У Вароне прайшла імпрэза, прысвечаная творчасці самабытнага паэта

12:26 / 07.12.2011

3 снежня ў Варонскім СДК адбылася вечарына, прысвечаная творчасці самабытнага паэта Станіслава Антонавіча Курылы.


Прыгожа аформленая зала, слайды пра жыццё і творчасць С. Курылы, кніжная выстава, кветкавы карагод – усё гэта ўздымала настрой удзельнікам урачыстасці, надавала чароўнасці і непаўторнасці.
“Вершы адзінокага паэта” – пад такім эпіграфам праходзіла свята:


Калі самотна вечарам зімовым
На ўспамін табе прыходзіць лета,
Ты пачытай спакойна, без размовы,
Вершы адзінокага паэта...

(С. Курыла)


На вечарыну сабраліся не толькі родныя, блізкія паэта, але і прыхільнікі яго творчасці, чытачы, вучні мясцовай школы і вядомыя многім жыхарам Астравеччыны самадзейныя паэты Людміла Кухарэвіч і Марыя Пешка.
Гучалі песні “Госці мае”, “Домік вокнамі ў сад”, “З днём нараджэння” ў выкананні таленавітых Ганны Тункевіч, Ірыны Расамацкай, Святланы Ластоўскай і Маі Ляшчэўскай.
Людміла Кухарэвіч падарыла віноўніку ўрачыстасці аўтарскую песню “Бацькоўская хата”, якая выклікала шмат эмоцый.
Калі ў Станіслава Курылы запыталіся, хто або што з’явілася натхняльнікам творчасці, ён без вагання адказаў:
–Любоў да радзімы, спатканне з родным краем пасля доўгай разлукі, прыгажосць родных мясцін, вобраз маці і многае іншае.
Свае вершы, прысвечаныя С. Курылу, прачыталі Л. Кухарэвіч, М. Пешка і М. Вішнеўская, загадчыца бібліятэкі. Шчырымі апладысментамі і ўсмешкамі сустрэлі гледачы ўдзельнікаў дзіцячага гурта Варонскай базавай школы “До-мі-солька”. На сцэну выйшла і чытачка, улюблёная ў паэзію С. Курылы, Данута Бараноўская. Яна прачытала некалькі вершаў адзінокага паэта, а яе дачка Вікторыя – байку “Не згубіўся”. Вучні Святлана Мядэйша і Уладзіслаў Вішнеўскі таксама чыталі вершы С. Курылы.
Выказала сваё меркаванне і В.Р. Турубарава, супрацоўніца раённага аддзела культуры:
–Вершы Станіслава Курылы лірычныя, праўдзівыя, у кожным з іх адчуваецца погляд аўтара на жыццё, адлюстраваны асабістыя пачуцці і адчуванні, прысутнічае і пачуццё гумару, вельмі трапнае і абвостранае, патрыятычныя, цёплыя, лёгкія для ўспрымання чытачоў розных узростаў.
Вечарына доўжылася амаль тры гадзіны, але ніхто з прысутных не засумаваў, а смех, жарты, песні, вершы – усё гэта “гарталася”, быццам старонкі цікавай кнігі. Падобная вечарына ў СДК в. Варона адбылася ўпершыню але, мне думаецца, што гэты пачатак быў удалым прафесійным стартам Г. Тункевіч і Г. Казлоўскай, якія шмат папрацавалі над складаннем сцэнарыя, і такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй, бо цікавых у розных праявах, таленавітых людзей у нас вельмі шмат.


Марыя ПЕШКА, в. Варона.