Конкурс «Рамантычная экспрэсія»: вартасці і недахопы

13:13 / 01.04.2011
Першы блін – камяком. Але вельмі смачны!


Конкурс “Рамантычная экспрэсія”, які быў заяўлены як першы Усходнееўрапейскі адкрыты конкурс харэаграфічнага, тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтва, стаў найбольш значнай падзеяй у культурным жыцці Астраўца. Скажу без перабольшвання: столькі талентаў з розных куточкаў Беларусі і нават з-за яе межаў адначасова на нашых сцэнах яшчэ не выступала. Так што ў гледачоў была магчымасць наталіць свой культурны голад папоўніцы і ў шырокім асартыменце. А ў спецыялістаў і артыстаў – не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець, павучыцца, нешта пераняць, ад нейкіх недахопаў пазбавіцца – бо калі варышся ва ўласным саку, многія рэчы проста не заўважаюцца.


Але паколькі падобны конкурс праводзіўся ўпершыню, і ў арганізатараў, у якасці якіх выступіла ЧТПУП “Амфуд”, па іх уласнаму прызнанню, вопыту правядзення падобных мерапрыемстваў да таго не было, то і “лыжак дзёгцю” ў гэтай бочцы мёду аказалася нямала.
Адной з іх стала тое, што павінна было стаць галоўнай перавагай конкурсу: удзельнікаў было вельмі шмат, амаль дзве сотні, і дзве пляцоўкі, на якіх праходзіў конкурс — кінаканцэртная зала “Астравец” і дзіцячая школа мастацтваў – проста фізічна не маглі забяспечыць нармальныя ўмовы для размяшчэння, падрыхтоўкі, рэпетыцый усім канкурсантам – гэта выклікала справядлівыя нараканні. А шматлікім удзельнікам конкурсу, якія выстаўлялі свае работы ў жанры выяўленчага мастацтва, не хапіла месца, каб развесіць і годна прадставіць свае творы – яны былі расстаўлены на крэслах і нават ляжалі на падлозе…
Другім недахопам можна лічыць тое, што мерапрыемства такога маштабу прайшло вельмі ж будзённа. Можна зразумець, чаму не было ўрачыстага закрыцця: удзельнікі выступалі ў розных намінацыях па чарзе, многія прыехалі здалёк, і чакаць заканчэння ўсёй праграмы, а потым позна ўвечары дабірацца дахаты ім было цяжкавата. Але ж не было і адкрыцця як такога, і ўрачыстага ўручэння дыпломаў пераможцам – а гэта, бадай што, адзін з асноўных момантаў любога конкурсу.
Дарэчы, аб дыпломах: іх якасць на конкурсе, які быў заяўлены як міжнародны, таксама, мякка кажучы, жадала быць лепшай, Ды і іншымі ўзнагародамі, хай сабе сімвалічнымі, пераможцаў не грэх было б адзначыць – заслужылі!
Гэтыя недахопы ў арганізацыі конкурсу адзначалі ўсе, з кім даводзілася гутарыць. І тым не менш гэтым “лыжкам дзёгцю” не ўдалося сапсаваць смак агульнай “бочкі мёду”. Склад удзельнікаў быў вельмі прадстаўнічы і таленавіты, і гледачы атрымалі сапраўдную асалоду ад іх выступленняў. Бо калі іграў аркестр народных інструментаў са Смаргоні, ці струнны аркестр “Кантрасты” з гэтага ж суседняга горада, і ў гледачоў, якія, магчыма, не ведаюць ніводнай ноты, тым не менш – мароз па скуры – то гэта і ёсць тое, што называецца ўздзеяннем мастацтва на душы людзей, і дзеля гэтага яно, напэўна, і існуе.
Тое ж адчуванне ў гледачоў было, калі спявала вакальная група ансамбля “Званочкі” з Ашмян, Яна Буткевіч з Брэста, Святлана Бандаровіч з Сенькаўшчынскай школы мастацтваў, Ганна Лявіцкая са Смаленска. І што асабліва прыемна, “зачапіла” сэрцы гледачоў і выступленне вакальнага дуэта “Мара” з Варнян у складзе Вольгі Бабойць і Вікторыі Ярмак; Маргарыты Янульчык з Астравецкай школы мастацтваў – яна, дарэчы, адна з нямногіх, хто выступаў у не вельмі папулярным у шырокіх масах жанры акадэмічных спеваў, цудоўна сябе паказала. (Хоць, зрэшты, ацэньваць у адным конкурсе і акадэмічныя, і эстрадныя, і народныя спевы – таксама не самае лепшае рашэнне арганізатараў, якое выклікала нараканні).
