Фестываль паэзіі ў Гродне – уражанні ўдзельніка

08:46 / 18.04.2011

Наша газета ўжо паведамляла, што пераможцай абласнога конкурсу “Поэзия – души движение” стала наш няштатны аўтар, ветэран педагагічнай працы з Варнян Людміла Іванаўна Кухарэвіч. А сёння сваімі ўражаннямі ад фестывалю дзеліцца яшчэ адна яго ўдзельніца – Вольга Іванаўна Саковіч.


30 сакавіка ў Гродне прайшоў 2-гі абласны фестываль паэтычнай творчасці сярод настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы “Поэзия – души движение».
У гэты дзень у Палац творчасці дзяцей і юнацтва з’ехаліся настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы, якіх вызначылі як пераможцаў раённых этапаў паэтычнага конкурсу.
Перад пачаткам свята супрацоўнікі Палаца творчасці правялі для ўдзельнікаў мерапрыемства экскурсію на выставу дзіцячых і юнацкіх твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у этнаграфічны і рыцарскі музеі.
Пасля цікавай і пазнавальнай экскурсіі ўдзельнікі фестывалю былі запрошаны на галоўнае святочнае мерапрыемства. На паэтычным свяце прысутнічала шмат настаўнікаў і ў кожным з іх адчувалася любоў да літаратурнай творчасці, неардынарнасць асобы.
У склад журы, якое ацэньвала вершы канкурсантаў, увайшлі Л.А. Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Т.В. Асмалоўская, галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі, А.А. Падгайчанка, намеснік старшыні абласной прафсаюзнай арганізацыі, Л.В. Кашанкова, старшыня Гродзенскай раённай жаночай арганізацыі “Надзея”, В.Р. Каламіец, член абласнога Савета ветэранаў.
На фестывалі журы вызначыла пераможцаў у пяці намінацыях: “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”, “Паэтычны гімн педагагічнай прафесіі”, “Вершы пра Радзіму”, “Пра чалавека, жыццё і каханне”, “Паэтычнае майстэрства”. Кожны з пераможцаў прачытаў адзін са сваіх вершаў, дасланых на конкурс.
Творы ўдзельнікаў фестывалю краналі выказанымі пачуццямі любові да родных мясцін, апісаннем маляўнічых краявідаў, глыбокім паэтычным асэнсаваннем прафесіі настаўніка. Падумалася: якой багатай на таленты з’яўляецца гродзенская зямля, якімі творчымі здольнасцямі вылучаюцца нашы настаўнікі – не толькі ўменнем ствараць вершы, але і артыстычна дэкламаваць іх, спяваць пад акампанемент гітары або іншую музыку.
Ад настаўнікаў Астравецкага раёна на фестывалі прысутнічалі Людміла Іванаўна Кухарэвіч і Вольга Іванаўна Саковіч. Прыемным гучаннем голасу, хвалюючым зместам, пяшчотнай мелодыяй парадавала выступленне Людмілы Іванаўны, якая праспявала свой “раманс”, пакладзены на музыку. Яна стала адной з пераможцаў у намінацыі “Паэтычнае майстэрства”, атрымала грамату і літаратурны альманах ”На Нёманскай хвалі”.
Аўтар гэтага артыкула прачытала ўласны верш ”Памяці Казіміра Сваяка”, стала адной з пераможцаў у намінацыі “Пра чалавека, жыццё і каханне”, атрымала грамату і памятны падарунак.
Запамінальным для ўсіх было выступленне і настаўніка са школы № 34 г. Гродна Пятра Сямінскага, які на самім свяце за невялікі прамежак часу стварыў верш аб фестывалі па зададзеных прысутнымі рыфмах.
Пасля аб’яўлення кожнай намінацыі, чытання вершаў і ўручэння грамат удзельнікі конкурсу слухалі вядомыя песні пра беларускі край, пра каханне ў выкананні выхаванцаў і педагогаў Палаца творчасці.
Арганізатары фестывалю паведамілі, што вершы настаўнікаў, якія перамаглі на абласным этапе конкурсу, будуць надрукаваны ў літаратурным альманаху.
Свята, на якое прыехалі прадстаўнікі настаўніцкай прафесіі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, закончылася, але ў памяці назаўсёды застануцца словы, сказаныя на развітанне паэтэсай Л.А. Кебіч, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення ”Саюз пісьменнікаў Беларусі”: “Паэзія – гэта лад жыцця, падарунак на радасць, скарбонка на боль, свята на кожны дзень”.
Таму вельмі хочацца, каб у будучым запальваліся новыя зоркі на небасхіле беларускай паэзіі і ярчэй разгараліся таленты людзей, чыё жыццё звязана з такой складанай і высакароднай прафесіяй, як Настаўнік.


Вольга САКОВІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г.п. Астравец.