Вечар раманса ў Гервятах

14:49 / 29.12.2011
1

Пра гэтую сустрэчу я хацела напісаць адразу пасля яе здзяйснення. І не змагла – гукі прадаўжалі жыць ува мне. Рэзаніраваць. Бударажыць эмоцыі. Апошнія дні беспрасветнага снежня, нечакана набыўшы яркія фарбы, адмаўляліся зноў апранацца ў шэрань, становіцца будзёнымі…


Думаю, ідэя лунала ў паветры. Не, сапраўды, на танную “папсу”, якая ўсё мацней завалодвае ўсімі сферамі нашага культурнага (ці бескультурнага?) жыцця, рэагаваць без алергіі ўжо немагчыма. Эфір, нібы сметніца, перапоўнены ўсялякага роду “…целуй меня везде” і “так стала я шалавою”. Калі хочаш зразумець сэнс выразу “вядро памыяў на галаву”, дастаткова паслухаць музычную падборку “Рускага радыё”. Прынамсі, інтэлектуальных памыяў…
Не адзін год запар засіллю дрэннага густу супрацьстаяла раённая школа мастацтваў, па запрашэнні кіраўнікоў якой у Астравец прыязджалі музыканты высокага класа. Цяпер у школы такой магчымасці няма.
…У першых лічбах снежня ў рэдакцыю зайшоў пробашч Гервяцкага касцёла Леанід Нясцюк:
–Пані Ганна, запрашаю вас на вечар раманса, які адбудзецца 21 снежня ў маім доме. Выканаўцы? Пакуль гэта сакрэт. Але ў строі прашу прытрымлівацца пэўнага дрэс-кода…
Як той салдат на тэрміновай службе, кожны чарговы дзень я пачала закрэсліваць лічбы на календары. Ну калі ўжо нарэшце гэтага 21-га?!..
…Не верце, што тэатр пачынаецца з вешалкі – ён пачынаецца значна раней – яшчэ дома: з выбару парфума, сукенкі, з шаліка, завязанага асаблівым “канцэртным” вузлом… Слабае месца той жа кінаканцэртнай залы “Астравец”, дарэчы, як раз у тым, што ў ёй сядзяць у паліто. Чырванеюць, сыходзяць потам, расшпіляюць гузікі...
У доме ксяндза верхняе адзенне здымалі ўсе. Кожны раз, калі пад’язджала новая машына, святар выходзіў на ганак, каб асабіста сустрэць чарговых гасцей, правесці іх у дом, дапамагчы распрануць паліто. Кавы? Гарбаты? Фруктаў?
Смакую гарбату і старанна прыслухоўваюся: калі ў доме ёсць выканаўцы, яны павінны расспявацца. Ну хоць бы адкашлянуцца на крайні выпадак. Цішыня. Дзіўна. Ці то спевакі несапраўдныя? Ці то яны так паважаюць публіку, што падрыхтаваліся загадзя?
І яшчэ… Нецярпенне, з якім я чакала вечар раманса, межавалася з занепакоенасцю: якім чынам слухачы размесцяцца ў звычайным доме. Няхай сабе і ў парафіяльным. Не, я не сібарыт – білеты на оперныя спектаклі ў Віленскім тэатры оперы і балета нярэдка набываю “стаячыя”, без месца. Зрэшты, да падобнага аскетызму мяне падштуроўвае вымушанае жаданне сэканоміць літы, якія так узляцелі ў цане.
Я магу слухаць оперу стоячы, але пры гэтым вакол мяне пераліваюцца аксамітавыя парцьеры, зіхацяць багатыя люстры, а крокі гасяць таўшчэзныя дываны на сходках…
Уражанні ад музыкі значна абяднеюць, думалася мне, калі слухаць яе давядзецца седзячы, да прыкладу, на кухоннай табурэтцы або, што яшчэ горш, на ложку – сярод груды чужых паліто…
…Нарэшце ксёндз Леанід запрашае нас у “канцэртную залу”. І мае страхі саступаюць месца захапленню. Найперш перад высокім густам гаспадара дому, гэтага дзіўнага, незвычайнага чалавека.
Даўжэзны пакой, у які, падобна, аб’яднаны два пакоі сярэдніх памераў і калідор паміж імі, абстаўлены антыкварнай мэбляй. Дарагой? Безумоўна. Цяпер, калі ксёндз, пад чыёйсьці паветкай знайшоў у непрыгодным стане чарговы сакрэтнік або скураную канапу, прывёз іх да сябе ў дом і ўласнаручна па-майстэрску адрэстаўраваў, гэтыя выкінутыя рэчы сапраўды сталі дарагім антыкварыятам.
Трэцяя частка пакоя аддзелена ад асноўнай аркай. У глыбіні ў некалькі радоў пастаўлены цёмныя крэслы тонкай работы – для гледачоў. На стале – жывапісныя падносы з садавінай, у самым яго цэнтры – высокая свечка. Мы ўваходзім у ролю – пачынаем адчуваць сябе вялікасвецкім бамондам. Рассаджваемся няспешна, размаўляем паціху. Спіна, не магу не адчуваць гэта, чамусьці сама сабой трымаецца падкрэслена роўна.
Запальваецца свечка на нашым стале, потым – яшчэ чатыры ў кандэлябры насупраць. Гаспадар дому вітае прысутных, і дзейства пачынаецца.