У кожнага ёсць свае прыхільнасці ў мастацтве. Прызнаюся: я найбольш люблю харэаграфію. І хоць удзельнікі ў гэтай намінацыі выходзілі на сцэну апошнімі, адчуванне стомленасці, калі танцаваў харэаграфічны дуэт “Клякса” з Магілёўскай школы мастацтваў, як рукой зняло. Паддалі бадзёрасці і добра пастаўленыя харэаграфічныя кампазіцыі танцораў са Смаленска. Парадавалі дзеці з танцавальна-спартыўнага клуба “Эўрыка” са Смаргоні, бо обучение танцам зараз даступна кожнаму. Высока адзначана журы пастаноўка народнага танца дзіцячага харэаграфічнага калектыву Астравецкай школы мастацтваў. А сольныя выступленні Аліны Едка з Варнян – гэта не проста танец, а размова з гледачом, споведзь, крык душы, і ўсё гэта — без адзінага слова.
У склад журы ўваходзілі высокія прафесіяналы сваёй справы: да прыкладу, выяўленчае мастацтва ацэньвалі член саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Мікалай Бандарчук і мастацтвазнаўца Вольга Архіпава, інструменталістаў – выкладчыца рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, член сусветнай арганізацыі цымбалістаў Алена Аўраменка і салістка ўзорнага ансамбля “Цімпань” Вольга Міхаленка, вакалістаў – бакалаўр мастацтваў, выкладчык школы мастацтваў Эльвіра Тахірава. Акрамя іх, у склад журы былі ўключаны выкладчыкі Астравецкай школы мастацтваў Ірэна Волчэк, Алена Раткевіч і яе дырэктар Генрых Волчэк, начальнік раённага аддзела культуры Сяргей Сяўко і спецыяліст гэтага аддзела Марына Бабойць.
Трэба зазначыць, што ў большасці сваёй рашэнне журы супала з сімпатыямі гледачоў. Ну а калі хто з канкурсантаў палічыў сябе незаслужана недаацэненым – то конкурс на тое і конкурс, каб у ім перамагалі мацнейшыя.
І вельмі прыемна, што сярод іх – вялікая група прадстаўнікоў Астравеччыны. Лаўрэатамі першай ступені названы танцавальны калектыў і духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў. Вялікая група лаўрэатаў другой ступені. Імі сталі Маргарыта Янульчык, вакальны дуэт “Мара” з Варнян, а таксама Аліна Вайшнаровіч, якая выступала ў жанры тэатральнага мастацтва, музыканты-духавікі Андрэй Шэміс і Аляксандр Клімашэўскі. Лаўрэатам трэцяй ступені стала Аліна Едка з Варнян. У выяўленчым мастацтве званне лаўрэата другой ступені атрымаў наш пазаштатны аўтар, таленавіты фотамастак Юрый Горыд, а лаўрэатам трэцяй ступені стаў супрацоўнік “Астравецкай праўды” Андрэй Памецька. З юных мастакоў –- выхаванцаў школы мастацтваў – дыпламантамі І ступені сталі Ілья Дзям’янчык з Астравецкай школы мастацтваў і Дарый Штура – з Варнянскай, дыпламант ІІІ ступені – Вікторыя Рудая.
Першы конкурс, які можна было б назваць нават фестывалем з-за шматлікасці і разнастайнасці відаў мастацтва, што былі там прадстаўлены, завяршыўся. Атрымаўся ён, як і першы блін у маладой гаспадыні, крыху камяком. Але – на дзіва смачным! І калі падобныя конкурсы будуць праводзіцца і надалей – а вельмі хацелася б, каб так і было – то, думаецца, арганізатары ўлічаць усе недахопы дэбюту і арганізуюць наступны на дастойным узроўні. Каб у бочцы мёду быў толькі мёд – і ніводнай лыжкі дзёгцю!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Моманты конкурсу:






