Канцэрт класічнай музыкі ў Гервяцкім касцёле

11:49 / 30.03.2012

Пісаць пра канцэрт – нібы пераказваць меню банкета – як ні старайся, не перадасі словамі ні гармонію гукаў, ні смак страў. Можа, калі б у мяне была музычная адукацыя, і я магла б аперыраваць усялякімі там “крэшчэнда”, “аплікатура” і “дыятоніка”…


Музычнай адукацыі няма, і я не ў стане граматна раздзяліць гукі хаця б на актавы. Затое жыве недзе глыбока ўнутры своеасаблівы камертон, які ўспрымае музыку па-за ўсімі магчымымі ведамі. І калі голас выканаўцы раптам прарастае ў неба, у маім горле нараджаецца салёны камяк, а вочы вільгатнеюць…
Канцэрт у Гервяцкім храме… Мы чакалі яго з радасным нецярпеннем. І не без трывогі – жыццё даўно паспела навучыць: памер спадзявання зваротна прапарцыянальны ступені яго ажыццяўлення. Ды і наогул, падзея такога маштабу, такой сілы ўздзеяння – і ў нас?.. Прычым у сакавіку, калі запас энергіі вагаецца ля нулявой адзнакі, а сонца не ў стане прабіцца скрозь абложнасць панурых хмар…
У тую суботу яно прабілася! Сотнямі сонечных зайчыкаў заскакала па вечнай зеляніне хвойных кустарнікаў, зайграла на рыжых клавішах чарапічнага даху, нецярплівымі промнямі застукалася ў вокны раптам памаладзеўшага храма... Храма, да якога спяшаліся людзі. З Гервят і іх наваколля, з Астраўца, Смаргоні, Ашмян, Іўя, Навагрудка, Гродна… З Літвы. З Польшчы. З Расіі.



Касцельныя лаўкі, разлічаныя на 300 чалавек, неўзабаве былі запоўнены. Але прывычны перадстартавы гаманок не гуляў па храму – людзі, на два крылы раздзеленыя бясстраснымі радамі бакавінак лавак у форме чорных кенгуру, моўчкі чакалі цуда. І цуд стаў матэрыялізавацца…
Канцэрт распачаў арганіст касцёла, магістр музыкалогіі Андрэй Міхневіч. Грыгарыянскім харалам – спевам, які ўзыходзіць да малітвы біблейскіх іерыхонскіх старцаў: “Kyrie eleison” – “Божа, злітуйся над намі”. Гэтыя словы паўтараліся і паўтараліся, і ў іх лірычнай прыглушанасці гучала столькі віны! А яшчэ больш надзеі…
Варыяцыі да “Радаснага Уваскрашэння” і “Сугучча труб” Эдгара Натса… Неверагодна, але арганіст Андрэй умудраўся іграць адначасова на двух арганах: традыцыйным духавым і электрычным. Не першы раз чую ў яго выкананні “Авэ Марыя”, і ўсё роўна – перахоплівае дыханне…
А потым надышоў час Баха. “Таката і фуга рэ-мінор” (самы папулярны цыкл нямецкага кампазітара) гучыць каля дзесяці хвілін – бясконца доўга і немагчыма коратка. “Гучыць”, зрэшты, недакладнае слова – вызваляе і бярэ ў палон, узносіць і прыгнятае. Сцірае грані паміж людзьмі – Бах аднолькава пакорна ставіць на калені сяброў і ворагаў, уладара і служку…
Фугу і арыю “Паветра” І-С Баха іграе інструменталіст Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Фінберга, лаўрэат міжнародных конкурсаў Іван Кучарэнка. А далей – прывітанне з “паўночных Афінаў”, паланэз Міхала-Клеафаса Агінскага. Сам Агінскі першапачаткова назваў свой твор – паланэз ля мінор. Назва “Развітанне з Радзімай” узнікла пазней, незалежна ад аўтара – так людзі аддзячылі кампазітару за неверагоднае напружанне, уласцівае яго паланэзу, за музычную “аголенасць нерва”, за пранізлівае трымценне адзіноты…
І вось у момант, калі нашы – слухачоў канцэрта – пачуцці, як думалася, дасягнулі апагею… Калі музыка напоўніла нас, як дарагое віно напаўняе крыштальныя бакалы, і мы самі сталі – як творы мастацтва… У момант, здавалася, найвышэйшай асалоды – заспявала Таццяна Глазунова…
Бах. Гендэль. Шуберт. Глінка. Гуно. Дэ Курціс. Альбіноні…
Думаецца, арганізатары канцэрта зрабілі правільны ход, склаўшы яго праграму з шырока вядомых твораў – у пазнавальнасці мелодыі асаблівае прыцягненне. Тым больш для нас, астраўчан. Ужо хоць бы таму, што дзверы ў свет класічнай музыкі яшчэ толькі прыадчыняюцца перад намі. Мы толькі пачынаем вучыцца ўспрымаць яе гармонію. І якое шчасце, што вучымся адразу на такіх галасах, як голас Таццяны.
Пасля канцэрту знатакі з захапленнем казалі: “Неверагодна! Глазунова купалася ў трэцяй актаве, як у цёплым моры!” Напэўна. Ім, знатакам, больш бачна. А вось асабіста для мяне…
Недзе на “Адажыа” Альбіноні светаадчуванне змянілася. Нібы сцены велічнага Гервяцкага храма раптам пачалі разыходзіцца. Каб неўзабаве знікнуць зусім. Засталіся толькі зямля і неба. Першародныя. Без чалавека. І голас…
За тысячагоддзі свайго існавання людзі прыдумалі процьму музычных інструментаў – ад дзіцячай гудзелкі да шматрэгістравага аргана. У кожнага з іх – сваё гучанне, свой характар. І ўсё ж самы дасканалы музычны інструмент – чалавек. У яго голасе спалучаюцца ўсе інструменты, разам узятыя. І гэты чалавечы “звышінструмент” ужывую ўмее любіць і ненавідзець, плакаць і смяяцца, уздымацца ў нябёсы і правальвацца ў пякельную бездань. І ўслед за ім мы, слухачы… Мы, цалкам выпадковыя людзі, кожны – са сваімі праблемамі і прэтэнзіямі на… Падуладныя голасу мы разам з ім плачам і смяёмся, любім і ненавідзім, падаем і ўздымаемся. Паміраем, каб нарадзіцца нанова...
Голас Таццяны Глазуновай пакарае сэрцы слухачоў не толькі шырынёй дыяпазона, але і багаццем тэмбравых адценняў, страснасцю, віртуозным артыстызмам. А яшчэ – непадробнай шчырасцю, жаданнем аддаваць сябе слухачам да самай апошняй ноткі…
Арыя Маргарыты, “Санта-Лючыя”, “О Соле Міо” (тут мой сусед па лаўцы ўздумаў падспеўліваць – ледзь стрымалася, каб не піхануць яго локцем), “Вярніся ў Сарэнта”… І ўсё гэта – “нон-стоп”, і ўсё – на поўную шырыню лёгкіх…

Апошні гук канцэрта замёр, артысты выйшлі на паклон – і рэчаіснасць вярнулася да мяне ў самай празаічнай форме: аказалася, ад паўтарагадзіннай “замерласці” ў адной позе не на жарт разбалеўся пазваночнік. Калі пачаўся боль? На якім творы? Зрэшты, якая розніца! Галоўнае, што мне выпала шчасце стаць няхай сабе часовым, няхай сабе пасіўным, але ўсё ж саўдзельнікам сапраўднага мастацтва.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.