымасць хоць на момант уявіць, што адчувалі людзі на вайне.
Не паспелі жыхары і госці горада і раёна апомніцца, як на сцэне летняга амфітэатра пачаўся святочны канцэрт, які быў падзелены на некалькі блокаў – патрыятычны, дзіцячы і эстрадны. У гэты дзень усіх чакаў яшчэ канцэрт беларускай спявачкі Гюнеш Абасавай, ансамбля польскай песні “Польскае рэха Астраўца”, які спяваў не толькі на польскай мове, але і на рускай, беларускай і ўкраінскай, цікавым атрымаўся і кінаканцэрт “Песні, якія гучаць у душы”.
Своеасаблівая пляцоўка была абуладкавана і ў горадзе – каля рэстарана “Вясёлка” радавалі гледачоў і прахожых сваёй творчасцю лепшыя калектывы і салісты раёна.
На працягу дня ў лесапаркавай зоне працавалі гандлёвыя рады Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога аблспажыўтаварыства – жадаючых паласавацца свежай выпечкай і прысмакамі, шашлыкамі і квасам было хоць адбаўляй.
Былі жадаючыя правесці дзень, удзельнічаючы ў спартыўных мерапрыемствах – пагуляць у шашкі, пакідаць мяч у баскетбольнае кальцо, а таксама стаць удзельнікамі камандных гульняў па футболе і пляжным валейболе.
Побач разгарнулі гандаль народныя ўмельцы – вырабы з саломкі і прыродных матэрыялаў, бяспройгрышная латарэя – усё было зроблена для таго, каб свята прайшло весела і прыгожа!
І менавіта такім стаў Дзень Незалежнасці для большасці астраўчан і гасцей горада.


__________________________


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і А. ЮШЧУКА.