Яго Вялікасць  раманс

Аказваецца, ён нарадзіўся ў краіне карыды сярэднявечнай Іспаніі. Кабальеры, распяваючы пад вокнамі каханых свае серэнады, і не падазравалі, што нараджаюць новы спеўны жанр. Еўропа падхапіла раманс і паспрыяла яго далейшаму развіццю. Не засталіся ў баку нават класікі самага высокага кшталту: Гейнэ і Гётэ. Рускія паэты і кампазітары таксама з гатоўнасцю ўхапіліся за раманс. Нават празаік Тургенеў прысвяціў падобны паэтычны твор сваёй каханай Паліне Віардо – раманс “Утро туманное…” адзін з самых папулярных у нашых шыротах.
Яго на канцэрце пад уласнае гітарнае суправаджэнне выканаў арганіст касцёла Святой Троіцы магістр музыкалогіі, бакалаўр культуры і гісторыі музыкі Андрэй Міхневіч. Захапляльны голас выканаўцы аднолькава шчыра перадаваў і сум ад успамінаў аб былым каханні, і расчараванне, звязанае з яго стратай, і шэрасць халоднай зімовай раніцы, якая раўнадушна суправаджала падарожжа беднага закаханага...
А потым на імправізаваную сцэну плябаніі выйшлі лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга Таццяна Глазунова і лаўрэат міжнародных конкурсаў, інструменталіст гэтага аркестра, акампаніятар Іван Кучарэнка.
Сваё выступленне Таццяна пачала з раманса Маргарыты з оперы Шарля Гуно “Фауст”. Твор складаны для выканання: з рэзкімі перападамі – і настрою, і сілы гучання, і тэмбру, і танальнасці. Калі голас спявачкі то светлай птушкай уздымаецца ў паднябессе, то б’е па слыху прадчуваннем блізкай бяды, то галосіць, калі не можа дараваць самой сабе ўласнае легкавер’е…
Акрамя выдатнага голасу ў Таццяны Глазуновай цудоўны дар драматычнай актысы – яна не спявала, жыла рамансам. І, як сапраўдны талент, спявачка не старалася пры любой магчымасці прадэманстраваць шырыню дыяпазону свайго голасу – вакальныя даныя яна выкарыстоўвала адпаведна тэме чарговай песні. Так, у рамансе “Напрасные слова” (на вершы Рубальскай) яна свядома стрымлівала гучанне, а раманс “Мне нравится, что вы больны не мной…” (з кінафільма “З лёгкім парам”) наогул выканала амаль што шэптам – даверліва, са светлым сумам. “Мне нравится, что я больна не вами,” – заяўляе яна нябачнаму візаві, а сэрца заходзіцца ад невыплаканых слёз па каханню, якое прыходзіцца хаваць…