Рамантычныя таленты, таленавітыя рамантыкі

У каторы раз пашкадавала аб тым, што немагчыма адразу паспець усюды. Конкурс “Рамантычная экспрэсія” абяцаў шмат цікавага. Маючы даўнюю прыхільнасць да інструментальнай музыкі, вырашыла аддаць перавагу выступленням выканаўцаў на музычных інструментах, якія дэманстравалі сваё майстэрства ў дзіцячай школе мастацтваў. Ды зноў апынулася на раздарожжы: у адной зале для праслухоўвання выступаюць піяністы, баяністы, акардэаністы і калектывы з іх удзелам, у другой – дамрысты, мандаліністы, гітарысты, цымбалісты і скрыпачы. У спісе выканаўцаў на гітары заўважаю знаёмае прозвішча: Вацлаў Вадкевіч. Наш хлопец! Выхаванец Аксаны Уладзіміраўны Сяўко. Як можна яго не паслухаць, не пажадаць маладому выканаўцу поспеху і не парадавацца за яго?


І праліўся зоркапад талентаў! Майстар-клас ігры на мандаліне далі выхаванцы дзіцячай музычнай школы г. Слуцка і здабылі шчодрыя лаўры. Сярод дамрыстаў спаборнічалі паміж сабой выхаванцы дзіцячай музычнай школы №5 Магілёва і школы мастацтваў Упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Годна выступіла і юная дамрыстка Вікторыя Бабіч з Сольскай школы мастацтваў.
Гітарыстаў было трое – Іван Кузьміцкі і Валерыя Чорная, прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, і Вацлаў Вадкевіч – студэнт Гродзенскага музычнага каледжа. Крадком паглядаю на Аксану Уладзіміраўну, яна ў складзе журы: знешне спакойная. Хваляванне па-здрадніцку выдае яркі румянец на шчоках. Яна кідае беглы пагляд на свайго вучня і схіляецца над лістком, у якім ставяцца адзнакі. Ды Вацлаў адчувае маўклівую падтрымку настаўніцы і дваіх школьных сяброў, што прыйшлі за яго пахварэць. І так іграе! Нібы не гітарныя, а струны душы гучаць… Тут вам і рамантызм, і сантыменты, і прыправа лёгкага суму. Вацлаў і гітара – не проста сябры, яны – адно цэлае.
Зрэшты, будзем справядлівыя: юныя гродзенцы Іван і Валерыя таксама цудоўна выкaналі свае конкурсныя праграмы. У выніку Іван і Вацлаў сталі сярэбранымі лаўрэатамі, Валерыя – дыпламанткай першай ступені конкурсу.
Нарэшце настаў час цымбалістаў. Тут сенсацый чакаць было не варта: большасць канкурсантаў – навучэнцы сталічнага каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, вядомага сваёй школай цымбал. І адна з іх, Ульяна Шубіна, выступіла непераўзыдзена. Гран-пры – заслужаная ўзнагарода для яе. Па-сапраўднаму пакарыла журы і слухачоў – а гэта былі ў асноўным настаўнікі па класу цымбал – сямігадовая Лізавета Сталярова з Магілёўскай школы маcтацтваў №1. Для яе, маленькай, прыйшлося пакласці дзве дадатковыя “сядушкі” на крэсла і даць спецыяльную падстаўку пад ногі – інакш бы не дастала да струн. Але што выраблялі яе спрытныя ручкі з інструментам! Ён спяваў-гаварыў, як жывы! “Калі ж гэтае дзіця навучылася так іграць?” – не схавала здзіўлення адна глядачка. Дадому Ліза паехала лаўрэатам першай ступені. Законна.
Не ведаю, ці значацца сярод яўрэйскіх народных музычных інструментаў домра і цымбалы, але народныя мелодыі ў выкананні таленавітых музыкаў гучалі на іх непараўнальна!
Скрыпічнае мастацтва было прадстаўлена скупа – вучаніцай дзіцячай школы мастацтваў імя М.-К. Агінскага горада Смаргонь адзінаццацігадовай Аляксандрай Грыгор’евай і яе равесніцай Валерыяй Падстрэлавай з Магілёва – “бронзавай” лаўрэаткай і першай дыпламанткай.
Сярод канкурсантаў-інструменталістаў пераважалі падлеткі – навучэнцы музычных школ. Для большасці з іх, найхутчэй, гэта першая сур’ёзная спроба сіл і майстэрства. Але, варта думаць, не апошняя, бо таленты і высокі патэнцыял бачны ўжо зараз. Напэўна, са мной пагодзяцца і тыя, хто прысутнічаў на творчых іспытах выканаўцаў на клавішных інструментах.
Аднак было крыху крыўдна за рабят: выступаць ім прыйшлося не на вялікай сцэне канцэртнай залы і ў прысутнасці дзесяткаў захопленых гледачоў, а ў невялікіх класах, практычна перад адным журы і сваімі настаўнікамі. Без урачыстага аб’яўлення імён і назваў выконваемых твораў. І гэта некалькі затушоўвала ўрачыстасць моманту, не дазваляла юным музыкам хоць на хвілінку адчуць сябе артыстамі. Шкада. Зрэшты, каб была гатовая глядзельная зала школы мастацтваў, усё склалася б інакш. І гледачы прыйшлі б абавязкова, найперш – вучні самой школы, каб не толькі атрымаць эстэтычную асалоду, але і павучыцца.
А ўвогуле конкурс рамантычных талентаў і таленавітых рамантыкаў – цудоўная задумка, дай Бог ёй працяг.


Таіса СЯМЁНАВА.


Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.