Наступны раманс – яшчэ адна дэманстрацыя яго разнавіднасцей. Цыганскую песню “Мохнатый шмель…” (з кінафільма “Жорсткі раманс”) Таццяна Глазунова і Андрэй Міхневіч выканалі разам. І галасы іх нібы жылі асобна ад артыстаў: то перапляталіся, у салодкай знямозе дапаўняючы адзін аднаго, то кідаліся ў спрэчку, абвяшчалі адзін аднаму выклік, змагаліся за першародства кахання, каб потым, стаміўшыся, зноў зліцца ў адно цэлае…
Электраарган Івана Кучарэнкі быў настроены выключна на фартэпіяннае гучанне, і гэта толькі падкрэслівала багацце галасавых адценняў у спевакоў.
Прызнацца, страснасць натуры Таццяны, яе жаноцкая прыгажосць і драматычнае дараванне паглыналі ўвагу гледачоў да самага донца, няшмат пакідаючы на долю іншых артыстаў. Але ў кожнага з іх быў свой “момант славы”. Калі страснасць раманса дасягнула апагея, Іван Кучарэнка раптам зайграў “Накцюрн” Шапэна. Спачатку неяк лёгка, нібы забаўляючыся. Але неўзабаве музыка захапіла выканаўцу ў палон, падпарадкавала сваім законам, і сцены плябаніі сталі прывіднымі – ноч агаліла свае таямніцы, вытрасла іх з уласнага прыполу проста музыканту на партытуру. Яшчэ некалькі хвілін пасля таго, як “Накцюрн” закончыўся, панавала цішыня, і толькі пасля паўзы грымнулі апладысменты…
А вось бульварны раманс, які называецца “Раманс аб радзімах”– яго выканаўца Андрэй Міхневіч запісаў некалькі гадоў таму ў Адэсе – развесяліў: гэтая песня пра ўменне габрэяў прыстасоўвацца да любых умоў існавання, знаходзіць “радзіму” ў кожнай краіне, дзе даводзіцца пабываць…




Арган сярод ночы

Першая гадзіна канцэрта прайшла неяк на адным дыханні. Здаецца, толькі-толькі прагучаў першы раманс, а праграма, аказваецца, ужо вычарпана… Але яшчэ перад пачаткам канцэрта пробашч аб’явіў: яго другая частка адбудзецца ў касцёле.
У храме, вядома, безраздельна панаваў арганіст Андрэй Міхневіч. І “Прэлюдыя” Баха, і псалмы, і (О! Гэта працяло да самых вытокаў), канешне ж, “Авэ, Марыя”… Велічны касцёл, велічная музыка, цудоўнае выкананне. Калі Андрэй Міхневіч стаміўся… Калі слухачы ўжо, здавалася, напоўніліся музыкай да кончыкаў валасоў і самі сталі трымцець нібы невядомы музычны інструмент, за арган сеў Іван Кучарэнка – і неабсяжная прастора Гервяцкага храма да адказу напоўнілася боскімі гукамі “Фугі рэ-мінор” Баха. І шквал эмоцый працягваўся…
Канцэрт закончыўся. А ўсе працягвалі стаяць у заціхшым храме, нібы ў надзеі на цуд. На паўтор. На новыя гукі. Нягледзячы на стому – сваю і артыстаў. І потым, калі вярнуўшыся дадому, перазваньваліся, каб падзяліцца ўражаннямі, высветлілася: ніхто па дарозе дамоў нават не падумаў уключыць у машыне радыё – усе баяліся спудзіць зачараванне. Зачараванне сапраўднай музыкай…


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.